Сабчак — мілэдзі Крамля ці расейскі Зяленскі? Дасье ў карыкатурах

У ноч на 24 кастрычніка тэлевядучая і блогерка Ксенія Сабчак з'ехала з Расіі — праз Беларусь у Літву. Яе постаць — настолькі яркую, настолькі ж супярэчлівую — дапамогуць раскрыць карыкатуры.

zastavka_66.jpg


З'язджала Ксенія ў статусе аднаго з лідараў расійскай апазіцыі, што выглядае незвычайна з улікам яе біяграфіі. Сабе імя яна зрабіла як вядучая шэрагу шоу, кшталту скандальнага «Дома-2». Тыя праграмы праславілі яе на ўсю краіну, што знайшло адлюстраванне ў шматлікіх карыкатурах. Сабчак называлі «рускай Пэрыс Хілтан», а яе кар'ера, скандальныя сувязі і стасункі былі ў цэнтры ўвагі расійскіх таблоідаў. Ужо ў 2006-м яна пачала асцярожна цікавіцца палітыкай, абвясціўшы пра стварэнне грамадска-палітычнага праекта «Усе вольныя». Зрэшты, неўзабаве Ксенія гэтую ініцыятыву «замарозіла».

1_615.jpg

Упершыню пасля 2006 года Сабчак заявіла пра сябе ў грамадска-палітычным кантэксце падчас пратэстаў 2011-2013 гадоў. Нагадаем, іх штуршком сталі масавыя парушэнні на выбарах у Думу. У сваіх выступах на мітынгах яна заклікала ў тым ліку наладжваць дыялог з Пуціным. Удзельнікі мітынгаў асвіствалі спікерку за такія прапановы. Менавіта тады з'явілася версія, што ўдзел Сабчак у акцыях быў узгоднены з уладамі і садзейнічаў дыскрэдытацыі апазіцыі. Так ці інакш, як палітыка Сабчак пачалі ўспрымаць.

2_568.jpeg


Хутка ўдзел у пратэсных акцыях стварыў для Сабчак праблемы. Тэлеканал «MTV Расія» адмовіўся працягваць здымкі яе шоу. Неўзабаве ў кватэры, дзе яна жыла, прайшоў ператрус. Гэта вярнула ёй імідж небяспечнага для рэжыму апанента. На выбарах у Каардынацыйную раду апазіцыі Сабчак заняла чацвёртае месца ў агульнаграмадзянскім спісе, саступіўшы толькі Навальнаму, Быкаву і Каспараву. У 2014-м Ксенія прыехала ў Кіеў і падтрымала Майдан, што выклікала крытыку ў праўладных СМІ. Як прыклад, карыкатура аднаго з пуцінскіх медыяў.

3_506.jpg

Калі ў 2018-м Ксенія пайшла на прэзідэнцкія выбары, пуцінскія СМІ выяўлялі яе як агента Дзярждэпа ці групы алігархаў. Зрэшты, інфармацыйная кампанія супраць Сабчак была пабудаваная на тым, што яна вельмі далёкая ад простых расейцаў.

4_472.jpg


А вось апазіцыя асцярожна паставілася да паходу Сабчак ва ўладу, падазраючы, што гэта махінацыя піяр-каманды Пуціна. Тэматычных малюнкаў на гэты конт хапала.

5_437.jpg


Нягледзячы на ​​тое, што перспектываў на тых выбарах у Сабчак не было ніякіх, яна здолела ўвайсці ў гісторыю: падчас дэбатаў кандыдатаў абліла з графіна Уладзіміра Жырыноўскага. Гэта сцэна неўзабаве стала сюжэтам шматлікіх жартаў.

6_321.jpg

Пасля выбараў 2018-га Сабчак не так часта з'яўлялася на публіцы, што звязваюць таксама з агульным падзеннем цікавасці да жыцця багемы. У 2022-м пасля выезду з краіны Пугачовай, Галкіна і іншых вядомых дзеячаў шоу-бізнесу, яе міграцыя была прадказальнай. Свой ад'езд Ксенія тлумачыць таксама тым, што ў аператыўнікаў была на руках пастанова следчага аб яе затрыманні ў рамках справы Кірылы Суханава (камерцыйны дырэктар Сабчак).
Што чакае яе за мяжой? Цяжка сказаць, бо сама апазіцыя не ведае, як ставіцца да былой свецкай ільвіцы. Між тым некаторыя пракрамлёўскія СМІ (дакладней, іх мастакі) не выключаюць, што Сабчак зможа дамовіцца з алігархамі і паўтарыць поспех Леніна.

7_225.jpg


Што не кажы, свой галоўны козыр яна захавала — у адрозненне ад шматлікіх іншых палітыкаў-мігрантаў, Ксенія ў Расіі сапраўды пазнавальная фігура.