«У 1944 годзе Трэці рэйх паказаў рэкордны ўзровень ВУП за ўсю сваю гісторыю»
Расійскі блогер Дзмітрый Чарнышоў выказаўся пра заявы Пуціна наконт неймаверных поспехаў эканомікі РФ.
«Тэлеграм-канал «Записки у изголовья» піша: «Нядаўна прэзідэнт Пуцін заявіў, што Расія стала першай у Еўропе па аб'ёме эканомікі, абагнаўшы нават даўняга лідара — Германію! Кіраўнік дзяржавы назваў такі вынік дзіўным, бо нас «з усіх бакоў душаць, ціснуць», — напісаўДзмітрый Чарнышоў. —
Прапануем Пуціну, Хазіну і іншым «экспертам Царграда» паглядзець на гэты графік ВУП на душу насельніцтва той жа самай Германіі 80 гадоў таму. Бачыце, калі ён дасягнуў найвышэйшага паказчыка? У 1944 годзе.
У тым самым, калі нямецкі фронт адкочваўся пад тараннымі ўдарамі з Захаду і Усходу, а саюзнікі будзённа абвальвалі на гарады Германіі па 300 тон бомбаў у дзень без выхадных і святаў, цэлячыся па прамысловых прадпрыемствах і адначасна сціраючы з твару зямлі цэлыя гарады.
Як так выйшла? Вельмі проста: у ВУП аўтаматычна залічвалася ўся ваенная вытворчасць, разагнаная Шпеерам да шалёнага ўзроўню — і неадкладна спальвалася ў топцы татальнай вайны, працягваючы бессэнсоўную агонію асуджанага нацысцкага рэжыму.
Руіны Гамбурга гулі ў топцы жахлівага вогненнага шторму — а падземныя заводы ў тры змены кляпалі найноўшыя «Фау-2», кожная з якіх каштавала велізарных грошай.
Менавіта за кошт гэтага дажываў свае апошнія месяцы Трэці рэйх і паказаў рэкордны ўзровень ВУП за ўсю кароткую гісторыю свайго існавання.
Дарэчы, і ў СССР нават у самыя чорныя дні 1942 года, на піку варожай акупацыі, спад ВУП быў ледзь прыкметным — і па той жа самай прычыне.
А ўжо ў 1946-м у мірнай Германіі, якую ўжо ніхто не бамбіў, гэты паказчык абрынуўся ўтрая. Пры гэтым галодны мор там зусім не пачаўся.
Чаму? Ды таму што яе грамадзянскі ВУП скараціўся не ўтрая, а значна менш. Краіна проста скінула гіганцкую пухліну нацысцкага ВПК, які пажыраў большую частку яе рэсурсаў, але не рабіў нічога карыснага для мірнага жыцця.
Мераць дасягненні вядучай агрэсіўную вайну краіны па яе ВУП — гэта прыкладна тое ж самае, што мераць дабрабыт закончанага гераінавага наркамана па тых сумах, якія ён штодня марнуе на «хмурны» (гераін)».
Варта адзначыць, што Пуцін маніпулятыўна выказаўся пра поспехі расійскай эканомікі ў параўнанні з Германіяй. Ён меў на ўвазе агульны ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці. Пры гэтым больш слушным з’яўляецца гэты паказчык на аднаго чалавека — тады нівелюецца залежнасць ад колькасці насельніцтва ў краіне і паказваецца рэальны ўзровень яго дабрабыту.
Па сутнасці, РФ за кошт ваенпрама перагнала Германію толькі таму, што там людзей жыве амаль удвая больш. Калі ж лічыць «на душу насельніцтва», то паказчыкі ў Расіі там незайдросныя і саступаюць амаль усім краінам ЕС.