«Паміж Сцылай і Харыбдай». Ці пойдзе Літва на пагаршэнне адносінаў з беларусамі?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі на «Позірку» разважае пра «жалезную заслону», якую Літва пагражае апусціць паміж ЕС і Беларуссю, а таксама пра тое, што ад узмацнення жорсткасці ў дачыненні да беларусаў будуць пакутаваць перш за ўсё самі беларусы, а не рэжым.

Беларусам з літоўцамі наканавана жыць побач. Ілюстрацыйнае фота: lrt.lt

Беларусам з літоўцамі наканавана жыць побач. Ілюстрацыйнае фота: lrt.lt

«Жалезная заслона» паміж Захадам і Усходам ужо апусцілася, і, верагодна, надоўга. Так прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пракаментаваў планы закрыць яшчэ два кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю. І гэта можна лічыць ускосным адказам беларускай дэмакратычнай лідарцы Святлане Ціханоўскай, якая напярэдадні заклікала літоўскі бок не будаваць «жалезную заслону».

Ціханоўская, у сваю чаргу, адрэагавала такім чынам на заяву міністаркі ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Тая 6 лютага сказала, што закрыццё памежных пунктаў «Лаварышкес» («Катлоўка» на беларускім баку) і «Райгардас» («Прывалка») дазволіць лепш выконваць міжнародныя санкцыі, кантраляваць кантрабанду і правяраць прыбываючых асоб. А скарачэнне міжнародных аўтобусных перавозак зменшыць, маўляў, пагрозы нацыянальнай бяспецы Літвы.

Летась гэтая краіна ўжо закрыла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумскас» і «Твярачус» (з беларускага боку — адпаведна «Лоша» і «Відзы»). Калі закрыюцца яшчэ два (а гэта можа адбыцца ўжо 1 сакавіка), то трапіць у Літву беларусам, якія і так пакутуюць у чэргах на мяжы, стане яшчэ цяжэй.

Галасы прыхільнікаў жорсткай лініі мацнеюць

Колькасць беларусаў у Літве павялічылася ўтрая за тры гады, на 1 верасня 2023 года іх налічылі там больш за 60 тысяч. І можна зразумець, чаму ў гэтай невялікай краіне ўзмацняюцца галасы тых палітыкаў, чыноўнікаў, сілавікоў, якія бачаць у наплыве беларусаў пагрозу нацыянальнай бяспецы. Адзін з галоўных аргументаў — што гэта, маўляў, дае спецслужбам Аляксандра Лукашэнкі шырокія магчымасці «варочаць у нашым доме».

Сярод прыхільнікаў жорсткай лініі — сам Наўседа. Яшчэ летась ён спрабаваў дамагчыся ад Сейма аднолькава суровых абмежавальных захадаў супраць беларусаў і расійцаў, але тады парламентарыі пераадолелі прэзідэнцкае вета. Беларусаў абмежаванні таксама закранулі, аднак у меншай ступені. Але пытанне не знятае з парадку дня. У лістападзе за ўніфікацыю абмежавальных мер для грамадзян Расіі і Беларусі выступіла і Білатайце.


Глядзіце таксама

Летась шэраг літоўскіх спікераў узнялі таксама тэму «літвінізму»: нібыта беларусы, якія вызнаюць гэтую канцэпцыю, хочуць прысвоіць сабе гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Ажыятаж вакол гэтай тэмы, якая да таго варушылася хіба што ў маргінальных пабліках, здаецца, таксама не дадаў даверу да беларусаў. Хоць Ціханоўская пераконвала, што гэта штучна створаная праблема, мэта якой — нацкаваць народы дзвюх краін. І нават Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы пасля вывучэння пытання канстатаваў, што «літвінізм» не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту краіны.

Не ўсе літоўскія палітыкі выступаюць за жорсткую лінію. Напрыклад, супраць уніфікацыі санкцый у дачыненні да расійцаў і беларусаў не раз выказвалася спікерка Сейма Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

У Вільні асцерагаюцца агентаў Лукашэнкі

Пры гэтым, вядома, небяспеку нельга адмаўляць. У лістападзе мінулага года Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы паведаміў, што за год пасля ўвядзення спецыяльнай анкеты прыняў 1644 рашэнні аб пагрозе дзяржаўнай бяспекі з боку грамадзян Беларусі. Нядаўна нашумела гісторыя пра тое, як былы беларускі сілавік Аляксандр Маціевіч, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях, даволі доўга шчасна знаходзіўся ў Літве, маючы від на жыхарства (пасля выкрыцця ён з жонкай тэрмінова вярнуўся ў Беларусь).

З гэтай нагоды віцэ-спікер літоўскага Сейма Паўлюс Саўдаргас сказаў, што некантралюемы ўезд беларусаў у краіну можа стаць пагрозай нацбяспецы: «Беларуссю кіруе дыктатар, гэта дзяржава, нафаршаваная спецслужбамі, там для гэтага задзейнічана шмат магутнасцей — каб расцягнуць сетку беларускіх агентаў у Літве».

На пачатку студзеня дарадца прэзідэнта краіны Фрэдэрыкас Янсанас выказаў асцярогу, што, масава пускаючы да сябе беларусаў, «мы патэнцыйна ствараем пятую калону».

Увогуле, насцярожанасць літоўцаў, мяркуючы па ўсім, узмацняецца. Адпаведна, расце імавернасць, што мяжу для беларусаў і зусім ператвораць у вушка. А тым, хто ўжо асталяваўся ў Літве, стане складаней пераадольваць бюракратычныя перашкоды для легалізацыі. Прытым што для многіх беларускіх апазіцыйных палітыкаў і шараговых грамадзян, якія выходзілі на пратэсты ў 2020-м, вярнуцца на радзіму азначае надоўга загрымець у турму.


Глядзіце таксама

Ціханоўская пагаджаецца з тым, што «сярод тых, хто прыязджае, могуць быць і памагатыя рэжыму». І прапануе: «Давайце іх выяўляць». Адзначым, што звесткі пра Маціевіча ў дзяржорганы Літвы перадала ініцыятыва вымушаных эміграваць былых беларускіх сілавікоў «BelPol».

Ці не рана аддаваць Беларусь Крамлю?

Такім чынам, беларусы аказваюцца паміж молатам і кавадлам. Бо для адных літоўская віза — акенца ў Еўропу, магчымасць хоць на час вырвацца з дыктатуры, для іншых Літва стала месцам вымушанай палітычнай эміграцыі, для трэціх — варыянтам нармальна зарабіць. Цяпер гэтыя магчымасці могуць быць моцна зрэзаныя.

Адзначым, што Вільня заўсёды падтрымлівала і працягвае падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы. Там знаходзіцца Офіс Ціханоўскай, дзейнічаюць іншыя апазіцыйныя структуры, рэдакцыі шэрагу СМІ, на якія мінскі рэжым навесіў «экстрэмісцкі» цэтлік.

Пасля падзей 2020 года ў Літву пераехала шмат беларускіх айцішнікаў, іх фірмы заўважна папаўняюць падаткамі тамтэйшы бюджэт. Зрэшты, там працуе таксама шмат дальнабойшчыкаў, будаўнікоў з Беларусі — вельмі ж прывабныя заробкі. Літве таксама выгадны прыток працоўных рук і мазгоў.

Але цяпер усё вышэй верагоднасць, што ў Вільні возьме верх больш суровы падыход да беларусаў. І можна зразумець страхі невялікай нацыі, у якой горкі досвед узаемаадносін з імперыяй. Сёння многія ў Літве лічаць, што Беларусь — ужо частка гэтай імперыі. Так адкрытым тэкстам гаворыць і той жа Наўседа.

Напрыклад, у ліпені мінулага года, перад самітам NATO ў Вільні, літоўскі прэзідэнт назваў Беларусь «адной з губерняў Расіі», сказаў, што яна «праглынутая» Расійскай Федэрацыяй і таму становіцца «дадатковым фактарам у пытанні рэгіянальнай бяспекі».

Вось і цяпер Наўседа тлумачыць намер закрыць яшчэ два пераходы на мяжы з Беларуссю перш за ўсё расійскай пагрозай, нагадвае пра «зверствы, якія Расія прадэманстравала ў Бучы». У гэтай абмалёўцы розніца паміж Беларуссю і РФ не праглядаецца, больш за тое — Беларусь як бы апрыёры аддадзеная Крамлю.

У сувязі з гэтым, дарэчы, узнікае пытанне да тых беларускіх апазіцыянераў, якія наўпрост з нейкай асалодай паўтараюць на ўсіх кутах, што іх краіна акупаваная Расіяй. А ці не запэўніваеце вы такім чынам заходніх палітыкаў у думцы, што Беларусь — усё, яе дэ-факта няма і таму няма сэнсу за яе змагацца?


Глядзіце таксама

Нядобра дзеля «чырвонага слоўца» удараць у спрошчаныя схемы. Так, пасля 2020 года залежнасць афіцыйнага Мінска ад Крамля вельмі ўзмацнілася. Але, па-першае, кіраўнік Беларусі захоўвае досыць вялікую самастойнасць як мінімум ва ўнутранай палітыцы. Па-другое, і гэта галоўнае, ёсць яшчэ і народ.

Сацыялогія паказвае, што ўваходзіць у склад Расіі амаль ніхто не хоча, гэтая ідэя непапулярная нават сярод электарату Лукашэнкі. Значная ж частка беларусаў хоча жыць у свабоднай, дэмакратычнай краіне. І гэтыя людзі не зламаныя.

Вінаваты рэжым, пакутуюць яго праціўнікі

Відавочна, што адказнасць за пагаршэнне адносінаў з Вільняй нясе рэжым Лукашэнкі. Ён прымусова пасадзіў пасажырскі самалёт, які ляцеў у літоўскую сталіцу, зладзіў міграцыйны крызіс, стаў саўдзельнікам расійскай агрэсіі, размясціў у сваёй краіне ядзерную зброю РФ, палохаў «Вагнерам».

І зразумела, што ўсё гэта моцна напружыла літоўцаў. Звычайныя грамадзяне, натуральным чынам, думаюць перш за ўсё пра сваю бяспеку. Паводле апытання грамадскай думкі, праведзенага «Baltijos tyrimai» мінулай восенню, шэсць з дзесяці літоўцаў лічаць, што ўмовы ўезду беларускіх грамадзян у іх краіну павінны быць больш жорсткімі.

Дадамо інтарэсы сілавікоў, якім прасцей зрабіць фільтр больш жорсткім, чым разбірацца, дзе дрэнны беларус, а дзе добры. Плюс электаральны фактар. У гэтым годзе ў Літве пройдуць выбары прэзідэнта, дэпутатаў Сейма і Еўрапарламента. І некаторыя тамтэйшыя палітыкі, падобна, не супраць пагуляць на тэме абароны краіны ад знешніх пагроз, у тым ліку з боку Беларусі.

Але пакутуюць ад абмежавальных мер, прычым, магчыма, у найбольшай ступені, якраз тыя беларусы, якія супраць пануючага ў іх краіне рэжыму.

Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл робяць многае, каб развеяць празмерныя, на іх погляд, асцярогі Вільні. Ціханоўская, у прыватнасці, адзначае: «Мы разумеем асцярогі службаў бяспекі Літвы, але закрыццё памежных пераходаў для пасажыраў — гэта лячэнне сімптомаў, а не ўхіленне прычын праблемы. < ... > Ізаляваць трэба Лукашэнку і яго рэжым, а не беларусаў».


Глядзіце таксама

Валерый Кавалеўскі, намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, падкрэсліў, што «жалезная заслона» на заходніх межах Беларусі супярэчыць імкненню Еўрасаюза бачыць яе часткай мірнай Еўропы.

Наколькі прыслухаюцца да гэтых довадаў літоўскія палітыкі? Ці змогуць яны прайсці паміж Сцылай і Харыбдай у беларускім пытанні?

Быццам бы прасцей паставіць глухую «жалезную заслону» — і справа з канцом. Аднак ці будзе дальнабачным такое рашэнне? Рэжым Лукашэнкі не вечны, а беларусам з літоўцамі наканавана заўсёды жыць побач.