«Самае неацэннае ў эміграцыі — гэта разуменне»

Беларуская пісьменніца Ганна Златкоўская напісала калонку для літоўскага партала «Delfi» пра свае тры гады жыцця ў эміграцыі і самыя балючыя моманты.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Вымушана аказаўшыся бежанкай у іншай краіне, хутка робіш галоўную выснову, што самае неацэннае ў новым для цябе жыцці. Гэта разуменне. Адчуваючы сябе чужаніцай, якая не валодае літоўскай мовай, не разумеючы нейкіх глыбінных праблем краіны, не кажучы ўжо пра бытавыя рэчы, просіш толькі пра адно — каб жыхары гэтай новай краіны не глядзелі на цябе коса, не лічылі ворагам, прымалі як чалавека, які і не меркаваў, што жыццё зменіцца ўсяго за дванаццаць гадзін. Яшчэ ўчора ты плануеш вечарыну з сябрамі ў сябе дома, а ўжо праз дзень сядзіш з сынам у нумары гатэля ў цэнтры Вільні ў стане шоку. Адзіная думка, якая ратуе ад дэпрэсіі — «гэта ненадоўга, ты хутка вернешся дадому»…

І вось прайшло тры гады, як я жыву ў адным з самых прыўкрасных гарадоў, з велізарнай удзячнасцю да краіны, якая прыняла мяне і маю сям'ю. Адзінае, што часам засмучае — гэта ўсё яшчэ некаторае неразуменне мясцовымі жыхарамі, чаму я тут і чаму не хачу адчуваць сябе лішнім чалавекам.

Раскажу пра тое, з чым даводзілася сутыкацца мне і маім сябрам.

Лепш наогул не гаварыць, чым так гаварыць

Ці вучу я літоўскую? Натуральна. Ці цяжка вучыць літоўскую мову? Як і ўсе замежныя мовы — у кожнай свае асаблівасці. Зараз у літоўскай мне цяжэй за ўсё даецца вымаўленне і правільныя канчаткі ў словах пры скланенні. Але кожны, хто вучыць іншую мову, ведае найважнейшае правіла: каб хутчэй загаварыць, трэба гаварыць. Хай з памылкамі, хай заікаючыся (ад страху за гэтыя памылкі, я б дадала), але старацца насуперак! Мы (я і мой муж) так і робім: гаворым на літоўскай хаця б найпростыя фразы.


Глядзіце таксама

Многія, калі чуюць акцэнт і памылкі, прапануюць перайсці на рускую. Тады мы звычайна дадаём, што aš mokausi lietuvių kalbos ir norėčiau truputį kalbeti.

У адказ часцяком усміхаюцца і дзякуюць за ўвагу да роднай мовы.

Але некалькі разоў здараліся і непрыемныя сітуацыі. Прычым чамусьці гэтыя людзі даслоўна сказалі адну і тую ж фразу: «Чым так гаварыць на літоўскай, лепш наогул не гаварыць». І ўсё гэта са смехам і фанабэрыстасцю. Ведаеце, гэта праўда крыўдзіць і хвалюе, а яшчэ ў фанабэрыі няма ніякага сэнсу. Наўрад ці ёсць на свеце людзі (акрамя дзяцей-білінгваў), якія з першага дня вывучылі замежную ідэальна на ўзроўні носьбіта мовы.

Таму, калі ласка, будзьце больш паблажлівымі да нашых памылак, вымаўлення, часта няправільна падабраных слоў. Мы стараемся, і нам падабаецца размаўляць на літоўскай, і ўсё што трэба — гэта толькі ваша падтрымка, а не высмейванне.

Зняць кватэру — жорсткі квэст

За тры гады мы змянілі чатыры кватэры. Прычыны розныя: то маленькая для траіх чалавек, то нас папрасілі з'ехаць, бо гаспадар вырашыў пераехаць у сваю кватэру, то занадта дарагая «камуналка». Кожны раз пошук патрэбнага жылля ператвараўся ў той яшчэ квэст. Я звычайна жартую, што патрабуецца прайсці тры ўзроўні, перш чым дасягнуць шчаслівага фіналу.

Першы, не самы складаны: мы з Беларусі. Адмоў не так шмат, але здараліся. Неяк запатрабавалі патройны дэпазіт. Часта ўдакладнялі, ці не айцішнікі (чамусьці іх вельмі любяць).

Другі ўзровень ужо паскладаней: у нас ёсць сын. На шпалерах не малюе, дадавалі, амаль падлетак. У мінулым годзе мы разглядалі больш двухпакаёвыя кватэры (яны таннейшыя, а вы ведаеце, што зняць жыллё — нятаннае задавальненне), дык вось атрымалі 99% адмоў. Толькі адна жанчына пагадзілася, але адмовіліся мы: лагістыка ад дому да школы і працы выходзіла нязручная, ды і яна запатрабавала наведваць нас тры-чатыры разы на месяц, вельмі перажывала за дарагую мэблю, мабыць.

Трэці ўзровень самы цяжкапераадольны: у нас ёсць котка. Адмовы, адмовы, адмовы. Нават словы пра рэкамендацыі ад папярэдніх гаспадароў не дзейнічалі.


Глядзіце таксама

Шчыра кажучы, памятаю, як ледзь не расплакалася. У мяне пытанне: вы праўда лічыце нармальнымі людзей, якія бягуць з роднай краіны ад рэпрэсій і кідаюць сваіх жывёл? Я вось лічу, што чалавек, які не кідае хатніх гадаванцаў, заслугоўвае большага даверу, чым той, хто кідае.

Я разумею, што не хочацца псаваць дарагі рамонт, што шкада, напэўна, канапу, але навошта тады ўсе гэтыя падвойныя дэпазіты? Ды і любы рамонт праз пару гадоў усё роўна выглядае нясвежым, мэбля састарваецца, увогуле, амартызацыя жылля — гэта натуральны працэс.

Не ведаю, магчыма, мясцовыя жыхары таксама сустракаюць такое стаўленне. Але калі гляджу на тое, колькі літоўцаў гуляе з сабакамі, якое кранальнае стаўленне да котак (мы самі сутыкнуліся з дапамогай суседзяў, калі наша Сара звалілася з балкона і запаўзла пад тэрасу), мне здаецца, што гэты недавер менавіта з-за іншага грамадзянства.

Вельмі спадзяюся, што разумення стане больш. Урэшце, для абароны правоў ёсць дамовы, а ў Літве ўсё-ткі законы нешта значаць.

Тут павінна быць падзяка тым людзям, якія нас насуперак гэтай сумнай статыстыцы ўсё-ткі прымалі — дзякуй вам.

Чаго вы сюды прыехалі, едзьце назад

Адзін з самых балючых момантаў. «У вас жа так добра, чаго вы сюды прыехалі?!» — я чула вельмі часта. Мужу неяк у паліклініцы лекарка сказала: «Чаго прыехаў, вас там не б'юць, я бачыла па тэлевізары».

Майму мужу пашанцавала, яго ні разу не затрымлівалі, ён не быў на Акрэсціна, паспеў уцячы ў Літву да таго, як па яго прыйшлі з-за ўдзелу ў маршах, рэпостаў артыкулаў або лайкаў пад прызнанымі ў будучыні «экстрэмісцкімі» матэрыяламі або сродкамі масавай інфармацыі. Але я магу ўявіць, што адчуе чалавек, які пабываў на Акрэсціна або ў калоніі па палітычным артыкуле, пачуўшы такія словы. Той, каго пры затрыманні збілі, потым змяшчалі ў ШІЗА, той, каму пагражалі згвалтаваннем дубінкай. І гэта можа быць як мужчына, так і жанчына. Для беларускіх сілавікоў гендар не мае значэння. Насцю Кухараву збілі ў кабінеце ГУБАЗ, Вітольд Ашурак так і не выйшаў з турмы, загінуў, мяркуючы з усяго, праз бясконцыя здзекі.


Глядзіце таксама

Ці можа ўявіць сабе еўрапеец, што яго адправяць у калонію ўсяго толькі з-за рэпосту артыкула або рэакцыі пад ім? А што могуць затрымаць усю сям'ю, а дзіця адправіць у прытулак, як гэта здарылася з мастачкай Наталляй Карнеевай? Такіх гісторый тысячы ў Беларусі, і яны дагэтуль працягваюцца. Менавіта таму мы бяжым у іншыя краіны, не хочам апынуцца ў турмах, не хочам, каб нашы дзеці раслі ў прытулках, кожны дзень пытаючыся ў выхавальнікаў, калі мама ці тата іх забяруць.

Вельмі горка чуць, як нас адпраўляюць назад у турмы, калі  ў Беларусі ўсё добра, бо па тэлевізары так сказалі.

Маёй сяброўцы ў жаночай кансультацыі лекарка раздражнёна вымавіла, што, цытую: «Вы ж не ад вайны ўцякаеце, а ад Лукашэнкі, чаму Літва павінна за вас плаціць?» Муж сяброўкі правёў паўгода на Акрэсціна і Валадарцы. Яна з двума дзецьмі паспела ўцячы пасля яго затрымання, бо таксама гуляла па цэнтры горада, пратэстуючы супраць гвалту і беззаконня. Так, гэта не вайна, ракеты не падаюць на дамы, але хіба чалавек не мае права на свабоду і павагу? Чаму бегчы ад рэпрэсій — ганебна?

Ведаеце, ніхто з нас, як я пісала напачатку, не меркаваў, што жыццё зробіць рэзкі паварот. Пакінуць свой дом, бегчы, зноўку выбудоўваць побыт і сацыяльныя сувязі, шукаць працу і сябе ў новым свеце — гэта ўсё няпроста, паверце. Кожны раз адбівацца і даказваць, што дома дрэнна і страшна, што супраць вайны ва Украіне, што радуешся, як дзіця, магчымасці жыць у нармальнай краіне, дзе за бчб-сцяг цябе не кінуць на суткі ці гады ў СІЗА і турму. Мы не пагроза, не ворагі, проста людзі, якія выйшлі супраць узурпатара з наіўнай надзеяй, што праўда заўсёды перамагае.

Наша самая вялікая мара — убачыць, як памрэ рэжым. Як выйдуць на волю ўсе палітвязні, а мы зможам нарэшце прыехаць у Беларусь без страху быць затрыманымі. Але пакуль мы тут, калі ласка, проста зразумейце хоць трохі ўсю трывогу беларуса і беларускі, якія вымушана ўцяклі ад бяды.