Пазбавіць людзей сродкаў для існавання. Ці гэтага дабіваецца рэжым

У Беларусі пачалі затрымліваць людзей за ежу. З якой мэтай гэта робіцца? Ці можна назваць тое, што адбываецца, банальнай помстай?

Больш за 1,5 млн долараў ахвяравалі беларусы на «кошыкі салідарнасці». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Больш за 1,5 млн долараў ахвяравалі беларусы на «кошыкі салідарнасці». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Яшчэ ў жніўні 2020 года, падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі з'явілася сацыяльная ініцыятыва «INeedHelpBY», якая дапамагала прадуктамі харчавання пацярпелым ад рэпрэсій. З тых часоў, мяркуючы па справаздачах ініцыятывы, неабыякавыя беларусы закупілі для жыхароў розных гарадоў і вёсак краіны звыш 19 тысяч прадуктовых кошыкаў на агульную суму амаль $1,7 млн. 16 студзеня 2024 года КДБ Беларусі прызнаў ініцыятыву «экстрэмісцкім фарміраваннем», а яе тэлеграм-бот — «экстрэмісцкім матэрыялам». Адразу пасля гэтага ў Беларусі прайшла хваля затрыманняў і ператрусаў у тых, хто атрымліваў прадуктовую дапамогу. Гэта значыць пераследуюць цяпер не толькі тых, хто данаціў «экстрэмісцкім фарміраванням», але і саміх атрымальнікаў дапамогі.

Чаму некаторым людзям у Беларусі не хапае грошай на ежу і наколькі былі важныя для іх гэтыя прадуктовыя данаты? «Настоящее время» паразмаўляла з пацярпелымі ад новай хвалі пераследаў. Імёны герояў зменены з меркаванняў бяспекі.

«Уварваліся дадому, напалохалі дзяцей, правялі ператрус»

Наталля — шматдзетная маці з невялікага беларускага горада. Пасля ўдзелу ў пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў сядзела на «сутках» і была звольнена з прадпрыемства, як і многія яе калегі. З тых часоў яна змяніла некалькі месцаў працы, таму што знайсці яе з «пратэсным мінулым» у правінцыі складана. Каб пракарміць дзяцей, Наталля звярталася ў «INeedHelpBY» некалькі разоў. Праз ініцыятыву можна было замовіць ежу на два тыдні. Прадукты аплачвалі неабыякавыя беларусы, якія жывуць як унутры краіны, так і за мяжой. А дастаўляліся яны праз сэрвіс «Е-дастаўка» сеткі крам «Еўраопт» і «Гіпа». Атрыманне прадуктовых даставак праз анлайн-сэрвісы, нават калі аплата была з замежных картак, не з'яўляецца правапарушэннем. Але ў 20-х чыслах студзеня 2024 года да Наталлі прыйшлі сілавікі.

«Раніцай уварваліся людзі ў поўным узбраенні, напалохалі дзяцей, правялі ператрус, забралі тэлефон, нічога не патлумачыўшы — па якой справе, у чым абвінавачваецца, — расказвае сваячка Наталлі Алена, якая ўжо пакінула Беларусь. — А праз некалькі дзён яна атрымала позву з'явіцца ў міліцыю для разгляду адміністрацыйнай справы. Тут яна даведалася, што гэта неяк звязана з «INeedHelpBY». Адбыўся суд, ёй прысудзілі штраф».

Паводле якога менавіта адміністрацыйнага артыкула пакаралі Наталлю, родныя за мяжой пакуль не ведаюць: многія людзі ў Беларусі запалоханы рэпрэсіямі, якія доўжацца больш за тры гады, і баяцца дзяліцца падрабязнасцямі нават са сваякамі ў прыватных размовах.


Глядзіце таксама

Калі чалавек аказваецца ў складанай матэрыяльнай сітуацыі, у Беларусі можна атрымаць ад дзяржавы адрасную сацыяльную дапамогу. Для гэтага склікаецца спецыяльная камісія, якая разглядае зварот. Аднак да тых, хто ўдзельнічаў у мітынгах 2020 года, чальцы камісіі не могуць ставіцца з прыхільнасцю, кажа суразмоўца «Настоящего времени».

«На гэтай камісіі цябе могуць дзяўбці і зневажаць: "Што ж вы хадзілі па мітынгах? Лепш бы пра дзяцей думалі". Атрымаеш ты дапамогу ці не — невядома, — удакладняе Алена. — Таму многія і звярталіся ў незалежныя праекты салідарнасці».

«Мы адбываем пакаранне разам з роднымі: вечны стрэс, недахоп часу, грошай»

Сярод тых, каго абшуквалі і затрымлівалі падчас студзеньскіх рэйдаў, былі і сваякі асуджаных палітвязняў. Калі яны пазбавяцца магчымасці прымаць іншую дапамогу, гэта ўскладніць жыццё многім сем'ям: на падтрымку асуджаных у калоніі сыходзяць сотні і нават тысячы долараў.

«Пераводы, пасылкі, лісты, медыцынскія бандэролі, паездкі на спатканні. Мы адбываем пакаранне разам з роднымі: вечны стрэс, недахоп часу, грошай. Усё адыходзіць на другі план. Галоўнае — дапамагчы родным, якія не дома. Але пры гэтым дома дзеці, чыя маці сядзіць, іх таксама трэба ўтрымліваць. Таму дапамога іншых людзей неабходная і неацэнная», — кажа Марына, маці асуджанай палітзняволенай.

Марына ўдакладняе, што ў калонію ў год можна адпраўляць чатыры пасылкі (перадачы) па 50 кілаграмаў, з восені па вясну дазволены яшчэ 10 кілаграмаў «вітаміннай перадачкі», таксама можна перадаць адну рэчавую перадачу (50 кілаграмаў) і два дробныя пакеты (да двух кілаграмаў).

«Родныя хочуць перадаць усё неабходнае і якаснае тым, хто ў няволі. Таму кошт пасылкі можа даходзіць да $500. А ёсць людзі, у якіх і пяці рублёў на дзень нараджэння асуджанага сваяка няма», — кажа Марына.

Аналітык Сяргей Чалы назваў тое, што адбываецца, «спробай пазбавіць людзей сродкаў для існавання», адрэзаць усе шляхі атрымання дапамогі.

Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка лічыць гэта помстай за салідарнасць: «Гэта неадэкватная рэакцыя на правамерную дзейнасць грамадскіх структур, але ўлада ўжо нават не спрабуе гэта хаваць. Дабрачынная дапамога людзям у цяжкай сітуацыі па вызначэнні не можа несці небяспекі для канстытуцыйнага ладу і функцыянавання дзяржавы, калі толькі гэта не таталітарны рэжым, які страціў падтрымку народа, узурпіраваў уладу і існуе толькі за кошт рэпрэсій».

Пасля прызнання праекта «INeedHelpBY» «экстрэмісцкім фарміраваннем» атрыманне ад яго дапамогі, мяркуюць юрысты, можа быць кваліфікавана як адміністрацыйнае правапарушэнне ці нават крымінальнае злачынства — у Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкулы 361-1 («Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні») і 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). У першую чаргу ў зону рызыкі па гэтых артыкулах трапляюць тыя, хто мог дапамагаць фінансаваць «экстрэмісцкі» праект. Улады пагражаюць беларусам рэпрэсіямі за данат нават на вуліцах: на мінскай кальцавой дарозе чытачы «Радыё Свабода» сфатаграфавалі білборды з тэкстам «Любіш данаціць — любі адказваць», дзе салідарным беларусам паведамляюць, што за гэта яны атрымаюць ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.


Глядзіце таксама

Паводле звестак праваабаронцаў, падчас новай хвалі затрыманняў і ператрусаў у студзені 2024 года, звязаных з перадачамі, трапілі пад пераслед не менш за 200 чалавек. Частку з іх затрымалі за «фінансаванне» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях», у некаторых правялі ператрус і адпусцілі, частку пакаралі штрафам, некаторыя людзі не выйшлі на волю. Падчас рэйду па сваяках палітвязняў сілавікі пыталіся, хто ім дапамагае збіраць перадачы, ці ёсць у іх дадаткі замежных банкаў. Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат з «Е-дастаўкі». Магчыма, гэтыя спісы сілавікі атрымалі ад «Еўраопта»: прадстаўнік «INeedHelpBY» сцвярджае, што ў іх уцечак звестак не было.

Дынаміка рэпрэсій у Беларусі: у сярэднім 117 «экстрэмістаў» на месяц

Прызнанне асобных людзей «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі», ініцыятыў салідарнасці — «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а незалежных выданняў і блогаў — «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Так сацыёлагі апісваюць рэпрэсіі, якія працягваюцца чацвёрты год і накіраваны на запалохванне жыхароў Беларусі. Так, у 2023 годзе ў сярэднім кожны месяц «тэрарыстамі» прызнавалі 14 чалавек, «экстрэмістамі» — 117, «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» — 5-6 арганізацый, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — больш за 70, прычым туды трапілі не толькі сацыяльныя сеткі актывістаў-інфлюенсераў і незалежных СМІ, але і, напрыклад, кнігі беларускіх класікаў мінулых стагоддзяў.


Глядзіце таксама

Па палітычных матывах у 2023 годзе ў Беларусі штомесяц:

  • затрымлівалі мінімум 342 чалавекі,
  • асуджалі па «пратэсных» крымінальных артыкулах звыш 130 чалавек,
  • каралі штрафамі і арыштамі на «суткі» 374 чалавек,
  • праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі 55 чалавек.