Генадзь Коршунаў: Рэжым спрабуе нас раз'яднаць. Значыць, трэба рабіць наадварот
Аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў разважае над тым, што азначае новая хваля хапуноў, праведзеная сілавікамі Лукашэнкі.
«Хапун» — адно з тых слоў, якія любому беларусу не трэба тлумачыць. Яно ў шэрагу такіх мемаў (культурных адзінак), як «Дзяды», «ссабойка» і «ганяць ва ўсю моц!». Праўда, у часы дэфіцытаў 80-х і 90-х гадоў гэтае слова хутчэй апісвала сітуацыю, калі людзі змяталі ўсё з паліц крам; падчас крызісаў новага тысячагоддзя — масавую куплю валюты, каб «зайчыкі» не паспелі абясцэніцца; а цяпер з «хапуном» працуе толькі адна моцная асацыяцыя — масавыя ператрусы і арышты беларусаў сілавікамі рэжыму.
Напрыканцы мінулага месяца «Цэнтр новых ідэй» правёў невялікі аналіз таго, як разгортваліся і мяняліся хапуны за апошнія некалькі гадоў. У артыкуле адзначалася, што ўлады выкарыстоўваюць тактыку хапуноў перш за ўсё для запалохвання насельніцтва перад наступным выбарчым цыклам. Меркавалася гэта ў сувязі з тым, што тыя хапуны не мелі наступстваў у выглядзе арыштаў і былі накіраваныя супраць, умоўна кажучы, электаральных праціўнікаў. Нагадаем, самыя буйныя арышты ў канцы года адбыліся ў дачыненні да Каардынацыйнай рады і былых назіральнікаў на выбарах.
Раніцай 23 студзеня інфармацыя пра новую хвалю хапуноў узарвала беларускія СМІ. Цяпер сілавікі ў асобе супрацоўнікаў КДБ пачалі хапаць сваякоў палітвязняў і саміх экс-палітвязняў. Паводле розных ацэнак,ад хапуноў пацярпелі як мінімум 160 чалавек (і гэта не канчатковыя лічбы). Варта адзначыць, што рэйд меў «комплексны» характар: дзесьці прайшлі толькі ператрусы, а кагосьці сапраўды затрымлівалі. Сярод апошніх — 74-гадовы Барыс Хамайда, хворы на рак Аляксей Раманаў і Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча.
Падобна на тое, цяперашні хапун адрозніваецца ад папярэдніх. Цяпер, нягледзячы на захаванне агульнага акцэнту на запалохванне, суправаджальны кампанент змяніўся. Замест або ў дадатак да перадвыбарчай арыентацыі высунулася ідэя пакарання за салідарнасць. На думку медыя і праваабаронцаў, афіцыйнай прычынай затрымання, імаверна, стала сувязь людзей з ініцыятывай «IneedHelpBY», якую тыдзень таму ўлады прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Як вядома, «IneedHelpBY» дапамагае тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій і знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, з дапамогай пакупкі і перадачы прадуктаў. Відавочна, у лік такіх людзей уваходзяць сем'і палітвязняў. Да іх сілавікі і прыйшлі, выстаўляючы артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях».
Здаровым сэнсам не зразумець, як падобныя артыкулы адносяцца да такіх сем'яў, але калі гэта перашкаджала беларускаму рэжыму? Тут няма здаровага сэнсу. Тут трэба закрануць палітвязняў, трэба здушыць сем'і пратэстоўцаў, трэба не толькі запалохаць грамадства і здушыць любыя думкі пра супраціў рэжыму, але больш — даказаць, што і за аказанне дапамогі (данаты ў фонды) і за яе атрыманне (ад фондаў сем'ям палітвязняў) будзе пакаранне. Узаемная салідарнасць, якая зарадзілася ў 2020 годзе, дагэтуль турбуе рэжым. Беларусы не павінны дапамагаць і падтрымліваць адно аднаго. Яны павінны толькі падпарадкоўвацца, баяцца і не давяраць адно аднаму.
Тут важныя яшчэ два такія нюансы.
Па-першае, хоць праект «IneedHelpBY» афіцыйна атрымаў статус «экстрэмісцкага фарміравання» яшчэ 16 студзеня, інфармацыя пра гэта была апублікаваная толькі 23-га чысла — непасрэдна ў дзень хапуноў па гэтай справе. З аднаго боку, сілавікі рабілі выгляд, што «працуюць па законе»; з другога боку, яны разлічылі так, каб людзі не паспелі як-небудзь падрыхтавацца і нават проста ўсвядоміць магчымасць пагрозы з таго боку.
Дарэчы, таксама прыкладна тыднёвы лаг быў паміж заявамі Каардынацыйнай рады аб альтэрнатыўных выбарах і пачаткам хапуна па іх справе.
Другі момант — сілавікі пачалі з правакацыі. За дзень да хапуна адбылася маштабная атака на лічбавыя рэсурсы розных структур дэмакратычных сіл. Сярод іх аказаліся рэсурсы «Байсол», пра што «Байсол» паведаміў СМІ, адзначыўшы, што яны спраўляюцца з атакай без страт даных. У дзень затрымання сілавікі спрабавалі запэўніць, што маюць доступ да баз даных «Байсол» (арганізатары гэта зняпраўдзілі). Але гэта ў сеціве, а на месцах сілавікі, не хаваючы, паведамлялі, што прыйшлі да людзей, вылічыўшы іх сувязі з «IneedHelpBY» праз «Е-дастаўку» (сэрвіс «Еўраопта»).
Сілавікі пашыраюць арсенал правакацый, як ствараючы іх самастойна, так і інтэрпрэтуючы на сваю карысць розныя падставы.
Што з усяго гэтага вынікае:
- што заўгодна, абсалютна што заўгодна і калі заўгодна можа стаць асновай для чарговага захопу — гэта рэальнасць, да якой трэба быць гатовымі;
- правакацыі з боку рэжыму былі, ёсць і будуць — па сутнасці, рэжым вядзе пастаянную і адкрытую вайну з грамадствам (прынамсі, з яго прадэмакратычнай часткай);
- адной з галоўных мэт дзяржаўнага тэрору з'яўляецца раз'яднанне грамадства і атамізацыя людзей.
Значыць, трэба рабіць наадварот.