Страшная мясарубка рэпрэсій
Як бы там ні казалі, рэжым не адчувае сябе ўпэўнена. Адсюль і няспыннасць тэрору, з дапамогай якога рыхтуюць глебу да прэзідэнцкіх выбараў.
Следчы камітэт раскручвае «справу аналітыкаў Ціханоўскай». На днях сілавікі правялі масавую аблаву на былых палітвязняў і іх сваякоў. Рэпрэсіі распаўзаюцца на новыя групы грамадзян. Сваякоў палітычных вязняў, наколькі можна зразумець, трэслі, у прыватнасці, за падазрэнне ў атрыманні прадуктовай дапамогі. Гэта значыць, прэсуюць ўжо за кавалак каўбасы і пачак круп, піша на «Позірку»Аляксандр Класкоўскі.
Пад замес трапілі «аналітыкі Ціханоўскай»
Такім чынам, СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да 20, як там выяўляецца, «аналітыкаў Ціханоўскай». У «чорным спісе» — кіраўнік Беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня, аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, філосаф Пётр Рудкоўскі і іншыя. Ім выстаўлены цэлы букет цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключаючы «Змову, учыненую з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
Спецвытворчасць — гэта, спрошчана кажучы, падрыхтоўка завочнага суда, таму што фізічна дастаць гэтых людзей не могуць. Хтосьці з іх за мяжой даўно, іншыя з'ехалі пасля падзей 2020 года, калі заставацца ў краіне стала небяспечна.
Спіс фігурантаў вельмі стракаты: у ім і персоны з акружэння Святланы Ціханоўскай, і тыя, хто вядомы крытыкай яе каманды. Пра логіку трапляння пад замес можна толькі здагадвацца. Паводле версіі СК, «названыя асобы прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама спрыялі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці ў грамадстве».
За «ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці» ў беларускую турму трапілі ўжо многія. Гэта стандартны цэтлік для крытыкаў палітыкі ўладаў, тыповая падмена паняццяў. Тое, што ў дэмакратыях — норма, права грамадзяніна, паводле разумення рэжыму — страшны крымінал.
У прынцыпе, пад суровыя артыкулы КК сілавікі могуць падвесці любую жорсткую ў дачыненні да ўладаў дыскусію ў «зуме». Дастаткова згадаць справу, па якой ад 10 да 11 гадоў пазбаўлення волі атрымалі ў 2022-м Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў, абвінавачаныя ў «змове супраць Аляксандра Лукашэнкі».
Аблава за «е-дастаўку»
Раней, 23 студзеня сілавікі правялі рэйд па адрасах былых палітвязняў і іх сваякоў. Паводле свежых звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», пераслед зазналі не менш за 159 чалавек. Напрыклад, у Брэсце затрымлівалі каля сямі дзясяткаў, прычым усе — жанчыны.
Некаторых потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні, кагосьці судзяць па «адміністрацыйцы», супраць іншых завялі крымінальныя справы.
Паводле звестак праваабаронцаў, у пастановах супрацоўнікаў КДБ фігуруюць артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях». Наколькі можна зразумець, адной з прычын «наезду» на гэтую катэгорыю грамадзян стала падазрэнне, што яны атрымлівалі харчовую дапамогу па лініі ініцыятывы «INeedHelpBY».
І гэта ўжо не першы выпадак, калі пад каток рэпрэсій трапляюць родныя тых, каго рэжым залічыў у палітычныя ворагі. Напрыканцы лістапада мінулага года пракацілася хваля ператрусаў па месцы беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, звязаных з Каардынацыйнай радай (КР). Было праведзена больш за 130 ператрусаў, вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасці.
Пра мараль тут гаварыць бессэнсоўна. Яна даўно растаптаная ботамі. Чым правініліся сваякі, у якіх і так за апошнія гады дадалося сівых валасоў? Няўжо так ужо падтачыла всновы рэжыму тое, што хто-небудзь з іх, перабіваючыся з хлеба на квас, атрымаў дабрачынны пакет прадуктаў?
Амаль як ЧСЗР у сталінскія часы
Справа, аднак, не ў кавалку каўбасы ці пары пачкаў печыва, атрыманых праз «e-дастаўку». Справа ў тым, што ўлады хочуць забіць салідарнасць, якая так ярка выявілася ў беларускім грамадстве ў 2020-м і працягвае жыць насуперак той жэсці, што творыць рэжым. Мэта гэтай хвалі рэпрэсій — раздрабіць, атамізаваць грамадства, ізаляваць і дэмаралізаваць яго нелаяльную частку.
А ў прынцыпе, рэжым ідзе па слядах сталінскага. Рэпрэсіўнаму Малоху пастаянна патрэбныя новыя ахвяры. І паколькі многіх актыўных апазіцыянераў, удзельнікаў пратэстаў 2020 года пасадзілі ў турму або выціснулі ў эміграцыю, то цяпер узяліся за іх родных. Толькі што пакуль не ўвялі абрэвіятуру тыпу ЧСЗР — «член сям'і здрадніка радзімы», як гэта было ў сталінскія часы.
У мозгу ахоўнікаў, падобна, перманентна пульсуе думка, каго б яшчэ прыціснуць, «закрыць». Узяліся саджаць музыкаў: «Tor Band», «Nizkiz». Цяпер, як бачым, бяруць у абарот аналітыкаў, публіцыстаў — гэта значыць тых, хто, паводле паняццяў уладаў, проста думае крамольна. Любой дыктатуры ненавісная свабода думкі.
Паказальна, што некалькі дзён таму Генпракуратура ініцыявала крымінальны пераслед журналіста «Радыё Свабода» Сяргея Дубаўца. Яму, у прыватнасці, ставяць у віну «наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму». Дубавец вядомы як шматгадовы прамоўтар ідэй беларускага нацыянальнага адраджэння.
Відавочнае імкненне ўладаў паставіць знак роўнасці паміж гэтымі ідэямі і нацызмам. Ужо абвешчаны фашысцкім гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, пераследуюць за старажытны герб «Пагоня», лепяць «экстрэмісцкі» ярлык памерлым класікам нацыянальнай літаратуры. Цяпер вырашана ўдарыць па інтэлектуалах, якія прасоўваюць беларушчыну. Для рэжыму, які капітальна трапіў пад пяту Масквы, гэта па-свойму лагічна — шырэй расхінуць вароты «рускаму свету».
Працуе злавесная логіка
І вось якая пікантная дэталь. Шэраг незалежных аналітыкаў, у тым ліку і некаторыя з тых, хто трапілі цяпер пад спецвытворчасць, даволі жорстка ацэньваюць дзейнасць Офіса Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінета, КР. Адзначаюць, што ў штабоў палітычнай эміграцыі амаль не засталося рычагоў для ўздзеяння на сітуацыю ў Беларусі, яны адарваліся ад унутранага парадку дня, жывуць інэрцыяй 2020 года, часта не паспяваюць за ходам падзей.
І сапраўды, выбары ў тую ж КР, насуперак задуме, напэўна не стануць моцнай альтэрнатывай адзінаму дню галасавання, які пройдзе ў Беларусі 25 лютага. Больш за тое, КР бязбожна правальвае ўласныя дэдлайны, ніяк не можа вызначыць сістэму выбараў у свой новы склад. Арганізаваць іх паралельна з «бязвыбарамі», як іх ахрысціла апазіцыя, у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ўжо, напэўна, не паспеюць.
Аднак улады, падобна, глядзяць на сітуацыю інакш. Да адзінага дня галасавання рыхтуюцца, як да вялікай вайны. Лукашэнка, старшыня ЦВК Ігар Карпенка паўтараюць пра будучыя інтрыгі ворагаў, заклікаюць да пільнасці генералаў, ды тыя і самі дэманструюць баявыя стойкі.
Чаму так нагнятаецца істэрыя, што вядзе і да пашырэння арэала рэпрэсій?
Самае відавочнае: абпаліўшыся на падзеях 2020 года, улады ўзмоцнена дзьмуць на ваду. Дзейнічае прынцып «лепш перабдзець».
Акрамя таго, у рэпрэсіўнага апарата — свая логіка, свая цікавасць. Новымі справамі сілавікі паказваюць сваю патрэбнасць, матывуюць запыты на дадатковыя рэсурсы, зарабляюць зорачкі на пагоны.
Відавочны і матыў помсты за перапуд, псіхалагічную траўму 2020 года.
Нарэшце, можна меркаваць, што там, наверсе, насуперак уласным рэляцыям, не адчуваюць, што атрымалі поўную перамогу. Яны ж ведаюць, як сапраўды прагаласавалі беларусы на тых выбарах. Між тым, правадыр, які страціў ранейшую электаральную базу, ужо выразна дае зразумець, што будзе балатавацца ў 2025-м. Так што трэба выпаліць усю крамолу дашчэнту.
Зразумела, што дзікія рэпрэсіі прымусілі людзей у краіне замаўчаць, стаіцца. Але жаданне перамен, нармальнай улады, якую ты маеш права па-сапраўднаму выбіраць, мяняць, нікуды не дзелася. Вялікае начальства і апрычнікі адчуваюць гэта скурай, таму і не бачаць іншага шляху, акрамя як яшчэ мацней круціць гэтую страшную мясарубку.