Новая хваля рэпрэсій — адкрытая помста сваякам «ворагаў народа»

Аляксандр Фрыдман для «Брэсцкай газеты» разважае над тым, што азначаюць падзеі апошніх дзён унутры Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота: ТАСС

Ілюстрацыйнае фота: ТАСС

Фабрыкацыя палітычных спраў — савецкая традыцыя

— Спіс атрымаўся відавочна супярэчлівы, негамагенны. Розныя людзі, якія ніяк не звязаны паміж сабой, з рознымі профілямі, з рознымі ацэнкамі дзейнасці Ціханоўскай — усіх кінулі ў адзін кацёл. Сярод іх ёсць людзі, якія сапраўды займаюцца аналітычнай дзейнасцю, публіцыстычнай дзейнасцю, а ёсць людзі, якіх аналітыкамі ў класічным разуменні і не назавеш. Гэта палітыкі накшталт Аляксандра Дабравольскага, або Юрый Дракахруст, патрыярх беларускай аналітычнай журналістыкі, але я ніколі не чуў, каб ён займаўся палітычным актывізмам.

З іншага боку, у спіс уключаны Павел Усаў, які не проста аналітык, але чалавек з выразна выяўленай пазіцыяй і палітычнымі поглядамі: вядома яго блізкасць да Пазняка і негатыўнае стаўленне да Ціханоўскай. Больш за тое, у спісе фігуруюць людзі, якія і публіцыстыкай не займаюцца, якія вядомы, хутчэй, сваімі навуковымі публікацыямі, пры гэтым яны практычна адсутнічаюць у беларускай публічнай прасторы.

Я сумняваюся, што сілавікі набілі гэты спіс «ад балды», думаю, нейкія крытэрыі ў іх ёсць, але яны мне не асабліва зразумелыя. Але фабрыкацыя такіх спраў (справа Каардынацыйнай рады, справа «аналітыкаў Ціханоўскай») — савецкая традыцыя: галоўнае — прыгожа пазначыць, а фігурантаў прышыем.


Глядзіце таксама

Іншае пытанне: якія высновы вынікаюць з гэтай справы? У гэты спіс трапілі сацыёлагі Біканаў і Астапеня. Абодва (ёсць яшчэ вядомы сацыёлаг Генадзь Коршунаў, якога там няма) вядомы тым, што праводзяць сацыялагічныя даследаванні ў Беларусі. Біканаў праводзіць даследаванні пад эгідай нямецкага Фонду Эберта, блізкага да сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, Астапеня — брытанскі «Chatham House». Прапаганда больш заўважала Астапеню, але кпіла з яго даследаванняў. Нічога крамольнага ў іх даследаваннях і не было, больш за тое, яны не такія дрэнныя для лукашэнкаўскага боку. Ды і з боку апазіцыі часта гучаць у іх адрас абвінавачанні, маўляў, як можна праводзіць сацыялагічныя даследаванні ў дыктатуры? Уключэнне абодвух у гэты спіс спараджае пытанне: што ж крамольнага знайшлі ў іх даследаваннях? Можа быць, вынікі сацапытанняў сапраўды адлюстроўваюць стан беларускага грамадства?..

Цалкам магчыма, гэты спіс складаўся на падставе нейкіх асабістых сімпатый і антыпатый: гэты мне падабаецца, гэты даўно ўжо «абарзеў», гэты пра мяне напісаў дрэнна.

У спіс увайшлі людзі, у якіх ёсць што канфіскоўваць?

— Фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай» можна прысудзіць да канфіскацыі маёмасці. Можа быць, гэты спіс складаўся паводле вельмі банальнага крытэру: туды ўключаны людзі, у якіх ёсць што канфіскоўваць. Які сэнс заводзіць справу супраць чалавека, у якога ў Беларусі нічога няма? Ці хто з'яўляецца замежным грамадзянінам? Можа, спіс з'явіўся дзякуючы некалькім крытэрам. Але гадаць за беларускіх пракурораў і чэкістаў — справа няўдзячная.

— Справа «аналітыкаў Ціханоўскай» ёсць. Працягам стануць справы журналістаў, сацыёлагаў, медыкаў? Спецслужбы адпрацоўваюць пратэсную аўдыторыю па сектарах?

— Усе фігуранты справы «аналітыкаў Ціханоўскай» абазваны аналітыкамі. Але насамрэч тыя, хто маюць уладу, не асабліва і разумеюць, што яны ўкладаюць у паняцце «аналітык». А калі казаць наўпрост, то грамадска-палітычная прастора яшчэ не зачышчана: можна ўзбуджаць і ўзбуджаць крымінальныя справы. Можна распачаць крымінальную справу супраць усёй рэдакцыі «Радыё Свабода», супраць рэдакцыі «Еўрарадыё», супраць усёй рэдакцыі «Зеркало».

Гаворка ідзе пра неспатольную прагу помсты

— Вядома, справа «аналітыкаў Ціханоўскай» распачата, каб стварыць людзям праблемы і непрыемнасці. Непрыемна, калі супраць цябе ўзбуджана крымінальная справа, а ў далейшым беларускі рэжым можа перадаваць гэтую інфармацыю ў Інтэрпол. Але ў цэлым, не выключана, гісторыя вельмі банальная: гаворка ідзе пра канфіскацыю маёмасці, і пад гэтую мэту падводзіцца ўся «заканадаўчая» база, каб легальна ажыццявіць экспрапрыяцыю маёмасці.

Сістэма працуе на ўзроўні самавольства: сёння ўзяліся за адных, заўтра прыйдзе чарга іншых.

Лукашэнка фактычна адкрытым тэкстам прызнаўся, што гэта пытанне помсты. Пры прызначэнні новага міністра аховы здароўя ён сказаў: «А то ў нас некаторыя збеглыя на Захадзе сядзяць, а тут сваячкі і іншыя робяць тое, што тварылі раней. Толькі цішком. Мы гэта бачым і прымаем меры процідзеяння». Лукашэнка сам прызнаў, што рэжым узяўся за сваякоў «збеглых»: яго гэта турбуе, для яго важна пакараць усіх.


Глядзіце таксама

— Справу «аналітыкаў Ціханоўскай» на фоне хакерскіх нападаў на апазіцыйныя рэсурсы, затрыманняў былых палітвязняў і іх сваякоў трэба ўспрымаць як новы этап або ўзровень рэпрэсій?

— Проста пачаўся новы год. КДБ, іншыя спецслужбы савецкія па сутнасці, працуюць па плане: яго трэба выконваць і перавыконваць. Натуральна, гэтыя планы ўзгоднены з Лукашэнкам. За мінулы год сілавікі зрабілі справаздачу перад ім, Лукашэнка іх працу ўхваліў. Але пачаўся новы год, а ў новым годзе зноў трэба працаваць, патрэбны новыя паказчыкі. Даставаць іншадумцаў «з-пад плінтуса», як любіць казаць Лукашэнка, становіцца ўсё складаней, а вынікі трэба паказваць. Думаю, у рукаве ў спецслужбаў прыхаваны яшчэ цэлы набор рэпрэсіўных захадаў, якія час ад часу будуць даставаць.

А электаральную кампанію трэба разглядаць як фактар абвастрэння: на фоне электаральных кампаній у беларускіх улад заўсёды адбываецца абвастрэнне. Магчыма, чарговы віток і прымеркавалі да «адзінага дня галасавання». Наўрад ці яны асцерагаюцца нейкіх непрыемнасцей, але для прафілактыкі — на ўсялякі выпадак. Як мне здаецца, актыўнасць апазіцыйна настроеных грамадзян зменшылася: калі ідзе такая хваля рэпрэсій і пад яе можа трапіць практычна любы, гэта натуральна.

Іншае пытанне: ці ёсць у беларускіх сілавікоў механізмы стрымлівання? Калі я не памыляюся, самымі папулярнымі беларускімі аналітыкамі лічацца Шрайбман і Чалы, але ў гэтым спісе не аказалася ні аднаго, ні другога. Выпадковасць ці спецслужбы проста не хочуць прыцягваць дадатковай увагі?..

Мы можам дапусціць вялікую метадалагічную памылку, прыпісваючы складаныя камбінацыі таварышам з вельмі прымітыўнымі поглядамі. Унутры рэжыму няшмат людзей, здольных на прыгожыя эфектыўныя камбінацыі.


Глядзіце таксама

Не андропаўшчына, не брэжнеўшчына, а сталіншчына

— З якім гістарычным перыядам у вас асацыююцца сённяшнія падзеі ў Беларусі?

— Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў, што рэжым помсціць сваякам палітвязняў, «збеглых», іншадумцаў. Прычым ён ужыў прыніжальнае слоўца — «сваячкі». І адразу ўспамінаюцца сталінскія часы: сын ворага народа, дачка ворага народа, жонка ворага народа. Менавіта так успрынялі новы віток рэпрэсій у Беларусі па-за межамі краіны. Апошні ўсплёск такой цікавасці ў беларускіх рэпрэсіях фіксавалі, падобна, пасля прысуду Алесю Бяляцкаму, нобелеўскаму лаўрэату.

Вядома, не першая па важнасці навіна, не на першых палосах, але ў навінавых стужках заходніх СМІ тэма прысутнічае. Заходнія журналісты робяць акцэнт на тым, што затрымліваюць менавіта сваякоў палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. Таму на Захадзе і рэагуюць на высокім узроўні: МЗС Польшчы, асудзіў рэпрэсіі вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Бяруць сваякоў — і гэта выклікае самыя змрочныя асацыяцыі. Мы назіраем нават не андропаўскія часы, не брэжнеўскія часы, мы ўжо ў свайго кшталту сталінізме.