Хронікі рэпрэсій за 26 студзеня

Рэйды сілавікоў працягваюцца.

hroniki_represij2_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1170 дзён, Дзяніс — 1050 дзён.

***

Па ўсёй Беларусі з 23 студзеня супрацоўнікі КДБ рабілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам за апошнія дні пад пераслед трапілі сама меней 165 чалавек. Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні. Але на волю выйшлі не ўсе: супраць часткі затрыманых завялі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні») і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэкса.

***

У Мінску сілавікі затрымалі 39-гадовага майстра вытворчага навучання каледжа, паведамляе «Медыязона» са спасылкай на тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў.

Супраць яго распачалі крымінальную справу аб пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК). Паводле звестак міліцыі, ён у «дэструктыўным» тэлеграм-чаце «напісаў пагрозы» ў адрас супрацоўніка Савецкага РУУС.

Апублікавана таксама пакаяльнае відэа з беларусам. 

***

Суддзя Зінаіда Балаболава 11 студзеня за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» пакарала штрафам у памеры 600 рублёў удзельніцу Школы ўсходняга танца «Джан» Вольгу Сачыўка.

Падчас судовага пасяджэння стала вядома, што Вольга на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» мела спасылкі на інтэрнэт-супольнасць з назвай «STOP LUKA» і інтэрнэт-старонку з назвай «Belsat». Жанчына ў судзе віну прызнала, на даследаванні доказаў па справе не настойвала, піша «Віцебская Вясна»

***

Некаторыя былыя палітвязні і іх сваякі паведамляюць, што пачалі атрымліваць у Telegram папярэджанні адпісацца ад чата «Світанак», піша «Свабода».

Змест паведамлення такі:

«Вы дэананімізаваныя як удзельнік дэструктыўнага рэсурса «Світанак». Каб пазбегнуць прыцягнення да ўстаноўленай законам адказнасці, вам неабходна пакінуць указаны тэлеграм-чат на працягу гадзіны. Таксама рэкамэндуем адпісацца ад іншых экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў! Час пайшоў».

***

Сілавікі затрымалі беларуса за ўдзел у пратэстах 2020 года і каментары ў тэлеграме. Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.

На камеру затрыманы кажа, што «пісаў у чаты з заклікам да радыкальных дзеянняў». У роліку выкарыстоўваюць скрыншот перапіскі: «Выхаду як вуліца няма, але я за радыкалізацыю пратэстаў, асабліва пасля сёння». — «Ну і як ты хочаш гэта зрабіць? У нас жа мірныя пратэсты». — «Дыверсіі».

Дзе цяпер знаходзіцца затрыманы і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць, невядома, піша «Медыязона»

***

Паляванне на родных актывістаў працягваецца. 

«Віцебскай Вясне» стала вядома, што 23 студзеня ў Полацку была затрымана Людміла Воўк — гэта маці Ганны Тукавай, якая 1 верасня 2022 года падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі №1 зладзіла антываенную акцыю. Тады Ганну тройчы аштрафавалі — агулам яна павінна была заплаціць дзяржаве 7 360 рублёў.

Прычына затрымання Людмілы і яе далейшы лёс — невядомыя.

***

У Слуцку сілавікі затрымалі траіх фанатаў футбольнага клуба «Шанхай», сюжэт пра іх змясціла дзяржаўнае выданне «Мінская праўда».

У роліку іх называюць «агрэсіўнымі заўзятарамі», якія ладзілі беспарадкі пасля футбольных матчаў.

Аднаго з хлопцаў, тату-майстра, затрымалі за карцінку «фашысцка-нацыяналістычнага характару» са знакам СС у «ВКонтакте». На камеру ён кажа, што не адносіцца «ні да нацыстаў, ні да неанацыяналістаў, ні да фанатаў або каляфутбольшчыкаў».

Па якім артыкуле абвінавачваюць затрыманых, невядома. 

***

Супраць 31-гадовай ураджэнкі Гродзенскай вобласці распачалі крымінальную справу аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт. 361-4 КК), паведаміла прэс-служба пракуратуры. Яе месцазнаходжанне ведамству невядома.

Як піша прэс-служба, жанчына адбыла пакаранне ў 2,5 гады калоніі за «грубае парушэнне парадку» (ч.1 арт. 342 КК), з'ехала з Беларусі і ў студзені 2023 года дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» медыя. У інтэрв'ю яна расказала пра затрыманне, суд і ўмовы ў калоніі. Пра якое менавіта медыя ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Следчыя пачалі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, каб вызначыць, дзе знаходзіцца жанчына. Пракурор санкцыянаваў заключэнне яе пад варту.

Мяркуючы па апісанні, верагодна, гаворка ідзе пра былую палітзняволеную Ганну Вішняк, паведамляе «Вясна».

***

З 22 па 26 студзеня ў Беларусі праходзяць суды аб закрыцці шасці грамадскіх арганізацый, мэтай якіх была падтрымка дзяцей, шматдзетных маці і экалогіі, піша «Свабода».

Паводле інфармацыі, якую выданне «Позірк» сабрала з беларускіх судоў, 26 студзеня пачаліся працэсы па ліквідацыі Мінскай гарадской асацыяцыі ратавання дзяцей, грамадскага аб’яднання «Зялёная эканоміка», дабрачыннага фонду «Сямейны інклюзіў-тэатр».

Раней на гэтым тыдні Мінскі гарадскі суд прыняў да разгляду пазовы Мінгарвыканкама аб ліквідацыі гарадскога грамадскага аб’яднання шматдзетных маці «Спадчына», міжнароднага грамадскага аб’яднання «Шчасце жыць», а Вярхоўны суд разглядаў апеляцыю на рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання спажыўцоў «Правы бок».

Паводле сведчанняў праваабаронцаў, з 2020 года ў Беларусі закрылі больш за 1200 грамадскіх арганізацый, апазыцыйныя палітычныя партыі і незалежныя прафсаюзы.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 347 дзён, Максіма Знака — 351 дзень, Мікалая Статкевіча — 350 дзён, Ігара Лосіка — 341 дзень, Віктара Бабарыкі — 277 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 206 дзён, Уладзіміра Гундара — 175 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1418 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1611 чалавек. Сярод іх — 185 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.