Еўропа «вельмі заклапочаная» рэйдамі сілавікоў у Беларусі

Еўрапейскія чыноўнікі і праваабаронцы адрэагавалі на новую хвалю рэпрэсій, якую зладзіў днямі рэжым. Ці будуць за словамі дзеянні?

vas_vot_marsh_oct25_20201025_021_logo.jpg.webp

За апошнія некалькі дзён па ўсёй Беларусі прайшлі дзясяткі новых ператрусаў і арыштаў сваякоў палітзняволеных. Праваабарончы цэнтр «Вясна» заявіў, што вядома прынамсі пра 159 людзей, якія падвергліся ператрусам і затрыманням. 

Лідары дэмакратычных сіл назвалі новую хвалю арыштаў, якая з'яўляецца найбуйнейшай за апошнія месяцы, «ударам па салідарнасці ўнутры краіны», піша амерыканскі тэлеканал ABC.

Паводле звестак «Вясны», цяпер у Беларусі ўтрымліваецца 1419 палітычных зняволеных. Многія з затрыманых на гэтым тыдні дапамагалі сем'ям тых, хто быў заключаны ў турму па палітычных матывах. Яны карысталіся сэрвісам INeedHelpBY, што дапамагае «забяспечваць харчаваннем палітычных зняволеных і іншых асоб, якія апынуліся ў цяжкім становішчы ва ўмовах рэпрэсій». У Беларусі праект абвясцілі «экстрэмісцкім», што цягне за сабой судовы пераслед і турэмнае зняволенне тэрмінам да сямі гадоў.

Актывіст« INeedHelpBY» Філіп Гаўрышаў заклікаў уцягнутых людзей пакінуць анлайн-чат праекта і адпісацца ад праекта ў сацыяльных сетках. «INeedHelpBY» паведаміў, што з 2020 года ў рамках праекта была аказана дапамога на суму больш за 1,5 мільёна долараў.

Арышты былі праведзеныя КДБ, ад ахвяр рэйдаў патрабавалі падпіскі аб неразгалошванні. «Вясна» паведамляе таксама, што сілавікі прымусова ўсталёўваюць шпіёнскія праграмы на тэлефоны затрыманых і іх сваякоў, што дазваляе КДБ адсочваць закрытыя чаты актывістаў.

«Атака на людзей і ініцыятывы, якія ў суровых умовах гарантуюць, што беларусы не застануцца без дапамогі, — гэта помста за салідарнасць, разбурэнне інфраструктуры падтрымкі, запалохванне людзей, уцягнутых у гэта», — заявіў Associated Press праваабаронца Павел Сапелка.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» паведаміла, што сярод арыштаваных была Аксана Ючкавіч, журналістка навінавага выдання Catholic.by, якая займалася аказаннем дапамогі сем'ям палітвязняў.


Глядзіце таксама

У Драгічыне арыштавалі Сяргея Гардзіевіча, журналіста, які раней адседзеў 1,5 года ў турме і выйшаў на волю ў кастрычніку 2022 года. У Віцебску быў арыштаваны журналіст і праваабаронца Барыс Хамайда.

Паводле звестак БАЖ, улады таксама пачалі крымінальны пераслед у дачыненні да 20 беларускіх аналітыкаў і навукоўцаў, якія пражываюць за мяжой, абвінаваціўшы іх у «змове з мэтай звяржэння канстытуцыйнага ладу і "прапагандзе экстрэмізму"».

У сваёй заяве лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што яна «шакаваная рэйдамі беларускага рэжыму на сем'і палітвязняў».

Жазэп Барэль, вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюза па замежных справах, асудзіў новую хвалю арыштаў, адзначыўшы, што яна разгортваецца напярэдадні парламенцкіх выбараў у лютым.

Мары Стратэрс, дырэктарка «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіла, што апошнія арышты «ўяўляюць сабой новы этап у страшнай кампаніі па знішчэнні ўсіх праяў іншадумства ў Беларусі пасля спрэчных выбараў 2020 года».


Глядзіце таксама

З асобнай заявай выступіла генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч:

«Я самым рашучым чынам асуджаю нядаўнюю хвалю рэйдаў і арыштаў, накіраваных супраць сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў у Беларусі. Я асабліва занепакоеная наўмысным пераследам асоб, якія ўжо пацярпелі ад сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў выніку палітычных рэпрэсій. Рада Еўропы паўтарае свой заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Мы таксама па-ранейшаму адданыя ўмацаванню супрацоўніцтва з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, заснаванага на нашых агульных каштоўнасцях і на карысць усяго беларускага народа. Гэтае супрацоўніцтва ўключае ў сябе нашу важную кантактную групу».


Глядзіце таксама

25 студзеня рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні рэжыму ў Беларусі, прыняла Парламенцкая асамблея Рады Еўропы. Яна заклікае рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць усіх палітвязняў.

ПАРЕ адзначыла, што пасля выбараў 2020 года сітуацыя з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. Акрамя таго, як сказана ў рэзалюцыі, і без таго негатыўная тэндэнцыя пагоршылася пасля пачатку агрэсіі Расіі ва Украіне, якую падтрымалі беларускія ўлады.

Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа настолькі сур'ёзныя, шырока распаўсюджаныя і сістэматычныя, што могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці і патрабуюць поўнай адказнасці ў адпаведнасці з унутраным і міжнародным правам

ПАРЕ заклікае Беларусь сярод іншага спыніць падтрымку расійскай агрэсіі, спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў, забяспечыць правядзенне свабодных выбараў і мірную перадачу ўлады.

Акрамя таго, рэзалюцыя таксама заклікае сябраў Рады Еўропы ўзмацніць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, распрацаваць і падтрымаць праграмы дапамогі ахвярам рэпрэсій, узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку з дапамогай санкцый.