Хапун 23-24.01. Навошта рэжыму прабіваць чарговае дно, забіраючы ежу ў дзяцей?

Тэма тыдня ў Беларусі — масавы хапун сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных. Праваабаронцам вядомыя не меней за 100 чалавек, якія трапілі пад рэйд лукашэнкаўскіх кадэбэшнікаў. Адных пасля ператрусу і допыту адпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні, другіх затрымалі, абвінаваціўшы ў «экстрэмізме», трэцім, як Марыне Адамовіч, сфабрыкавалі «суткі».

hroniki_represij_logo.png__1_.webp


Паводле наяўнай інфармацыі, пунктам адліку хапуна стала прызнанне «экстрэмісцкім фарміраваннем» IneedHelpBY — грамадскай ініцыятывы, якая дапамагала рэпрэсаваным з харчаваннем.

Далей рэжым пайшоў па знаёмай сцежцы — пачаў шукаць, хто меў кантакты з новымі «экстрэмістамі», каб абвінаваціць іх заднім чыслом і рэпрэсаваць. Карныя органы атрымалі доступ да даных анлайн-пакупак у буйных харчовых рытэйлераў, адзначылі патрэбныя супадзенні, прызначылі дату «аперацыі» — і, як той казаў, гойда.

Глядзіце таксама

Пытанне, якое тут узнікае адразу: а навошта лукашысты так узбудзіліся з гэтай нагоды? Якой мэты хочуць дасягнуць? І ці каштуе тая мэта таго, каб так ганебна прабіваць чарговае дно?

Атака на салідарнасць, якая за чатыры гады нікуды не падзелася

Эксперты ўжо слушна заўважылі, што студзеньскі хапун з’яўляецца яшчэ адной спробай пахіснуць салідарнасць беларусаў. Разбурыць яе, растаптаць, застрашыць усіх датычных і неабыякавых.

Ад самай пандэміі каронавірусу беларусы навучыліся цудоўна гуртавацца і вырашаць праблемы, якія стварае ім архаічны лукашэнкаўскі рэжым. Падчас ковіду валанцёры куплялі ўсё патрэбнае медыкам і хворым. Пасля выбараў 2020-га дапамагалі затрыманым. Паўставалі ініцыятывы самага рознага кшталту — юрыдычныя, навучальныя, культурныя, медыцынскія, спартыўныя. Пасля разгортвання масавых рэпрэсій беларусы дапамагалі пацярпелым — збіралі грошы, перадачы, куплялі харчы, дапамагалі з эвакуацыяй з краіны і г.д.

Ёсць безліч кейсаў, калі суайчыннікі дапамагалі тым, хто трапіў у бяду, самым чароўным чынам. Збіралі грошы на лячэнне, дарагія аперацыі, навагоднія падарункі дзецям палітвязняў. Самы вялікі поспех — марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», які сабраў амаль 600 тысяч еўра.

Глядзіце таксама

І вось усё гэта моцна муляе вока беларускай дыктатуры. Для яе чалавек гучыць не годна — гэта ніхто, нуль без палачкі, кармавая база, якой патрэбны пастух. Такую біямасу лёгка кантраляваць. Калі ж грамадства мае самадастатковую калектыўную свядомасць, умее само арганізавацца і прымаць рашэнні — гэта небяспечна для нязменнай улады, якая фальсіфікуе выбары і трымаецца на штыках.

Таму атака і ідзе. На актыўных і проста разумных людзей. На тых, хто з’ехаў і не маўчыць. Хто не з’ехаў і знаходзіцца на ўліку нядобранадзейных. На арганізацыі, ініцыятывы, рухі, медыя.

Цяпер дайшлі рукі і да IneedHelpBY. Не яна першая, не яна апошняя.

Заўтра яны палезуць у лядоўні?

Праваабаронцы кажуць, што купля харчавання для кагосьці іншага аніякім злачынствам не з’яўляецца. Гэта відавочная, але юрыдычная тэза. А ёсць і маральны аспект, і ён таксама празрысты: калі нехта за свае грошы дапамагае з ежай сям’і ў цяжкім становішчы, набывае прадукты дзецям, дасылае прадметы першай неабходнасці — ён па вызначэнні робіць высакародную справу. Адпаведна той, хто гэтаму перашкаджае, — проста м@дак, калі не сказаць больш.

У беларусаў даўно не засталося ілюзій наконт лукашэнкаўскай улады. Дзеля самазахавання яна здольная на самыя апошнія паскудствы. Можа забіваць людзей, кідаць у турмы дзяцей і шматдзетных маці, закатоўваць да смерці, ладзіць хапун у храме падчас малітвы за мір. Дна няма, даўно ўжо сфармулявана ў грамадстве. Але знізу па-ранейшаму грукаюць.

Гісторыя з IneedHelpBY — менавіта такі грукат. Цяпер стала вядома, што рэжым можа забіраць у людзей ежу. Пакуль такім чынам — пераследуючы тых, хто яе купляе і прывозіць. Але хто здзівіцца, калі заўтра гэтыя балаклавы ў пагонах палезуць у лядоўні?

Пра сорам тут казаць не даводзіцца, таму далей магчыма ўсё. Хапаць лекараў, да якіх звярталіся былыя палітвязні? Цырульнікаў, якія іх стрыглі? Тых, хто пісаў лісты ў калоніі? Калі што, то ў рэжыму з гэтым не ўзнікне праблем.

Рэжым дагэтуль не адчувае сябе пераможцам

Цікава, як яны пакажуць гэтую гісторыю па тэлебачанні? Распавядуць, што зламыснікі арганізаванай групай распаўсюджвалі «экстрэмізм» у выглядзе каўбасы і кефіру? А атрымальнікі таго кефіру садзейнічалі «экстрэмізму», бо пілі яго з думкамі пра падрыў канстытуцыйнага ладу?

Відавочна, што, займаючыся такой лухтой праз тры з паловай гады пасля сфальсіфікаваных выбараў, рэжым не адчувае сябе пераможцам. Бо пераможцы так сябе не вядуць. Вядома, гэтая справа стане для кагосьці чарговай прыступкай па службовай лесвіцы, нагодай для атрымання чарговага звання. Але гэта толькі частка матывацыі рэпрэсіўнай машыны. Іншая частка — «іх барацьба», далейшая помста беларусам за праявы вольнасці і іншадумства.

Калі барацьба працягваецца, значыць, у яе пакуль няма пераможцаў. Але ў сённяшняй Беларусі ўсё даўно закатанае пад асфальт, то чаму б не спыніцца? Адказ просты: яны баяцца. Думаюць, што варта толькі замарудзіць жорны палітычных рэпрэсій, як сярод беларусаў зноў пачне саспяваць дух супраціву дыктатуры.

Гэта называецца «не дапусціць паўтарэння 2020 года». І тут, трэба прызнаць, рэжым мае пэўную рацыю. Бо другі 2020-ты будзе нашмат больш небяспечны для лукашэнкаўцаў, чым першы.

Рэпрэсіі ў бліжэйшыя год-два не спыняцца

Так, калі не здарыцца чагосьці нечаканага — не прыляціць які-небудзь «чорны лебедзь», то пераслед апанентаў у Беларусі будзе працягвацца і далей. Цалкам імаверна, што размах рэпрэсій будзе толькі павялічвацца. Прычына навідавоку: сістэма ўступае ў новую электаральную фазу.

У 2024 годзе пройдуць «выбары» ў Палату прадстаўнікоў. У 2025-м — прэзідэнцкія. Гледзячы на тое, як улады шчыруюць, зачышчаючы ўсё жывое, што можа перашкодзіць прызначэнню патрэбных людзей на патрэбныя пасады, выснова можа быць толькі адна — не час для рэжыму зараз прыпыняць ганенні на нелаяльных.

На жаль, гэта так, таму справа IneedHelpBY — не апошняя ў гэтым доўгім шэрагу.