«Нетрадыцыйнасць» па-лукашэнкаўску: амністыя-2024
Вызваляючы месцы ў турмах, рэжым гатовы адпускаць каго заўгодна, але толькі не палітвязняў.
У Беларусі да 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў запланавалі амністыю. Гэтае свята ў краіне кожны год адзначаюць у ліпені. Аляксандр Лукашэнка ўжо заявіў, што да амністыі чыноўнікам і сілавікам трэба падысці «нетрадыцыйна». У МУС адзначылі, што навінкай амністыі гэтага года стане вызваленне тых, хто асуджаны па асабліва цяжкіх артыкулах: забойствы і нанясенне сур'ёзных калецтваў. Улады Беларусі адзначылі, што асуджаным па так званых «экстрэмісцкіх» або «тэрарыстычных» артыкулах амністыі чакаць не варта. А часцей за ўсё гэта палітвязні, якія крытыкавалі рэжым Лукашэнкі ці ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, піша тэлеканал «Настоящее время».
Усяго з месцаў зняволення ўлады Беларусі плануюць вызваліць каля 1360 чалавек. Афіцыйна закон аб амністыі пакуль не апублікавалі, але ўжо вядома, што на яе змогуць разлічваць непаўналетнія, цяжарныя; бацькі непаўналетніх, хворыя на сухоты або анкалагічныя захворванні, а таксама пенсіянеры.
За гады ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка амніставаў і палітвязняў. Але часцей за ўсё ён рабіў гэта ў абмен на адмену санкцый, крэдыты або для дыялогу з Захадам. Цяпер, на думку эксперта Вадзіма Мажэйкі, Лукашэнка аказаўся ў прынцыпова іншай сітуацыі: «Палітычныя зняволеныя на тое і палітычныя, што вызваляюцца яны, не зыходзячы з прававых норм, амністыі, прысуду суда або чагосьці яшчэ. Вызваляюцца яны, зыходзячы з палітычнай волі Аляксандра Лукашэнкі. Калі ён будзе бачыць, што для гэтага ў яго, з аднаго боку, ёсць практычны, прагматычны сэнс і, з другога боку, гэта бяспечна для яго ўлады, тады рэалістычна гаварыць пра вызваленне палітвязняў. Цяпер Лукашэнка не бачыць ні таго, ні іншага».
Папярэдняя амністыя прайшла ў Беларусі восенню 2022 года. Тады яна таксама не закранула палітвязняў. У краіне іх, толькі паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», больш за 1400 чалавек. Каля сотні з іх знаходзяцца ў гуманітарным спісе: ім неабходна неадкладнае вызваленне па стане здароўя, узросце або іншых прычынах. У палітыка Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў, у калоніі выявілі анкалогію. Чатырохгадовы тэрмін адбывае маці пяцярых дзяцей Вольга Залатар. З другой групай інваліднасці — у мужчыны няма нагі — у зняволенні знаходзіцца актывіст Уладзімір Гундар.
Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч упэўнены, што такім чынам Лукашэнка імкнецца неяк памяняць дрэннае ўражанне ў абывацеляў пра свой рэжым. Робіцца спроба стварыць такую мадэль, у рамках якой паралельна існавалі б дзве лініі, два палітычныя курсы. У дачыненні да «ворагаў», то-бок усіх іншадумцаў, будзе дзейнічаць палітыка жорсткага тэрору: яе сімвалам выступае Мікалай Карпянкоў, які рэгулярна пужае з тэлеэкрану ўсё новымі спецпадраздзяленнямі ва ўнутраных войсках, «вагнераўцамі». Гэта своеасаблівае ўвасабленне вагнераўскай кувалды над галовамі палітычных праціўнікаў.
А для звычайных абывацеляў — вобраз справядлівай, гуманнай улады, якая гатовая да лібералізацыі крымінальнага заканадаўства і судовых выракаў. І ўвасабленнем гэтага вобразу павінен выступіць сам правадыр — строгі для ворагаў і справядлівы, нават гуманны да свайго добрага паслухмянага народа. Такі своеасаблівы перадвыбарчы папулізм, закліканы вярнуць народную любоў. І амністыя тут павінна выканаць сваю ролю. Прычым амністыя, расцягнутая на два гады. Сёлета яна прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі, а ў 2025 годзе (годзе прэзідэнцкіх выбараў) — да 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне.
У параўнанні з амністыяй 2022 года, канстатуе Аляксандр Класкоўскі, можна казаць нават пра рэгрэс. Тады на гэтай ніве шчыраваў былы апазіцыянер Юрый Васкрасенскі, які перайшоў на бок рэжыму. І хоць многага ён не дамогся, купка людзей, асуджаных па палітычных матывах, была вызвалена альбо атрымала змякчэнне пакарання (што праўда, закранула гэта тых, хто і так меў невялікія тэрміны, пра знакавых асоб з ліку палітвязняў гаворка не ішла).
— Акрамя спроб згуляць на пачуццях электарату (маўляў, «бацька строгі, але справядлівы»), яшчэ адно меркаванне, якое можа быць у Лукашэнкі — магчымасць даць палёгку асуджаным наменклатурнікам або гаспадарнікам. Бо пайшла новая хваля барацьбы з карупцыяй, зноў жа, звязаная з перадвыбарчым папулізмам. Але на практыцы асуджаных з ліку чынавенства, «чырвоных дырэктараў» праз невялікі прамежак часу часта выпускаюць цішком і кідаюць на нейкія цяжкія ўчасткі працы, кшталту кіраваць калгасам ці адстаючым прадпрыемствам.
Думаю, паколькі лаўка запасных у рэжыму не надта доўгая, то і такія намеры ў звязку з планаванай амністыяй Лукашэнка таксама трымае ў галаве.