Амністыя па-сталінску: Сацыяльна блізкім можна даць палёгку, «ворагам народа» — ніякай міласці

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст расказаў «Филину» пра рэакцыю ва ўладных кабінетах на смерць палітзняволенага.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1_logo.jpg_1_logo_2.webp

— Смерць у калоніі палітвязня Вадзіма Храсько здарылася да нарады, прысвечанай крымінальнаму заканадаўству. Яе ўдзельнікі, пэўна, не маглі не ведаць пра гэтае здарэнне. Як вы лічыце, ці магла гэтая смерць накласці пэўны адбітак на выказванні Лукашэнкі і міністра Кубракова? Першы казаў пра неабходнасць уважліва прыгледзецца да тых, хто трапляе ў турму, другі — пра тое, што па амністыі можна вызваліць і забойцаў, але палітычных — не, бо яны нібыта паламалі людскія лёсы? Ці ўсё ж гэтыя падзеі ніяк не перасекліся?

— Думаю, што не. Па-першае, і Лукашэнка нічога не казаў пра нейкую міласць да палітзняволеных. Гэта такая логіка, якая была, дарэчы, і ў сталінскія часы, тэрмін нават быў — «сацыяльна блізкія».

Сацыяльна блізкімі тады былі звычайныя крымінальнікі. Ім можна было даць і нейкую палёгку, ім можна даць і амністыю. А вось «ворагам народа», як казалі тады, ніякай міласці.

Я так разумею, што цяпер дзейнічае прыкладна тая ж логіка. І ў гэтым сэнсе Кубракоў насамрэч не супярэчыў Лукашэнку. Нават фармальна. Лукашэнка акурат і гаварыў пра сацыяльна блізкіх.

Гэта, магчыма, тлумачыцца перспектывай выбараў — спачатку парламенцкіх, пасля прэзідэнцкіх. Вось так улада дэманструе міласць, але толькі да сваіх. Да астатніх — не. Нават калі яны і сапраўды ведалі пра гэты выпадак. Ведалі і ведалі.

Калі б гэта нейкім чынам адбілася на характары нарады, то Кубракову было б неабавязкова тлумачыць, на каго будзе распаўсюджвацца амністыя. Як прыйдзе амністыя, так і даведаецеся, маўляў.

Я не думаю, што выступленне міністра было парывам яго душы. Думаю, гэта было ўзгоднена, распісана па ролях: што гаворыць першая асоба, а што кажа няпершая. І вось няпершая гаворыць такое. А хто там памёр у турме, хто не памёр, для іх не мае значэння.

Можна прыгадаць досвед 2022-га. Калі амністыя абвяшчалася пад адно свята, а праводзілася пад другое. Я не выключаю, што тады былі нейкія перамовы з Захадам. Макей на сесіі Генасамблеі вёў нейкія размовы. Тады не дамовіліся.

Я не выключаю, што цяпер могуць быць нейкія размовы, але калі дамовяцца... І тады ніхто не будзе прыгадваць, што той Кубракоў гаварыў на нарадзе. Перадумалі, дамовіліся.

І той прыклад 2022-га надзвычай важны. Пакуль жа, прынамсі, цяпер пытанне палітвязняў з’яўляецца наўпрост часткай кейса размоў з Захадам. Калі нейкае прасоўванне магчымае, тады магчымае і нейкае вызваленне.

А калі не, то не. Незалежна ад тону, ад намёкаў. Тым больш што тут намёкі акурат у іншы бок робяцца: сацыяльна блізкім можна даць палёгку, сацыяльна далёкім — ніякай міласці.


Глядзіце таксама

— Як бы вы ў цэлым ахарактарызавалі рэакцыю ўлад, прапагандыстаў на гэтую трагедыю? Дакладней, яе поўную адсутнасць. Бо і ранейшыя трагічныя выпадкі фактычна замоўчвалі на афіцыйным узроўні.

— Гэта не тэма для іх. Тым больш што яна нявыгадная з прапагандысцкага пункту гледжання. Танчыць на касцях памерлых, нават пры цяперашнім стане рэжыму — гэта не тое. Цяпер усё ж не 1937-мы, калі натоўпы людзей скандзіравалі «смерць шалёным сабакам». Смерць — гэта смерць. У большасці выпадкаў калі штосьці і гаворыцца, то пра тое, што гэта выпадковасць, што проста так атрымалася.

І на ўзроўні прапагандыстаў, якія ў сваіх тэлеграм-каналах, натуральна, рознае могуць пісаць, на афіцыйным узроўні зларадства наконт смерці няма. Пра гэта альбо ўвогуле не паведамляецца, альбо гаворыцца ў духу: «Гэта жыццё, а колькі людзей па-за турмой памірае?»

Так што, да стадыі скокаў на касцях лукашэнкаўскі рэжым яшчэ не дарос. Але ўсё можа быць.