На месцы Вадзіма Храсько можа аказацца любы палітвязень
Я не ведаю ніводнага палітзняволенага, які б не хварэў за кратамі.
Чарговая страшная трагедыя. Абарвалася жыццё цудоўнага, годнага беларуса. Патрыёта, палітвязня.
Вадзім Храсько. 50-гадовы беларус, асуджаны на тры гады калоніі за данаты. Яго не стала ў ноч з 8 на 9 студзеня. Яго згнаілі ў калоніі. Афіцыйная версія — «памёр ад пнеўманіі».
Насамрэч Вадзіма знішчыла антычалавечая сістэма, антыгуманны рэжым. Свінскія ўмовы ўтрымання і свінскае стаўленне знясілілі, дабілі хворага чалавека, а пасля палітвязню папросту не аказалі своечасовую медычную дапамогу.
Упэўнена, што турэмныя лекары асабліва і не шчыравалі: «вораг народа» права на гуманнае стаўленне не мае. Жыццямі «нелаяльных» лукашэнкаўская дзяржава не даражыць.
«Если ты умрешь, Родина от этого ничего не потеряет», — заявіў мне неяк падчас абвастрэння чарговай хваробы фельчар жодзінскай турмы.
Дасюль цяжка згадваць пра турэмны досвед. 26 месяцаў за кратамі сталі пеклам. Я ўвесь час хварэла. Перанесла дзве аперацыі, увесь тэрмін сядзела на таблетках, неаднойчы ляжала пад кропельніцамі. Дагрукацца да медыкаў часта было нерэальна. З моцным крывацёкам мяне адпраўлялі на этап, саджалі ў ШІЗА, прымушалі браць удзел у цяжкіх інвентарных працах.
І гэта цуд, шчаслівы збег акалічнасцей, што пашэнціла там выжыць і вырвацца з гэтага палону жывой.
Наступствы зняволення будуць сказвацца яшчэ вельмі доўга. Дагэтуль праходжу рэабілітацыю, лекуюся ў клініках, наперадзе — чарговая аперацыя. І я не адна такая. Мы ўсе выходзім адтуль знясіленымі, скалечанымі фізічна і псіхічна.
Калі я была за кратамі, то не бачыла ніводнага палітвязня, які б не скардзіўся на праблемы са здароўем, на абыякавасць турэмных медыкаў.
Кожны палітвязень так ці інакш хварэе. Праз кепскія побытавыя ўмовы і пастаянны ціск з боку турэмнікаў пачынае даваць вялікія збоі імунная сістэма. Людзей свядома катуюць, гнояць і знішчаюць. Кожны палітзняволены, якога людажэрная сістэма адпраўляе за краты, рызыкуе адтуль не вярнуцца.
Я ўпэўнена, што няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё. Дзеля вызвалення палітвязняў дэмакратычным сілам варта адсунуць убок усе спрэчкі, сваркі, высвятленні адносін і засяродзіцца найперш на гэтай мэце.
На месцы Вадзіма Храсько мог быць любы палітвязень.
Глыбока спачуваю сям’і загінулага беларускага пакутніка. І давайце будзем увесь час памятаць пра тых, хто ў палоне рэжыму. І рабіць усё, каб ім дапамагчы.