Святлана Ціханоўская прапанавала прыняць асобны санкцыйны пакет супраць асоб, датычных да рэпрэсій
На сустрэчы са старшынёй Еўрапейскага парламента (ЕП) Рабертай Метсола ў Вільні беларуская дэмакратычная лідарка абмеркавала шляхі па вызваленні беларускіх палітычных зняволеных.
![Святлана Ціханоўская і Раберта Метсола. Фота прэс-службы Ціханоўскай Святлана Ціханоўская і Раберта Метсола. Фота прэс-службы Ціханоўскай](/img/v1/images/tsikhanovskaya_metsola_tg_st_1128x752_20230913.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская і Раберта Метсола. Фота прэс-службы Ціханоўскай
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, кіраўніцы ЕП перададзеная прапанова «прыняць асобны санкцыйны пакет супраць асоб, датычных да рэпрэсій, а таксама супраць прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць прымусовую працу вязняў», піша «Позірк» са спасылкай на прэс-службу Ціханоўскай.
Адзначаецца, што «многія з гэтых прадпрыемстваў прадаюць сваю прадукцыю ў краіны Еўрасаюза».
Ціханоўская таксама папрасіла суразмоўцу «падтрымаць ідэю стварэння міжнароднага фонду падтрымкі сем’яў палітвязняў і рэабілітацыі тых, хто выйшаў з турмаў», а таксама прапанавала ёй «узяць сімвалічнае шэфства» над адным з вязняў і «заклікаць іншых дэпутатаў далучацца да гэтай кампаніі».
Дэмлідарка прапанавала правесці ў Еўрапарламенце «дыскусію па шляхах прыцягнення рэжыму да адказнасці з удзелам Аб’яднанага пераходнага кабінета, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, міжнародных экспертаў і палітыкаў».
Бакі абмеркавалі «фармалізацыю стасункаў» паміж дэмсіламі і ЕП, «як ужо было зроблена з ЗША, Еўрапейскай камісіяй і Саветам Еўропы».
У сваю чаргу Метсола «выказала падтрымку беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду». Яна запрасіла Ціханоўскую паўдзельнічаць у саміце Еўрапейскай народнай партыі ў сакавіку ў Бухарэсце (Румынія), «каб зрабіць Беларусь адной з тэмаў падчас выбарчай кампаніі ў ЕП».
У сустрэчы ўдзельнічалі некаторыя былыя вязні і родныя тых, хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні з палітычных матываў. Яны заклікалі Метсола «звярнуць увагу на сітуацыю з палітвязнямі, іх сем’ямі, прыкласці намаганні па вызваленні палітвязняў».
Дэмакратычныя сілы паслядоўна прасоўваюць сярод усіх партнёраў ідэю стварэння фонду падтрымкі беларускіх палітычных зняволеных. Акцэнт на сітуацыі з палітычнымі вязнямі і неабходнасці вырашаць праблему іх наяўнасці зроблены ў рэзалюцыі, якую ЕП прыняў летась 14 снежня.
Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна» на 13 студзеня, палітвязнямі ў Беларусі прызнана 1414 чалавек.