Амністыя «для сваіх»: каго Лукашэнка вырашыў выцягнуць з турмы

На тыдні Лукашэнка раптам задумаўся аб амністыі. Справа гэта важная і цікавая. Але больш за ўсё цікава тое, як гэтае пытанне паказвае поўную адсутнасць крэатыўнага і творчага мыслення ў некаторых прадстаўнікоў нашай улады.

img_2820_logo_1.jpg

Але пачнем мы не з амністыі, а са смешнага. Вы не паверыце, але ў Беларусі зноў плануюць развіваць сетку 5G. Намеснік генеральнага дырэктара Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей Касанін на нарадзе ў Лукашэнкі заявіў, што «Савет па стратэгічных праектах прапанаваў развіваць у краіне інфраструктурную (цэнтралізаваную) мадэль развіцця сеткі 5G, рэалізацыю якой будзе ажыццяўляць адзіны дзяржаўны рэгулятар. У бліжэйшы час асноўнымі рэгулятарамі будзе падрыхтавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта».

Падрыхтаваныя матэрыялы, як паведаміла прэс-служба Акадэміі навук, будуць накіраваныя на ўзгадненне ва ўрад, а затым — Лукашэнку.

Калі вам усё ж не смешна, то нагадаю, што «развіваць у краіне сетку 5G» — гэта было перадвыбарчае абяцанне Аляксандра Лукашэнкі ад 2015 года. Амаль дзевяць гадоў спатрэбілася нашым «спецыялістам» з НАН, каб «прапанаваць мадэль развіцця», а вось «тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекта» за гэтыя дзевяць гадоў нават не стварылі.

А мы дзівімся, чаму ў нас дагэтуль па вуліцах не ездзяць айчынныя электрамабілі, стварэнне якіх нам таксама ўсяляк абяцалі «вось-вось».

Навіна гэта адначасова і смешная, і палохлівая, калі ўлічыць, што тыя ж людзі з НАН шукалі і знайшлі пляцоўку для будаўніцтва другой беларускай АЭС. Пры гэтым нават на сайце Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі (а мы ўжо забыліся, што такое існуе) напісана, што «суседнія краіны адмовіліся купляць беларускую электраэнергію па прынцыповых меркаваннях. І наўрад ці ўжо перадумаюць. А для самой Беларусі нават адной АЭС зашмат, улічваючы, што магчымасці генерацыі энергіі ў краіне пераўзыходзяць яе патрэбы».

У Беларусі наогул у прынцыпе застой крэатыўнай думкі. Напрыклад, раптам, зноў жа на нарадзе ў Лукашэнкі ўзнікла пытанне аб амністыі. Амністыю ўлады праводзілі заўсёды, на 5- і 10-гадовыя гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама перамогі ў ВАВ. А сёлета краіна адсвяткуе 80-годдзе вызвалення Беларусі, якое адзначаецца 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска.

Пытанне пра амністыю наспела тым больш, што трэба «разгрузіць» вядомы Пішчалаўскі замак — следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Мінску. У другім квартале 2024 года — якраз пад амністыю — «Валадарка» павінна пераехаць у новы следчы ізалятар у Калядзічах. Магчыма, усе там не змесцяцца.

Вось і падумаў Лукашэнка, што амністыя будзе ў самы раз. І прапанаваў на нарадзе падысці да яе «нетрадыцыйна». «І калі мы прымем станоўчае рашэнне, то з улікам асаблівасці даты (80-годдзе вызвалення Беларусі) амністыя павінна мець адрозненні. Трэба будзе больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных», — сказаў ён. Тым больш, што, па словах Лукашэнкі, працаваць над законапраектам аб амністыі трэба будзе новаму складу парламента, людзям, на яго думку, «са свежым поглядам, ідэямі».

І што? Ці пачулі яго чыноўнікі? Ледзь пакінуўшы кабінет Лукашэнкі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што «агулам будуць захаваныя падыходы, якія ўжываліся падчас правядзення амністыі ў 2022 годзе». Гэта значыць — нічога «нетрадыцыйнага» ад яго чакаць не даводзіцца.

Больш за тое, па словах міністра, у першую чаргу будуць вызваленыя ад усіх відаў пакаранняў, спынена папярэдняе следства ў дачыненні да некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы, што «не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі». А вось асуджаныя за «экстрэмізм» і «тэрарызм» пад амністыю не трапяць.

Варта падумаць над тым, якая ў нас катэгорыя «не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі». Напрыклад, на тыдні стала вядома, што суд Добрушскага раёна вынес выракі былому першаму намесніку старшыні Добрушскага райвыканкама, дзеючым і былым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна. Яны абвінавачваліся ў крадзяжы маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванні і перавышэнні ўлады, службовым падлогу.

«Дзеянні фігурантаў былі звязаныя з крадзяжом таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў аграпрадпрыемстваў. Гаворка як пра будаўнічыя матэрыялы, так і грашовыя сродкі. Таксама былі ўнесены недакладныя звесткі ў дзяржаўную статыстычную справаздачнасць аб колькасці вырабленага і рэалізаванага малака ў агульным аб'ёме больш за 5 млн кг», — казаў пракурор Добрушскага раёна Павел Чырыкаў. Сума шкоды склала больш за 133 тысячы рублёў.

І пры гэтым за прыпіскі ў 5 мільёнаў кілаграм (а гэта пяць тысяч тон!) пракурор запытаў максімальны тэрмін у 7 гадоў. Суд палічыў такое пакаранне занадта жорсткім, і даў 6 гадоў. Пры гэтым прысуд пакуль не набыў законную моц і яшчэ можа быць абскарджаны.

А некаторыя з фігурантаў той справы і наогул атрымалі абмежаванне свабоды і нават папраўчыя работы (цікава, якія работы ім запрапануюць з улікам таго, што яны — аграрыі, а значыць, звыклі працаваць цяжкаю працай). І, зразумела, далі ўсім штрафы — казну ж папаўняць трэба!

Вядома, махлярства на пяць тысяч тон малака і сума шкоды ў больш за 133 тысячы рублёў «не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі». Вялікую грамадскую небяспеку ўяўляе данат у 20 долараў у ініцыятыву, якую потым прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». За гэта аднаму мінскаму індывідуальнаму прадпрымальніку далі амаль столькі ж, колькі за пяць тысяч тон малака — пяць гадоў.

І не выключана, што апеляцыйная інстанцыя, а потым і камісія па амністыі ўлічаць станоўчыя рэкамендацыі прадстаўнікоў добрушскай «аграэліты» з месца працы, тое, што некаторыя з іх былі дэпутатамі мясцовых саветаў і нават дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, і ўвогуле «паважанымі людзьмі». Спачатку ім «скінуць тэрміны» па апеляцыі, потым залічаць у тэрмін пакарання час знаходжання ў СІЗА, а тут опанькі — і амністыя. А потым Лукашэнка іх зноў прызначыць кіраваць якім-небудзь сельгаспрадпрыемствам.

Таму што больш няма каго паставіць кіраваць — усе кіраўнікі скончыліся. Таму нават карупцыянерам паказальна даюць па 7 — 13 гадоў, а потым ціха выпускаюць праз паўтара-два гады.

І спіс такіх прэтэндэнтаў на амністыю — доўгі. Ды яшчэ і «справа малочнікаў» — наперадзе.

А ў Лукашэнкі наперадзе выбары 2025 года. І яму патрэбныя на кіруючых пасадах «моцныя гаспадарнікі», якія панюхалі, чым патыхае «зона». І, каб туды не вярнуцца зноў, яны будуць шчыраваць, каб забяспечаць Лукашэнку патрэбны вынік выбараў.

Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэтым будзе «нестандартны падыход» да амністыі. Але пры гэтым такая схема зусім не апраўдвае адсутнасць у Кубракова крэатыву і таго самага «нестандарту», якога патрабаваў ад яго ягоны начальнік.

Глядзіце таксама