Лукашэнка анансаваў амністыю, але, выглядае, палітвязняў яна не закране
На нарадзе 11 студзеня са сваімі сілавікамі і іншымі чыноўнікамі Лукашэнка анансаваў амністыю для асуджаных з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі (на той момант БССР) ад гітлераўскіх захопнікаў. Але, выглядае, на палітвязняў яна зноў не распаўсюдзіцца — як і папярэдні раз, у 2022 годзе.
«У гэтым годзе мы адзначым 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — сказаў на нарадзе Лукашэнка (яго словы перадае прэс-служба). — І калі мы прымем станоўчае рашэнне, то з улікам асаблівасці даты амністыя павінна мець адрозненні. Трэба будзе больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных. Трэба падысці да пытання амністыі нетрадыцыйна».
Паводле слоў Лукашэнкі, пасля падрыхтоўкі законапраекта яго «з усіх бакоў» абмяркуе палата прадстаўнікоў. І гэта адбудзецца ўжо пасля «выбараў» 25 лютага.
«Працаваць трэба будзе новаму складу — людзям са свежым поглядам, ідэямі. Але трэба ўлічваць і крымінагенную сітуацыю ў грамадстве. Звярніце ўвагу на недахопы папярэдніх амністый, каб іх не паўтарыць», — сказаў кіраўнік рэжыму.
З важнага ён яшчэ сказаў, што ў кантэксце амністыі «трэба звяртаць больш увагі на занятасць насельніцтва»: «Калі нават мы ідзём на амністыю, памілавалі чалавека, ён абавязкова павінен працаваць, ён абавязкова павінен працаўладкавацца».
У Беларусі, як вядома, абвастраецца праблема з занятасцю насельніцтва, бо з кожным годам усё больш людзей з’язджаюць працаваць за мяжу. Таму, адзначыў Лукашэнка, прымусіць працаваць трэба будзе амніставаных.
Ён падкрэсліў ролю органаў улады на месцах у частцы таго, каб гэтае патрабаванне выконвалася: «Гэта праца, якую часам адпаведныя органы рабіць не хочуць, а трэба. У нас нямала людзей непрацуючых. А некаторыя стогнуць, што ім два дзясяткі людзей на прадпрыемстве не хапае». Зрэшты, дадаў ён, да абмеркавання пытанняў занятасці і працаўладкавання насельніцтва трэба будзе вярнуцца і «яшчэ раз сур'ёзна прааналізаваць існуючыя праблемы».
Яшчэ больш яскрава далейшае жыццё амніставаных акрэсліла прэс-сакратарка Лукашэнкі адыёзная Наталля Эйсмант.
«Тыя, хто будзе памілаваны, будуць выходзіць з месцаў зняволення на пэўных умовах. І кантроль за тым, як гэтыя ўмовы будуць выконвацца, павінен быць жалезным, а інакш, як сказаў [Лукашэнка], рэакцыя будзе імгненнай і жорсткай», — сказала яна.
Пра амністыю ў 2024 годзе паведамлялася і раней, і сёння, на фоне лукашэнкаўскай нарады, зноў узнікла надзённае пытанне: ці закране гэты закон палітзняволеных, якіх у Беларусі дэ-факта па-ранейшаму тысячы і якіх утрымліваюць у няволі часта ў нялюдскіх умовах? Адказ на гэтае пытанне даў кіраўнік МУС Кубракоў. І адказ — адмоўны.
«У кожнага, хто асуджаны за «экстрэмізм» і «тэрарызм», была магчымасць звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб памілаванні. Напісаныя заявы былі разгледжаны, недзе задаволены. Па астатніх раскаяння на сёння мы асабліва не заўважылі. Таму ўнеслі прапанову не прымяняць амністыю да гэтай катэгорыі асуджаных», — сказаў Кубракоў. І дадаў, што на нарадзе гэтую прапанову падтрымалі.
«Экстрэмістамі» і «тэрарыстамі» лукашэнкаўскі рэжым называе фактычна ўсіх палітычных зняволеных. У адпаведныя спісы ўносяць нават тых, хто засвяціўся на пратэстах і атрымаў «хатнюю хімію», альбо быў асуджаны за лайк у сацсетках і месенджарах.