«Красці па чыне — частка сістэмы». Чалы — пра кадравыя праблемы ў апараце Лукашэнкі

Аналітык Сяргей Чалы — пра кадравыя праблемы рэжыму Лукашэнкі і затрыманні топ-менеджараў.

full_6_logo_1.webp

— Я паглядзеў біяграфію новага міністра эканомікі: гэты чалавек не працаваў нідзе, акрамя Міністэрства эканомікі. Як скончыў ВНУ, так і прыйшоў туды вядучым спецыялістам, — пракаментаваў Сяргей Чалы прызначэнне Юрыя Чабатара, піша «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Звычайнай раніцы». — Вы не знойдзеце ніводнай згадкі пра тое, што ў яго ёсць нейкая навуковая ступень у эканоміцы, у яго няма дысертацый на гэтую тэму. Гэта бюракрат, функцыянер.

Тое, што Лукашэнка запатрабаваў ад яго «не хлусіць», думаю, звязана з былым міністрам Аляксандрам Чарвяковым, які займаўся тым, што распавядаў, як у нас усё выдатна. Гэта быў галоўны чалавек, які адказваў за аптымізм. Што б ні адбывалася ў эканоміцы, усё было добра.

У мяне ёсць адчуванне, што ў апараце лепш відаць, што сітуацыя ў эканоміцы значна больш трывожная, чым можа здацца. І вось гэтае «ні ў якім разе не хлусіць, таму што я ўсё роўна даведаюся» — камень у агарод папярэдняга кіраўніцтва, паколькі кіраўнік усё ж такі нешта даведаўся.

Вы ж разумееце, што цяпер паводзіны ўсіх арганізацый выключна бюракратычныя, яны не накіраваны на тое, каб нешта рэальна зрабіць у эканоміцы, бо гэта практычна немагчыма. Груба кажучы, вы даўно не можаце прыносіць Лукашэнку дрэнныя навіны. Таму галоўная мэта паводзін чыноўнікаў — прыкрываць сваю задніцу.

Яшчэ адна фраза, што прагучала падчас пажадання Лукашэнкі новаму міністру, на якую звярнуў увагу Чалы: трэба «пераканаць людзей у тым, што лепш за нас не будзе».

— Вось гэты тэзіс «пераканаць людзей», «паказаць людзям» насамрэч стары. Лукашэнка просіць ужо не зрабіць людзям добра, а зрабіць так, каб людзям здавалася, што ім добра.

Ці нават часам у яго гучала: каб людзі не скардзіліся. Як вядома, добра звязаны пацыент у анестэзіі не мае патрэбы. У пэўных сістэмах людзі не скардзяцца, нават калі ім дрэнна. Таму хутчэй за ўсё гэтая мэта будзе дасягнута, таму што скардзіцца будзе небяспечна. А значыць, урад будзе лічыць, што задача вырашана.

Гэта значыць, дапамагчы мы не можам, але давайце створым хоць бы ілюзію. Паглядзіце, пра што чыноўнікі кажуць, пра тое, што «ежы хапае на паліцах, скардзіцца няма на што».

Але яшчэ ў канцы 90-х Лукашэнка казаў: маўляў, мяса шмат не ешце, толькі па святах, і ўсё будзе ў парадку. Дык мы нікуды і не рушылі з таго часу. А гэтая логіка (давайце радавацца малому) — прысуд гэтай сістэме, — адзначыў аналітык.


Глядзіце таксама

Менавіта пэўнымі правіламі створанай Лукашэнкам сістэмы ён тлумачыць і нядаўнія гучныя затрыманні топ-менеджараў буйных прадпрыемстваў.

— Асаблівасць беларускай сістэмы ў тым, што ў ёй няма карупцыі. Растлумачу: у нас такая неафеадальная сістэма ўлады, сутнасць якой у тым, што часткай сацпакета чыноўнікаў рознага ўзроўню з'яўляецца дазволеная магчымасць красці, тое, што калісьці ў скрэпнай Расіі называлася «крадзеж па чыне». Крадзеж па чыне — гэта не карупцыя, а частка сістэмы, таму што, уявіце сабе, заробкі дырэктараў буйных заводаў у нас — 4 тысячы беларускіх рублёў. Усе выдатна разумеюць, што такія заробкі прадугледжваюць крадзеж. Паўтараю, так ўладкавана сістэма, гэта нармальнае яе функцыянаванне.

Але тут няма ніякай пастановы або ўказа, якім бы вызначаўся памер «крадзяжу па чыне». Гэты памер кожнаму на сваім працоўным месцы трэба ўсталёўваць вопытным шляхам. Дык вось карупцыяй у нас называецца «крадзеж не па чыне», калі бяруць занадта шмат, на чым і пагарэлі дырэктары БЕЛАЗа, «Бабулінай крынкі», МТЗ, — лічыць Чалы.

Ён упэўнены, што ў апараце Лукашэнкі існуе сур'ёзная кадравая праблема, і не выключае найбліжэйшым часам чарговых прызначэнняў ва ўрадзе.

— Новыя пасады ў адміністрацыі — гэта даўно ўжо не замена, а ратацыя. Прычым па прынцыпе, калі ўжо выбралі лепшых з лепшых, а цяпер перайшлі да лепшых з горшых. Там ужо няма на каго іх мяняць, іх можна толькі перастаўляць з аднаго месца на іншае, як гэта даўно і адбываецца.

Паглядзіце, у Нацбанку цяпер каля ста вакансій, пры тым што там работнікаў не так шмат, гэта не самае вялікае ведамства. Гэта паказчык таго, што мяняць кадры няма на каго.

Так, Галоўчанка нягледзячы на папярэджанні Лукашэнкі ўтрымаўся ў сваім крэсле. Трэба разумець, што прэм'ер — гэта такі самы вялікі запас, гэта прыкметнае прызначэнне, яго не будзеш мяняць часта. Гэта не міністр эканомікі.

Я думаю, што ў бліжэйшыя месяцы мы ўбачым кадравыя прызначэнні, якія нельга будзе інтэрпрэтаваць інакш, як SOS, як тое, што «трэба тушыць пажар». І цалкам дапускаю, што гэта прызначэнне будзе звязана менавіта з прэм'ерскай пасадай, — зрабіў прагноз Сяргей Чалы.