«Самае карумпаванае ведамства — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Тры яго кіраўнікі пакінулі пасады з-за карупцыі»
Чаму Лукашэнка, які ў 1994 годзе прыйшоў ва ўладу на хвалі «барацьбы з карупцыяй», дагэтуль не перамог карупцыю? Чаму мы ці не штогод чуем пра новыя гучныя карупцыйныя справы, але карупцыя ўсё роўна квінтее? Палітолаг, аўтар кнігі «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» Валерый Карбалевіч разважае над гэтай праблемай.
У Беларусі — новы ўсплёск барацьбы з карупцыяй. Між тым для яе ў краіне створаны вельмі спрыяльныя ўмовы. Сама пабудаваная тут сацыяльная мадэль прадукуе карупцыйныя працэсы. Бо сістэма, у якой дзяржава (гэта значыць чыноўнікі) кантралюе ўсе сферы жыцця, а ў эканоміцы велізарная роля дзяржсектара, з'яўляецца для карупцыі ідэальнай, піша Карбалевіч у «Позірку».
Аляксандр Лукашэнка надаў рэзананс «малочнай справе». Яго фігурантамі сталі 26 чалавек, 15 з якіх знаходзяцца пад вартай. Галоўным падазраваным у справе назвалі гендырэктара магілёўскага прадпрыемства «Бабушкіна крынка» Генадзя Скітава. У рамках гэтай справы затрыманы экс-міністр сельскай гаспадаркі, а потым памочнік Лукашэнкі — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло.
Усё вырашае чыноўнік
Як вядома, Лукашэнка зрабіў ідэю барацьбы з карупцыяй сцягам сваёй прэзідэнцкай кампаніі 1994 года. Ён абяцаў адсекчы гэтай гідры галаву, разграміць мафіёзныя кланы. Вобраз непрымірымага змагара з карупцыяй стаў візітнай карткай беларускага прэзідэнта. Ён шмат разоў пераконваў расейскіх журналістаў у тым, што ў нас няма такой маштабнай карупцыі, як у РФ, таму што, маўляў, сам не краду і чыноўнікам спуску не даю. У 2018 годзе падчас паездкі ў Слуцк Лукашэнка заявіў: «Я яшчэ з першых прэзідэнцкіх выбараў выразна сказаў народу, што ў Беларусі карупцыі быць не можа».
Шмат гадоў у аснове афіцыйнага ідэалагічнага канструкту ляжыць тэзіс пра моцную дзяржаву, якая здольная забяспечыць парадак. Маўляў, хай у нас улада і аўтарытарная, але затое яна змагаецца за справядлівасць. Дзяржаўнае дабро не раскралі, няма бязмежжа прыватнікаў. Пры гэтым у Беларусі аж дзевяць (!) ведамстваў з правам аператыўна-вышуковай дзейнасці.
Нягледзячы на ўсё гэта, карупцыя ў краіне квітнее. Пра што не стамляецца нагадваць сам Лукашэнка, выкрываючы ўсё новыя і новыя факты такіх дзеянняў.
Чаму? Таму што насамрэч у Беларусі для карупцыі вельмі спрыяльная глеба. Сама сацыяльная мадэль стымулюе карупцыйныя працэсы. Бо сістэма, у якой дзяржава (гэта значыць чыноўнікі) кантралюе ўсе сферы грамадскага жыцця, а ў эканоміцы велізарная роля дзяржсектара, з'яўляецца ідэальнай для карупцыі.
Калі ў большасці краін свету адбываецца рынкавае самарэгуляванне сацыяльна-эканамічных працэсаў, то ў Беларусі ўсё вырашае чыноўнік. Велізарная ўлада бюракратыі ў закрытай, непразрыстай сістэме, дзе любая інфармацыя аб'яўляецца сакрэтнай, пры адсутнасці вяршэнства закона вядзе да таго, што карупцыя ў такой краіне запраграмавана, закладзена генетычна.
Рыба гніе з галавы
Сродкі барацьбы з карупцыяй у свеце даўно вядомыя. Гэта памяншэнне ролі дзяржавы ў эканамічнай, сацыяльнай, грамадскага жыцця. Гэта кантроль за ўладай з боку грамадства. Гэта моцная апазіцыя, грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, якія сочаць за кожным крокам чыноўнікаў. Гэта прававая дзяржава ў выглядзе вяршэнства закона, незалежнага суда.
Але нічога гэтага ў Беларусі няма. Бо кантроль з боку грамадства за чыноўнікамі не можа быць заменены кантролем за імі з боку аўтарытарнага кіраўніка. Нават калі той шчыра зацікаўлены ў перамозе над гэтым злом.
Звярніце ўвагу, як у Беларусі працуе сістэма, прабачце за выраз, «правасуддзя». Дастаткова старшыні КДБ ці кіраўніку Камітэта дзяржкантролю прадставіць Лукашэнку дакладную запіску ў дачыненні да любога грамадзяніна, кіраўнік ставіць рэзалюцыю, і ўсё. Лёс чалавека вырашаны. Апраўдацца ў яго няма ніякіх шанцаў. Суд — гэта інсцэніроўка, фікцыя, не больш за тое, апраўдальных прысудаў ён не выносіць. Праўда, калі ёсць грошы, то можна адкупіцца, што многія багатыя і робяць.
Акрамя таго, паводзіны самога Лукашэнкі, які заклікае ўсіх да сціпласці і служэння дзяржаве, не з'яўляюцца добрым прыкладам. Задавальненне за дзяржаўны кошт любога капрызу, ад наяўнасці 16 рэзідэнцый да правядзення штогадовага міжнароднага хакейнага турніру імя самога сябе, разбэшчвае чыноўнікаў больш, чым нешта іншае.
Напрыклад, напрошваецца выснова, што самае карумпаванае ведамства ў Беларусі — гэта кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Тры яго кіраўнікі сыходзілі з пасады з гучным скандалам і абвінавачваннямі ў карупцыі.
Важным сімптомам стаўлення да карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады стаў вядомы пасёлак у сталічным раёне Дразды, дзе пасяліліся вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. Рыба, як вядома, гніе з галавы. Адразу ўзнікае пытанне: за кошт чаго людзі з дзяржапарату пабудавалі ў Драздах, Вяснянцы катэджы коштам па мільёне долараў?
Ствараецца ўражанне, што Лукашэнка да пары да часу глядзіць на карупцыю ў сваім асяроддзі скрозь пальцы. Таму што людзі, на якіх ёсць сур'ёзны кампрамат — самыя надзейныя і адданыя. Ім няма куды бегчы з падводнай лодкі.
Лукашэнка шмат разоў казаў, што пры прызначэнні на пасады з прэзідэнцкага кадравага рэестра кандыдатаў правяраюць з дапамогай таго ж КДБ і іншых «кампетэнтных органаў». Мяркуючы па ўсім, на кожнага чыноўніка маецца дасье з кампраметуючай інфармацыяй.
Часам гэтаму кампрамату даюць ход. Магчыма, справа ў тым, што калі ў вышэйшых чыноўнікаў з'яўляюцца свае незалежныя і невядомыя Лукашэнку крыніцы даходаў — гэта ўжо крамола, паколькі азначае выхад з-пад кантролю. За гэта караюць.
Права не працуе, грамадскага кантролю няма
Пры гэтым шкодную ролю адыгрывае практыка памілавання службовых асоб, асуджаных за карупцыю. Многія вельмі хутка выходзяць з турмы, іх адпраўляюць кіраваць, напрыклад, адсталымі сельгаспрадпрыемствамі. Чыноўнікаў прывучаюць думаць, што ў краіне дзейнічае воля Лукашэнкі, а не закон. А калі моцна пакаяцца, напісаць прашэнне, асабліва падкрэсліўшы, што цар міласэрны, то можна хутка выйсці на волю.
Ёсць яшчэ адна спрыяльная ўмова для карупцыі ў Беларусі. Тут дзейнічае вельмі супярэчлівае гаспадарчае права. Адсутнічаюць адзіныя для ўсіх правілы гаспадарчай дзейнасці.
У кожнай вобласці ёсць свабодныя эканамічныя зоны з асаблівым падатковым рэжымам. Дзейнічаюць Парк высокіх тэхналогій, індустрыяльны парк «Вялікі камень» — гэта, па сутнасці, падатковыя афшоры. У Аршанскім раёне ўказам Лукашэнкі створаны эксклюзіўныя гаспадарчыя ўмовы. Дзяржпрадпрыемствы бяруць крэдыты ў дзяржбанках па льготным адсотку і часцей за ўсё іх не вяртаюць. Замежныя інвестары лабіруюць для сябе эксклюзіўныя гаспадарчыя рэжымы. І гэтак далей. Межы паміж гэтымі зонамі вельмі рухомыя.
Акрамя таго, праваахоўныя органы вельмі суб'ектыўна трактуюць розныя парушэнні, напрыклад ухіленне ад падаткаў. І аспрэчыць іх дзеянні немагчыма. Вядомая маса прыкладаў, калі багатага чалавека саджаюць за краты, называюць суму выкупу. Калі ён плаціць — вызваляюць, крымінальнай справы не заводзяць. Казаць аб праве ў такіх умовах не даводзіцца.
Адсутнасць грамадскага кантролю за працай дзяржаўных устаноў, непразрыстасць, сакрэтнасць усёй сістэмы дзяржкіравання, прававы хаос, залежнасць суда ад выканаўчай улады, няроўнасць грамадзян перад законам — усё гэта стварае карупцыйны кактэйль. І пакуль сістэма такая, у гідры будуць адрастаць усё новыя галовы.