Гэта ігнор? У Мінску Пуцін усяго толькі дазволіў Лукашэнку пагрэцца ў сваёй машыне

Прынамсі знешне ў адносінах крамлёўскага Болека і мінскага Лёлека можна ўгледзець прахалоду.

Крыніца: прэс-служба Лукашэнкі

Крыніца: прэс-служба Лукашэнкі

23 лістапада ў Мінску прайшоў саміт АДКБ. Пра яго аніякаватыя вынікі медыя аператыўна паведамілі, асабліва падкрэсліўшы адзіноту Лукашэнкі ў агрэсіўнай рыторыцы і гучную адсутнасць прадстаўнікоў Арменіі. Куды менш увагі было нададзена прысутнасці Пуціна і адсутнасці яго сустрэчы з мінскім хаўруснікам.

Глядзіце таксама

Фармальна, вядома, сустрэча была. Але такая, пра якую лукашэнкаўская прэс-служба пасаромелася нават заявіць на сайце свайго начальніка. Толькі ў тэлеграм-канале сціпла паведамілі, маўляў, вялікія лідары пагаварылі «на вока», а потым размова працягнулася ў аўтамабілі, дзе палітыкі «абмеркавалі справы».

Аўтамабіль быў пуцінскі, той адразу пасля саміту спяшаўся ў аэрапорт, каб з’ехаць дадому. І ў Мінск ён прыляцеў акурат пад самы пачатак сесіі АДКБ. Як кажуць, нічога лішняга. Адсядзеў дзяжурнае мерапрыемства і пагнаў дахаты.

Адзіны шанец быў у Лукашэнкі пасядзець поплеч са сваім «старэйшым братам» — менавіта папрасіцца ў машыну па дарозе ў аэрапорт. І ён гэтай магчымасцю скарыстаўся, як бы прыніжальна гэта не выглядала.

Пра змест размовы прапагандысты так і не паведамілі ніякіх падрабязнасцяў. Прэс-служба Пуціна ўвогуле пра гэта не ўспомніла, а той-сёй з маскоўскіх журналістаў з гэтага проста пакпіў. Ну, пусціў прэзідэнт РФ чалавека пагрэцца ў свой цёплы аўтамабіль, што тут такога?

Можа, і нічога. Але факт у тым, што часу (і жадання) сустракацца з Лукашэнкам крамлёўскі кіраўнік не знаходзіць не ўпершыню.

У мінулым месяцы, напрыклад, у Бішкеку праходзіў саміт СНД. Там Пуцін сустрэўся з шэрагам лідараў постсавецкіх краін — з азербайджанцам Аліевым, з таджыкам Рахмонам. Час знайшоўся, з тымі, з кім хацеў, пагутарыў у афіцыйным фармаце. З кім не — з тымі не.

Лукашэнка хацеў тады правесці перамовы з Пуціным. Сустрэчу анансаваў асабіста, яго цытавалі. Але потым расійскі бок усё абнуліў. Памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў заявіў, што «двухабаковай сустрэчы не плануецца». Маўляў, яны і так зашмат сустракаюцца, плюс заўсёды можна перамовіцца па тэлефоне.

У Бішкеку ў выніку Лукашэнка задаволіўся адзіным дыялогам з узбекскім кіраўніком Мірзіёевым.

Так, гэтаму можа быць шмат бяскрыўдных тлумачэнняў. Расія і Беларусь застаюцца блізкімі хаўруснікамі. Масква працягвае карміць Мінск і ўсяляк дапамагаць лукашэнкаўскаму рэжыму. Усё ж добра, што тут яшчэ абмяркоўваць? І ўсё ж: два разы Лукашэнка набіваўся на размову з Пуціным і два разы быў дэ-факта праігнараваны.

Пры гэтым яшчэ нядаўна іх сустрэчы былі частымі і знешне цёплымі. Настолькі, што эксперты казалі: Лукашэнка ездзіць у Расію як на працу.

Глядзіце таксама

У сярэдзіне верасня, напрыклад, беларускі дыктатар лётаў у Сочы, дзе і размаўлялі доўга, і потым разам правялі прэс-канферэнцыю. У адзін голас аблаялі Украіну і ЗША. Лукашэнка пахваліўся, што ў межах інтэграцыйнага супрацоўніцтва выканана 80% задач, засталося тры месяцы, каб астатняе «даціснуць».

У ліпені Лукашэнка наведаў Санкт-Пецярбург. Там увогуле два аўтакраты мілаваліся. «Усе нашыя планы рэалізуюцца, прычым нават лепшымі тэмпамі, чым мы з вамі чакалі», — задаволена сказаў Пуцін. «За дзень мы не ўложымся, — у адказ глядзеў наперад Лукашэнка. — Я так разумею, што вы знойдзеце час, каб мы паразмаўлялі». «Канешне, — пагадзіўся гаспадар Крамля. — Я некаторыя свае планы змяніў. Паўтара-два дні мы з вамі спакойна можам правесці». І не схлусіў: стасункі тым разам былі настолькі цеснымі, што гэтыя два немаладых чалавекі нават злёталі разам на востраў Валаам і паставілі свечкі з храме. Беларуская прапаганда радавалася — вось якое сяброўства паміж нашымі цудоўнымі лідарамі, вадой не разальеш.

Літаральна за паўтары месяцы да таго, у чэрвені, Пуцін зноў сустракаў Лукашэнку ў Сочы. У тыя дні ў гэтым горадзе праходзілі пасяджэнні Еўразійскай міжурадавай рады і рады кіраўнікоў урадаў СНД. Але ж гэта афіцыёз, ён не можа быць перашкодай для абдымкаў старых сяброў. Пуцін запрасіў таварыша на сняданак пад цёплым паўднёвым сонейкам і сярод іншага адзначыў, як добра і выключна паводле плану рэалізуецца праект па размяшчэнні ў Беларусі расійскай ядзернай зброі.

У красавіку была яшчэ сустрэча наўпрост у Крамлі — якраз напярэдадні пасяджэння Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы. Там Лукашэнка хваліўся сваёй мікраэлектронікай: «Мы ўсё вытрымаем. У нас і ракеты лётаюць, і баявая тэхніка перасоўваецца. Мы дакладна адпрацавалі той заробак, які нам плацяць». На правах чалавека, які плаціць за ўсю інтэграцыйную музыку, Пуцін з задавальненнем адзначыў добрыя вынікі «сумеснай працы» і заявіў, што часу ў яго хапае, каб «у спакойнай нязмушанай абстаноўцы» абмеркаваць усе надзённыя пытанні.

Перад гэтым яны сустракаліся ў лютым — у падмаскоўным Нова-Агарове, дзе ў Пуціна рэзідэнцыі. І зноў усё было ў цукерачна-букетным стылі. Лукашэнка сказаў, што з 28 саюзных праграм 80% ужо выкананыя, засталіся нейкія дробязі — «у асноўным гуманітарныя пытанні». «Ключавыя моманты вырашаныя», — пагадзіўся расійскі прэзідэнт.

Ну а ў снежні 2022-га наогул быў нейкі нон-стоп. Спачатку Пуцін з цэлай світай прыехаў у Мінск. Былі перамовы і ў вузкім, і ў пашыраным складзе, і выхад да прэсы. Шмат казалі пра эканоміку, цэны на расійскія энергарэсурсы, сумеснае супрацьстаянне Захаду і пра палёт у космас беларускага касманаўта.

«Наогул, напэўна, хтосьці зайздросціць, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта сустракаемся, — раптам не вытрымаў ад радасці Лукашэнка. — Можа, хтосьці і хацеў бы з ім часцей сустракацца. Ну, ён адкрыты для такіх сустрэч. Для сустрэчы патрэбныя толькі нагоды і прычыны. <…>. Супакойцеся, усё будзе нармальна. Мы проста так без працы час не праводзім. Хоць знаходзім гадзіну-другую для таго, каб і адпачыць».

Потым у снежні ўжо Лукашэнка паляцеў да Пуціна — на нефармальны саміт краін СНД. Расійскі кіраўнік тады правёў з ім двухбаковыя перамовы ў Рускім музеі, куды сам яго ж і прывёз, заехаўшы па дарозе. Ну хіба не ідэальныя адносіны?

І вось года не прайшло, а ад той цеплыні, быццам бы, мала што засталося. Сустрэчы анансуюцца, але не адбываюцца. Пуцін больш не заязджае за «малодшанькім», а толькі дазваляе таму падсесці ў салон. Гэта, безумоўна, не сведчыць, што ім не па дарозе — са свечкамі на Валааме ніхто не стаяў, каб так сцвярджаць. Але, можа, гэтая прахалода сапраўды не проста так, і не выпадкова пачасціліся развагі Лукашэнкі пра нармалізацыю адносін з Захадам?

Адказ на гэтае пытанне мала хто ведае. Вядомыя толькі імперскія імкненні Крамля да кантролю на асобных постсавецкіх тэрыторыях і звярынае нежаданне Лукашэнкі дзяліцца ўладай хоць з кім.