«Пуціну, магчыма, сапраўды прыемна бавіць час з Лукашэнкам»

Лукашэнка скурай адчувае, што падабаецца Пуціну. Таму апошні так часта і выклікае беларускага калегу да сябе. Вынікі двухдзённага візіту Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург падвялі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам. 

Cустрэча Лукашэнкі з Пуціным. Скрыншот з відэа «Пул первого»

Cустрэча Лукашэнкі з Пуціным. Скрыншот з відэа «Пул первого»

— Два дні Лукашэнка знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу з рабочым візітам. Публічныя размовы вяліся ў першы дзень. Лукашэнка паказаў Пуціну карты, адкуль «рыхтаваўся напад на Саюзную дзяржаву», а затым распавёў пра сцэнар расчлянення Украіны і папрасіў падтрымкі Пуціна ў абароне Заходняй Украіны. Як гэта разумець?

— Калі ацэньваць усё сказанае на цвярозы розум, то зразумець цяжка. Але яшчэ ў 2020 годзе прапаганда заяўляла, што Польшча хоча далучыць да сябе Заходнюю Беларусь. Цяпер, каб зрабіць поўны камплект, яны «далучылі» да Заходняй Беларусі Заходнюю Украіну — то-бок нібыта Польшча хоча вярнуцца да меж міжваеннага часу, да 1939 года. Бо Польшча і так моцная дзяржава, а з далучэннем новых зямель стане яшчэ больш моцным ворагам для Лукашэнкі і Пуціна. Гэта з пункту гледжання Лукашэнкі і Пуціна. 

Глядзіце таксама

Што да жадання кагосьці акупаваць, то тут усё лагічна: старая расійска-імперская дактрына: маўляў, Расійская імперыя ніколі нікога не заваёўвала, яна толькі несла самае лепшае, самае высокае,  выконвала цывілізацыйную місію. Яны ніколі не далучалі і не анексавалі — толькі «воссоединяли», уз’ядноўвалі. І Савецкі Саюз, згодна з афіцыйнай дактрынай, ніколі нікога не заваёваў — усе добраахвотна далучаліся ці ўз’ядноўваліся. У дачыненні да Украіны яны таксама выкарыстоўваюць гэты тэрмін; яны ж не кажуць, што збіраюцца акупаваць Украіну — не, яны кажуць пра «вызваленне» Украіны. Прычым гэтая дактрына таксама падвяргаецца эвалюцыі: калі раней казалі, што трэба вызваліць рускамоўнае насельніцтва, то цяпер яны кажуць, што Адэса і Мікалаеў — гэта рускія гарады, іх трэба вярнуць рускім. Адпаведна, яны «вызваляюць», а Польшча жадае «захапіць». 

Гэта ўсё выглядае абсалютна недарэчна, з якога боку не паглядзець: не пасуе польскім нацыяналістам, якія цудоўна разумеюць, што Польшчы не патрэбны межы 1939 года, бо гэта зменіць этнічны склад насельніцтва; не патрэбна іншым палітычным сілам, бо Польшча бачыць сябе рэгіянальнай дзяржавай, фарпостам на мяжы з «рускім светам» і ў гэтай якасці зацікаўлена ў пашырэнні свайго ўплыву.

Глядзіце таксама

Але што робіць прапаганда? У Лукашэнкі і ў Пуціна ўласны светапогляд, які пераносіцца на іншых, то-бок яны лічаць, што іншыя будуць дзейнічаць таксама, як яны. Пуцін вырашыў «рускую Украіну» вярнуць сабе, адпаведна, палякі жадаюць вярнуць сабе так званую «польскую Украіну». А Лукашэнка кажа, што яму такое ўзмацненне Польшчы не патрэбна. Рэвізіянізм, які прыпісваецца Польшчы, выглядае смешным і недарэчным: катэгорыі 18—20 стагоддзя цягнуцца ў 21 стагоддзе, калі штучна змяняліся межы, калі дзяліліся дзяржавы (падзел Рэчы Паспалітай у канцы 18 стагоддзя) — усё гэта ідзе адтуль і ніяк не адпавядае сучаснай палітычнай рэчаіснасці. 

Таму такія разважанні ўсур’ёз успрымаць нельга. Але можна сабе ўявіць, што і Лукашэнку, і Пуціну падабаецца гэтая ідэя. Абодва яны працуюць з рэчаіснасцю наступным чынам: калі рэальнасць не такая, як ім падабаецца, значыць, трэба яе трошкі змяніць. 

— Згадаў Лукашэнка і пра «Вагнера», які рвецца схадзіць на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў, а ён стрымлівае наймітаў. Навошта згадваць пра іх у гэтым кантэксце?

— Я не думаю, што яны падрабязна абмяркоўвалі ўсю партытуру, хутчэй, агульныя напрамкі. А згадка пра «вагнераўцаў» — лукашэнкаўскі экспромт, які Пуціну відавочна спадабаўся. Што ў Лукашэнкі выдатна атрымліваецца апошнім часам: ён бачыць і добра адчувае, што хоча пачуць Пуцін, што называецца — скурай адчувае. Вопытны васал, які адчувае, што зараз патрэбна гаспадару. Чаму Пуцін так часта выклікае Лукашэнку да сябе? У іх не самыя лепшыя асабістыя адносіны, былі і цяжкасці, і канфлікты. Але за апошні час яны моцна зблізіліся, бо аказаліся ў адной сітуацыі. І Пуціну, які зараз ізаляваны, магчыма, сапраўды прыемна бавіць час з Лукашэнкам. У Расіі пайшла антыпольская рыторыка — і тут жа Лукашэнка падхапіў. Гэтак жа Лукашэнка адчувае, што ягоныя разважанні пра «вагнераўцаў» падхопіць заходняя прэса. Мы сказалі — а яны хай думаюць: ці то гэта жартам, ці то ўсур’ёз. Думаю, гэта экспромт, які Лукашэнка творча дапрацаваў.

Глядзіце таксама

Вы ж, напэўна, таксама звярнулі ўвагу на гісторыю з 26 тысячамі загінулых украінскіх салдат. Лукашэнка спецыяльна закінуў гэтую лічбу. Пры гэтым спасылаецца на нейкія амерыканскія крыніцы, хаця такой лічбы ў амерыканскіх крыніцах ніколі не было. Ніколі — я адмыслова праглядзеў — не было заходніх публікацый пра тое, што амерыканцы ацэньваюць страты ўкраінскага боку ў 26 тысяч чалавек, яны не называюць канкрэтных лічбаў. Так, на Захадзе пішуць, што Украіна панесла сур’ёзныя страты. Лукашэнка ўзяў гэтую лічбу ў Шайгу, каб паказаць, які ён дасведчаны, і спаслаўся на амерыканцаў. Мы ж ведаем Лукашэнку — ён жа прыдумляе на хаду. 

Але з адной здагадкай Лукашэнка не дагадзіў Пуціну, калі сказаў, што няма ніякага контрнаступу. Пуціну гэта відавочна не спадабалася, таму ён тут жа паправіў Лукашэнку. І той пагадзіўся.

Лукашэнка так доўга працуе разам з гэтымі людзьмі, ведае іх, знаходзіцца ў залежнасці ад іх — ён сам на ўсё гатовы і ведае, што трэба казаць.

— Калі падсумаваць: у Санкт-Пецябургу прайшоў чарговы сеанс узаемнай псіхатэрапіі ці ўсё ж рашаліся нейкія сур’ёзныя пытанні?

— Ніякіх сур’ёзных пытанняў на дадзены момант не абмяркоўвалі. Гэтыя людзі апынуліся ў адной лодцы, ім падабаецца бавіць час разам.

Канечне, і эканоміку, і цэны на газ-нафту перыядычна яны абмяркоўваюць, але нейкіх сур’ёзных перамоў не вядуць. Хутчэй за ўсё, ідуць агульныя размовы: пра Украіну, пра Захад. У іх зараз аднолькавыя пазіцыі, аднолькавае становішча, аднолькавыя праблемы: Пуцін ужо мае ордэр на арышт, а Лукашэнка толькі чакае. Па расійскіх каналах ужо прайшла інфармацыя, што яны збіраюцца сустракацца з Раманам Абрамовічам, які нібыта займаецца вяртаннем украінскіх дзяцей, вядзе перамовы наконт адмены ордэра. Лукашэнка пакуль у лепшым становішчы: ордэра на яго арышт пакуль няма.