Гэта як есці мыла. Пуцін і Лукашэнка жывуць у Сярэднявеччы
Два дыктатары, Пуцін і Лукашэнка, сабраліся ў выхадны дзень 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу і, падтакваючы адзін аднаму, пачалі страшыць Польшчу вайсковым нападам. Тым самым абодва прадэманстравалі, что працягваюць жыць у паралельнай рэчаіснасці.
![kalazh_24_kanala.webp kalazh_24_kanala.webp](/img/v1/images/kalazh_24_kanala.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лукашэнка, гледзячы на Пуціна, сказаў, што прывёз яму чарговую карту — гэтым разам «карту перакіду Узброеных сіл Польшы да меж Саюзнай дзяржавы».
Пуцін, гледзячы на Лукашэнку, заявіў, што контрнаступ Украіны правальваецца, а «замежныя найміты» ў складзе УСУ нясуць страты «праз сваю дурасць».
Лукашэнка, круцячыся ў фатэлі, агучыў хатнюю загатоўку: «Нас пачалі напружваць «вагнераўцы». Просяцца на Захад: дазвольце нам! Я кажу: вам навошта на Захад, туды? Ну і цішком — мы ж кантралюем, што адбываецца: ну сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў».
Пуцін за некалькі дзён да таго завёў кружэлку пра тое, што ўсходнія тэрыторыі ў свой час палякам падарыў Сталін. Эксперты адразу ўбачылі ў гэтым аналогію з ранейшымі выказваннямі крамлёўскага гаспадара пра стварэнне Украіны Леніным — і гэта адзін з тых наратываў, якімі Масква тлумачыць напад на суседнюю краіну з мэтай аднаўлення «гістарычнай справядлівасці».
Лукашэнка таксама пагражае Польшчы ўжо даўно, і хаця пра нейкія тэрытарыяльныя здабыткі казаць пабойваецца, на бэк-вакале ў «старэйшага брата» выступае з вялікім задавальненнем. У нядзелю, напрыклад, чарговы раз заявіў, што Варшава хоча «адарваць кусок Заходняй Украіны», і гэта, маўляў, для нас з Уладзімірам Уладзіміравічам «непрымальна».
Разумныя людзі ўжо адзначылі, што піцерскі спектакль два аўтакраты зладзілі для еўрапейскай публікі. Каб уздрыгнулася, спужалася, каб пачала больш думаць пра неабходнасць дыялогу наконт прымірэння ва Украіне. Што да непасрэдна пагроз «экскурсіі» ў Варшаву ды Жэшуў, то тут, мяркуюць аналітыкі, баяцца няма чаго.
70 тысяч« вагнераўцаў», уключна з мабілізаванымі зэкамі, пры ўдзеле кадравых расійскіх вайскоўцаў восем месяцаў штурмавалі раённы цэнтр Бахмут на ўсходзе Украіны. І авалодалі горадам толькі тады, калі ці не зраўнялі яго з зямлёй з дапамогай цяжкай артылерыі.
Зараз наймітаў ПВК у Беларусі максімум тысяч дзесяць (а хутчэй за ўсё, значна менш), цяжкага ўзбраення ў іх амаль няма — і куды тая вандроўка на тэрыторыю NATO? Гэта не з Растова на Маскву — будуць разнесены ўшчэнт яшчэ на памежнай паласе.
Глядзіце таксама
![Лукашэнка палохае Польшчу нападам "Вагнера". Ці распачне Беларусь вайну з NATO Юрый Дракахруст: Заявы Лукашэнкі і Пуціна пра пагрозу з боку Польшчы — гэта наступ у інфармацыйнай вайне](/img/v1/images/01000000_0aff_0242_119d_08db89086b53_w1023_r1_s.avif?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але гэта толькі адна частка сэнсаў, якія генеруюць два герантакраты. Тая частка, якая ў заходніх палітыкаў даўно як на далоні і наўрад ці можа іх здзівіць. Другая частка — больш глыбокая — выкрывае светапогляд дыктатараў і паказвае безнадзейную архаічнасць іх карціны свету. Не тое, каб тут быў сакрэт — тут іншае: падобна, што гэта не лечыцца. І з гэтым Захаду даводзіцца лічыцца.
Маскоўскі і мінскі правадыры вымяраюць палітыку тэрыторыямі. Не прынцыпамі сучаснай эканомікі, дзе паспяховаць вызначаюць не квадратныя кіламетры, якімі ты валодаеш, а чалавечы капітал, кампетэнцыі і тэхналогіі. Не чыннікамі знешніх адносін, дзе цывілізаваны свет арыентуецца на правілы камфортнага суіснавання і прадукцыйныя кампрамісы, на скіраванасць на міжнароднае права, на непарушнасць і адкрытасць меж.
Не, тэрыторыямі. І адпаведна — сілай, якая дапамагае гэтыя тэрыторыі забіраць. У большай ступені, канечне, гэтым апантаны Пуцін, якому на старасці гадоў карціць зрушваць тэктанічныя пліты сусветнай геапалітыкі. Але Лукашэнка тут імкнецца не адставаць ад Дон Кіхота Маскоўскага — на тое і яго Санча Панса.
Забраць кавалак Грузіі, бо Тбілісі не так сябе паводзіць. Кантраляваць частку Малдовы, бо там рускамоўнае насельніцтва. Анексаваць Крым, бо «руская зямля». Акупаваць Данбас, уварвацца ва Украіну зноў, рабіць празрыстыя намёкі наконт паўночных абласцей Казахстана, ледзьве не патрабаваць ад Вашынгтона вярнуць Аляску… І ўсё — дзеля збірання міфічных рускіх зямель, без якіх не можа быць шчасця простым людзям у Маскве, Краснадары ці Іркуцку.
Па сённяшнім часе, глядзець на свет праз такія акуляры — гэта тое ж самае, што жыць плюс-мінус у Сярэднявеччы, то-бок у часы, калі заваяваць кавалак зямлі разам з жыхарамі сапраўды азначала атрымаць эканамічны прафіцыт. Урадлівыя глебы, уласнасць, людзі, якіх можна зрабіць рабамі альбо абкласці вялікім аброкам. Інвестыцыі ў заваёўніцтва мелі сэнс і прыносілі прыбытак. Таму гісторыя Сярэдніх вякоў — гэта ў асноўным гісторыя войнаў. Вікінгі ладзілі набегі на паўночныя землі Францыі, Францыя ваявала з Англіяй, Англія таксама з кімсьці ваявала. Каланізатарства, адкрыццё і кантроль над новымі тэрыторыямі, напады моцных на слабых — усё дзеля зямлі, якая была галоўным актывам чалавецтва.
Але часы тыя даўно мінулі. Чалавечая цывілізацыя выйшла на новы ўзровень развіцця, і фактар тэрыторый страціў сваю каштоўнасць — нават калі ў суседа ў агародзе ёсць нафтавая свідравіна і радовішча алмазаў. Нафту і алмазы можна проста купіць за грошы, а не забіраць цаной вялікай крыві і наступных праблем.
У разуменні сучаснага чалавека заваяванне чужых зямель — гэта нешта несумяшчальнае са здаровым глуздам. Гэта як есці мыла. Ці запраўляць аўтамабіль аслінай мачой. Гэта проста не прыходзіць у галаву нармальнаму палітыку і яго электарату.
У той жа Еўропе ёсць шмат маленькіх дзяржаў, якія ваенным шляхам не могуць сябе абараніць. Сан-Марына цалкам аточана Італіяй. Люксембург мяжуе з Францыяй, Германіяй і Бельгіяй. Андора знаходзіцца паміж Іспаніяй і Францыяй. Ліхтэнштэйн — паміж Аўстрыяй і Швейцарыяй. У гэтых маленькіх краін шмат супольнай гісторыі з магутнымі суседзямі, часта — агульная з імі мова і больш высокі ўзровень жыцця… Якая, здавалася б, прастора для аднаўлення гістарычнай справядлівасці, але ні французы, ні іспанцы, ні немцы, ні аўстрыйцы — нягледзячы на іх імперскае мінулае — нават падумаць не могуць у той бок. Бо як гэта — есці мыла ў 21-м стагоддзі?
Апошні раз мыла еў хіба што Гітлер, вядома, чым усё скончылася. Ну яшчэ Садам Хусейн любіў залезці ў суседнія краіны, дык яго потым павесілі. А ўвогуле аб тым, каб прыдбаць чужой зямелькі, неяк перасталі турбавацца нават у Афрыцы.
А вось Пуцін тымі хімерамі жыве, нездарма яго і клічуць новым Гітлерам. І чым долей жыве, чым болей парахнее, тым мацней ім авалодваюць гэтыя дэманы. На цяперашнім рускім «наваязе» імкненне сілай забраць чужое называецца «хапок». На персанальнай мове Пуціна — «цап-царап». У лексіконе Лукашэнкі, здаецца, нічога такога няма, але яго «айчына» ад Брэста да Уладзівастока выдае тыя самыя прыярытэты.
Глядзіце таксама
Асаблівы драматызм сітуацыі ў тым, што на імперскасць і захоп тэрыторый хварэе зараз і значная частка расійскага грамадства. Гэта тыя самыя людзі, якія фарміруюць «рускі мір», заклікаюць у ваенным чадзе забіваць суседзяў, а потым цягнуць з Ірпеня і Херсона ўнітазы і пральныя машыны, бо дома галеча і безнадзейнасць.
Яны заадно са сваім Каралём Ночы ствараюць разам сярэднявечную арду «белых хадакоў», што драпежна точыць зубы на цывілізаваны свет.