«Віртуальны паход наймітаў на Варшаву і Жэшуў прыдумалі дзеля сведак імперскай велічы»

З пункту гледжання здаровага сэнсу паход наймітаў на краіну NATO немагчыма сабе ўявіць. Але ў змененай рэальнасці, у якой жывуць саюзнікі, няма нічога немагчымага. Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра шкоднасць залішніх фантазій.

fqkna02vsam4hyh.jfif

Учора сёй-той сказаў, што «вагнераўцы» рвуцца пайсці на Польшчу. Хочуць, кажа, схадзіць у Варшаву і Жэшуў. Ну ведаеш, як яно бывае. Трымайце мяне трое, а то сямёра не ўтрымаюць. Вось сёй-той учора распавёў Пуціну, як ён трымае наймітаў з апошніх сіл. Ну гэта значыць, распавядаў ён, вядома, не Пуціну. Думаю, што з Пуціным яны гэтую сцэнку загадзя адрэпеціравалі.

І нават не дзеля NATO стараўся. Прынамсі, не толькі дзеля NATO. Таму што NATO «вагнераўцамі» не спалохаеш. Адзіны вопыт неканструктыўнага ўзаемадзеяння паміж NATO і «вагнераўцамі» здарыўся ў Сірыі пад Хашамам, пры суадносінах сіл дзесяць да аднаго на карысць наймітаў. Для наймітаў гэта ўзаемадзеянне скончылася стратай ста чалавек забітымі і двухсот параненымі. Супраць аднаго параненага амерыканскага салдата. Напэўна, ад смеху выпусціў сабе снарад на нагу.

Вось я падазраю, што віртуальны паход наймітаў на Варшаву і Жэшуў прыдумалі ў асноўным дзеля сведак імперскай велічы. Таму што паход наймітаў на Маскву моцна, вядома, папсаваў велічы скурку. А цяпер, пасля таго як хаўруснікі прыгразілі наймітамі Польшчы, можна будзе зрабіць выгляд, што той паход быў не ганьбай, а стратэгічнай шматхадоўкай. Спосабам перакінуць наймітаў у Беларусь, не выклікаючы лішніх падазрэнняў. І далей можна будзе распавядаць, як Пуцін зноў усіх перайграў.

Пры тым, як ты разумееш, паход на Маскву быў насамрэч усё ж такі ганьбай, а не стратэгічнай шматхадоўкай. А стратэгічную шматхадоўку яны сабе прыдумалі ўжо потым. Каб загаіць ушчэмленую веліч. Не ведаю, ці паверыць у геніяльнасць задумы мэтавая аўдыторыя. Але мэтавая аўдыторыя ўладкавана так, што яна можа паверыць у што заўгодна.

А з іншага боку, адзінай перашкодай для сапраўднага нападу наймітамі на краіну NATO з'яўляюцца логіка і здаровы сэнс. А калі гэта логіка і здаровы сэнс перашкаджалі саюзнікам? Дакладна не тады, калі яны бралі Кіеў за тры дні.

Вось з пункту гледжання здаровага сэнсу паход наймітаў на краіну NATO немагчыма сабе, вядома, уявіць. Але ў змененай рэальнасці, у якой жывуць саюзнікі, няма нічога немагчымага. Не паход на Варшаву, вядома. Да Варшавы яшчэ дажыць трэба. Але Вільню за тры гадзіны, раз ужо не атрымалася з Кіевам за тры дні, саюзнікі цалкам сабе маглі нафантазіраваць. Таму што, як мы ўжо ўразумелі, для палёту іх фантазіі няма ніякіх перашкод.

Так што і ўзяцце, да прыкладу, Вільні яны цалкам маглі сабе нафантазіраваць. Каб потым распавядаць, што «нас там няма». Што гэта не мы, а некіруемыя найміты. Але мы гатовы памяняць Вільню на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. Трэба толькі падключыць вядомага майстра перамоўнага жанру, і ён пра ўсё дамовіцца.

Але асабіста для майстра перамоўнага жанру ад абодвух варыянтаў карысць сумніўная, а шкода відавочная. У першым выпадку ёсць рызыка, што суседзі могуць у гэтыя размовы паверыць і прыняць якія-небудзь прэвентыўныя меры. А калі яны і праўда нафантазіравалі сабе Вільню за тры гадзіны, не кажучы ўжо пра Варшаву, то як бы замест гэтага не здарыўся Мінск за тры дні.

Тым больш што прайшло ўжо тры гады з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.