516-ты дзень вайны. Беспілотнікі зноў атакавалі Маскву
«Вагнер» у Беларусі, па меркаванні адмыслоўцаў, пакуль з’яўляецца пужалкай. Беспілотнікі зноў атакавалі Маскву, а міністр абароны Украіны спрагназаваў, калі і як скончыцца вайна. Галоўнае з украінскіх франтоў да гэтай гадзіны.
«Вагнер» у Беларусі — небяспека перабольшаная. Пакуль?
За мінулы тыдзень украінская армія вызваліла 12 кв. км тэрыторыі на паўднёвым напрамку і каля 4 кв. км у раёне Бахмута, паведаміў Military Media Center са спасылкай на намесніцу міністра абароны Ганну Маляр.
Усяго з пачатку наступу ўкраінскія войскі вызвалілі больш за 192 кв. км на паўднёвым фронце і каля 35 кв. км тэрыторыі — на Бахмуцкім кірунку.
Расійцы працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ. За мінулыя суткі на фронце адбылося 35 баявых сутыкненняў.
На Валынскім і Палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен. Прыкмет фарміравання наступальных груповак не выяўлена. Пэўныя падраздзяленні УС Беларусі выконваюць задачы ў памежных з Украінай раёнах.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што сілы «Вагнера» ў Беларусі не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Украіны, гаворыцца ў справаздачы за 23 ліпеня.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу зрабілі больш жорсткімі інфармацыйныя аперацыі па Захадзе, заявіўшы, што контрнаступленне Украіны нібыта правалілася, а ПВК «Вагнер» «нясе пагрозу» для Польшчы.
«Высокапастаўленыя заходнія і ўкраінскія лідары, як і ISW, працягваюць лічыць, што яшчэ занадта рана даваць ацэнку ўкраінскаму контрнаступленню, паколькі Украіна ўсё яшчэ мае значныя незадзейнічаныя падрыхтаваныя сілы і захоўвае здольнасць пачаць вырашальныя аперацыі ў любы час і ў любым месцы па ўласным выбары», — адзначылі ў інстытуце.
Акрамя таго, няма ніякіх прыкмет, што баевікі «Вагнера» ў Беларусі маюць цяжкае ўзбраенне, неабходнае для сур'ёзнага наступу на Украіну ці Польшчу. Адзначаецца, што ўмовай пагаднення Пуціна-Лукашэнкі-Прыгожына, якое паклала канец узброенаму паўстанню, была перадача «вагнераўцамі» такой зброі Мінабароны РФ.
Спадарожнікавыя здымкі галоўнай базы «Вагнера» паказваюць, што прыпаркаваныя там транспартныя сродкі — гэта пераважна сотні легкавых аўтамабіляў, невялікіх грузавікоў і прыкладна 35 паўпрычэпаў.
«Сілы «Вагнера» ў Беларусі не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Украіны, пакуль яны не будуць пераўзброены механізаванай тэхнікай», — падкрэслілі ў ISW.
Расія ўдарыла па партах
Сёння ўначы Расія атакавала ўкраінскія парты на Дунаі. Былі выкарыстаны беспілотнікі тыпу «Shahed».
Паводле інфармацыі прэс-сакратаркі Сіл абароны поўдня Украіны Наталлі Гумянюк, былі збіты тры дроны. Разам з тым ёсць трапленне ў адзін з партоў. Там разбураны ангар, у якім захоўвалася збожжа, пашкоджаны рэзервуары для іншых відаў грузу, партовыя аб'екты, у тым ліку краны. Ёсць інфармацыя аб чатырох пацярпелых.
Беспілотнікі атакуюць Маскву
У Маскве сёння раніцай беспілотнікі пашкодзілі два будынкі. Як паведаміў мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін, сур'ёзных разбурэнняў не адбылося.
«Сёння каля чатырох гадзін раніцы зафіксаваны ўдары беспілотнікаў па двух нежылых будынках. Сур'ёзных разбурэнняў і пацярпелых няма. Усе аператыўныя службы працуюць на месцы», — напісаў ён.
У расійскім Мінабароны сцвярджаюць, што беспілотнікі былі задушаны сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і пацярпелі крушэнне. Пашкоджаны будынкі на Камсамольскім праспекце і праспекце Ліхачова.
Трэба адзначыць, што месца падзення беспілотніка на Камсамольскім праспекце знаходзіцца недалёка ад галоўнага будынка расійскага абароннага ведамства. На праспекце Ліхачова апарат трапіў у будынак бізнес-цэнтра. Там выбіты шыбы на двух паверхах. Насупраць пашкоджанага дома знаходзіцца штаб-кватэра аддзела Галоўнага разведвальнага ўпраўлення па кібернаступальных аперацыях, а таксама Ваенны ўніверсітэт імя князя Аляксандра Неўскага.
Сёння ноччу на поўначы Крыма быў узарваны склад боепрыпасаў. У Джанкойскім раёне прынята рашэнне эвакуіраваць жыхароў некалькіх вёсак, размешчаных у радыусе 5 кіламетраў ад склада, паведамілі ў акупацыйнай адміністрацыі паўвострава. Акрамя таго, паблізу склада спынены рух цягнікоў і аўтамабіляў па дарозе, што злучае Джанкой і Сімферопаль.
Украіна мае намер перамагчы ў наступным годзе
Брытанская выведка паведамляе, што Масква вызначыла выкарыстанне тактычных дронаў ва Украіне як адзін з найважнейшых кампанентаў сучаснай вайны.
Як адзначаецца ў зводцы, расійскіх школьнікаў навучаць асновам кіравання баявымі беспілотнікамі. Расійскі сенатар Арцём Шэйкін абвясціў, што ўрокі будуць уключаць у сябе вядзенне разведкі мясцовасці і спосабы процідзеяння беспілотным лятальным апаратам (БПЛА) праціўніка.
Па даных брытанскай разведкі, урокі з БПЛА дапаўняюць навучанне абыходжанню са штурмавой вінтоўкай, навыкам працы з ручнымі гранатамі і аказанні першай дапамогі ў баі ў перагледжанай вучэбнай праграме «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» для навучэнцаў 10 і 11 класаў, якая павінна быць уведзена ў дзеянне з 1 верасня 2023 года.
«Новы акцэнт Расіі на ўцягванні дзяцей у войска ў значнай ступені з'яўляецца спробай культываваць мілітарызаваны патрыятызм, а не развіваць сапраўдныя здольнасці. Тым не менш задача фарміравання навыкаў выкарыстання БПЛА падкрэслівае, што Расія вызначыла выкарыстанне тактычных БПЛА ва Украіне як устойлівы кампанент сучаснай вайны», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.
Поўнамаштабная вайна РФ супраць Украіны можа скончыцца наступным летам. Такі прагноз зрабіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв'ю CNN. «Так. Мы пераможам у гэтай вайне», — сказаў міністр, адказваючы на пытанне журналістаў, ці думае ён, што вайна скончыцца да лета 2024 года.