Ці будзе ў АДКБ «не да законаў»?

Усё ж такі саміт АДКБ, які скончыў гэты тыдзень, быў вельмі цікавы. Не толькі з пункту гледжання рыторыкі — хоць і з гэтага таксама, але і з пункту гледжання таго, як можна адной адсутнасцю дзеянняў тарпедаваць цэлы «магутны» ваенны блок.

Фота з bel-news.by

Фота з bel-news.by

Лукашэнка крыўдаваў шмат на каго. Цяпер яго пакрыўдзіла Арменія і персанальна прэм’ер-міністр гэтай краіны Нікол Пашынян, які не прыехаў на саміт АДКБ у той час, як беларускі кіраўнік у гэтай арганізацыі быў «за старшага». Вядома, пасля таго, як АДКБ фактычна «пракінула» гэтую краіну з дапамогай падчас узброеных сутыкненняў з Азербайджанам (вынікам чаго стала страта Арменіяй Нагорнага Карабаха), складана было б разлічваць, што армянскі бок па-ранейшаму будзе прыязджаць на саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы і рабіць выгляд, што нічога не адбылося.

Але Арменія ў той жа час і не выйшла з АДКБ. А на саміт у Мінск ніхто з гэтай краіны не прыехаў. Тым самым прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян хоць трошкі, але адпомсціў блоку за бяздзейнасць, паказаўшы, што гэтая зброя працуе ў абодва бакі.

Справа ў тым, што ўсе рашэнні ў рамках АДКБ павінны прымацца кансэнсусам. А значыць, у адсутнасць Арменіі ўсе прынятыя ў Мінску пастановы і дакументы не вартыя і паперы, на якой яны напісаны.

Спачатку Лукашэнка не моцна хваляваўся з-за адсутнасці Пашыняна. Але потым яму, відаць, нехта патлумачыў пратакол. Патлумачыў перад самым самітам. І вядома, Лукашэнку панесла. Ён абвінаваціў «аднаго з чальцоў Рады калектыўнай бяспекі» ў «дэмаршы без прычыны», заявіў, што «некаторых нашых партнёраў штарміць і ў публічных выказваннях, і ва ўчынках, якія носяць правакацыйны характар», і паведаміў, што «ствараць сітуацыю канфлікту... могуць толькі палітыкі-аднадзёнкі».

Цікава, а калі б у Лукашэнкі хто-небудзь забраў, да прыкладу, Віцебскую вобласць, а яго саюзнікі па АДКБ нават не пачухаліся, ён бы таксама лічыў, што няма прычын для дэмаршаў?

Тое, наколькі балюча Пашынян ударыў па Лукашэнку, відаць з ацэнкі беларускага кіраўніка прэм'ера Арменіі як «палітыка-аднадзёнкі». Лукашэнка, вядома, прывык лічыць сябе ледзь не гуру і карыфеем у палітыцы (праўда, яго палітыка прывяла да таго, што з ім іншыя прыстойныя палітыкі не размаўляюць). Але раней такія прыніжальныя выказванні ён рабіў выключна ў адносінах да тых, хто яму падаваўся ніжэйшым за яго.

Пашынян жа ў армянскай палітыцы як мінімум з 2007 года. І Лукашэнка раней неаднаразова з ім рукаўся. А цяпер беларускага правадыра прабіла на не вельмі дыпламатычную рыторыку, што і паказвае — сапраўды зачапіла.

Глядзіце таксама

Беларускай дыпламатыі прыйшлося круціцца, як вужацы на патэльні. Кіраўнік нашага МЗС Сяргей Алейнік нават выказаўся, што генеральны сакратар АДКБ пасля саміту выправіцца ў Ерэван і перадасць туды прынятыя рашэнні. «Будзем разлічваць, што яны далучацца да іх», — заявіў Алейнік.

Хоць я б разлічваў, хутчэй, на тое, што генеральны сакратар АДКБ у Ерэване будзе развернуты на 180 градусаў прама ў аэрапорце. І добра, калі абыдзецца без штурхалёў у зваротным кірунку.

Сапраўды, згодна са статутам АДКБ, Рада гэтай арганізацыі можа прымаць рашэнні «ў абмежаваным фармаце» (гэта значыць, без непасрэднага ўдзелу некага з чальцоў), але пры гэтым ніводзін з чальцоў АДКБ не павінен пярэчыць гэтай прынятай пастанове. Калі Арменія раптам запярэчыць (хаця чаму «раптам»?), рашэнне прынята не будзе.

Дэмарш Ніколы Пашыняна можа мець доўгатэрміновыя наступствы, якія прывядуць да часовага паралюшу АДКБ. Калі Арменія будзе пастаянна пярэчыць прынятым астатнімі чальцамі рашэнням, ні адно з гэтых рашэнняў дэ-юрэ не зможа набыць моц.

Вядома, такі сабатаж прывядзе да жадання ў астатніх чальцоў АДКБ выключыць Арменію з арганізацыі. Але выключэнне — справа няхуткая. Прынамсі, спачатку сяброўства Арменіі трэба прыпыніць, а калі яна не адумаецца, то пачынаецца працэдура выключэння. А пакуль гэтыя працэдуры будуць праходзіць, дзейнасць АДКБ будзе фактычна паралізавана.

Калі, вядома, у АДБК не вырашаць пайсці па беларускім шляху і не скажуць: «Часам не да законаў». У гэтым выпадку «Часам не да Статута АДКБ». Праўда, у выніку з АДКБ можа здарыцца тое ж самае, што і з беларускай уладай: паўстане крызіс легітымнасці, і ад нашага «магутнага ваеннага блока» застануцца рожкі ды ножкі.

Самае цікавае ва ўсёй гэтай сітуацыі тое, што Арменія — далёка не шараговы чалец АДКБ. Гэтая краіна — адна з заснавальнікаў арганізацыі, якая была ў ёй ад самага пачатку. І вось цяпер яна рыхтуецца не проста ціха выйсці з яе, а дэманстратыўна «ляскае дзвярыма».

Варта адзначыць таксама, што раней АДКБ пакінуў яшчэ адзін заснавальнік — Узбекістан. Праўда, ён зрабіў гэта ціха: прыпыніў (мабыць, бестэрмінова) сяброўства ў арганізацыі. Пад вялікім пытаннем перспектыва ўдзелу ў АДКБ Казахстана: прынамсі, паглядзеўшы на «міратворцаў АДКБ», гэтая краіна прыняла дапамогу ЗША ў падрыхтоўцы сваіх міратворцаў.

І вядома, паказальна тое, што астатнія краіны АДКБ адмоўчваюцца з нагоды вайны Расіі ва Украіне і саўдзеле ў гэтым цяперашняга кіраўніцтва Беларусі. Як ні заклікаў Лукашэнка да салідарнасці, ён яе так і не дачакаўся. Нават будучы фармальна «старшынёй АДКБ».

Будзе ў АДКБ «не да законаў» ці не будзе, але ўвогуле вектар развіцця — дакладней, дэградацыі — арганізацыі ўжо вызначаны. І таму наўрад ці варта цяпер успрымаць АДКБ як дзейсную і рабочую структуру. Гэтак жа, як і СНД, яна ператвараецца ў «пенсійны фонд» для генералітэту краін-чальцоў і сродак распілоўвання грошай, якія на АДКБ выдаткоўваюцца.

Ну і, вядома, саміты АДКБ будуць крыніцай цытат кіраўнікоў дзяржаў, якія ўваходзяць у яе. Як цяпер, напрыклад, Лукашэнка на саміце нечакана абвінаваціў NATO ў пашырэнні на Усход. Хоць Польшча ўступіла ў NATO яшчэ ў 1999 годзе, і тады Лукашэнка, падаецца, асабліва моцна не пярэчыў.

Дэвалюцыя АДКБ можа скончыцца тым, што ў ёй застануцца толькі два «саюзнікі» — Пуцін і Лукашэнка. Калі, канешне, Пуцін з Лукашэнкам, дый сама АДКБ да гэтага дажывуць. І нават гэта — вельмі аптымістычны варыянт.