Лукашэнка патэлефанаваў Пашыняну, каб запрасіць яго ў Мінск на пасяджэнне АДКБ. Той адмовіўся
Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зноў выступіць у ролі бліскучага «перамоўшчыка», але нешта пайшло не так.
Аляксандр Лукашэнка патэлефанаваў прэм’ер-міністру Арменіі Ніколу Пашыняну з намерам запрасіць яго ў Мінск на пасяджэнне рады калектыўнай бяспекі АДКБ. Пра гэта паведаміл прэс-служба армянскага ўраду, падкрэсліўшы, што размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку.
«Былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй пасяджэння савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якое адбудзецца 23 лістапада ў сталіцы Беларусі Мінску. Прэм'ер-міністр Пашынян паведаміў прэзідэнту Беларусі, што не зможа ўдзельнічаць у пасяджэнні і выказаў надзею, што партнёры па АДКБ паставяцца да гэтага рашэння з разуменнем», — гаворыцца ў паведамленні.
Прэс-служба Лукашэнкі пра размову не паведаміла.
Раней сакратар Рады бяспекі Арменіі Армен Грыгаран адмовіўся ехаць на сустрэчу сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў — удзельніц СНД. Мерапрыемства праходзіла 8 лістапада ў Маскве.
Апошнім часам Пашынян і прадстаўнікі МЗС Арменіі неаднаразова заяўлялі, што Ерэван на дадзены момант не абмяркоўвае магчымасць выхаду з АДКБ, аднак прадстаўнікі Арменіі ў апошнія месяцы не ўдзельнічаюць у мерапрыемствах арганізацыі. Арменія таксама адклікала пасла ў АДКБ і не прызначыла новага кіраўніка дыпмісіі.
У кастрычніку Нацыянальны сход Арменіі падтрымаў ратыфікацыю Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Ініцыятыву падтрымалі 60 прысутных на пасяджэнні дэпутатаў, яшчэ 22 выказаліся супраць. Для ўхвалення рашэння неабходныя былі галасы 54 парламентарыяў.
Раней рашэнне Арменіі ратыфікаваць Рымскі статут у Маскве назвалі «вельмі варожым» крокам у дачыненні да Расіі. Пасля галасавання ў Ереване Расія заявіла, што Арменія страціла «юрыдычны суверэнітэт».
Раней МУС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна за ўдзел у прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго, каб такі ж ордэр і на тых жа падставах быў выдадзены на арышт Лукашэнкі.
Адносіны Арменіі з Расіяй і яе сатэлітамі на постсавецкай прасторы пагоршыліся пасля таго, як у верасні яны не падтрымалі Ереван у канфлікце з Азербайджанам, калі той вырашыў далучыць Нагорны Карабах. Пашынян спадзяваўся на дапамогу АДКБ, але арганізацыя дыстанцыявалася ад сітуацыі.
У сваю чаргу Арменія цяпер дыстанцуецца ад АДКБ і СНГ і збліжаецца з Захадам.
У кастрычніку Пашынян заявіў у Еўрапарламенце, што ЕС з'яўляецца ключавым партнёрам, які падтрымлівае фундаментальныя рэформы ўрада Арменіі ў апошнія гады.
«Магу дакладна і ўпэўнена заявіць: Арменія гатовая быць бліжэй да Еўрапейскага саюза настолькі, наколькі Еўрапейскі саюз лічыць гэта магчымым. У нашай супольнай заяве з прэзідэнтам Еўракамісіі фон дэр Ляен гаворыцца: «У гэтыя цяжкія часы ЕС і Арменія стаяць поплеч», — падкрэсліў армянскі прэм'ер.
«Мы настроены на далейшае ўмацаванне адносін паміж ЕС і Арменіяй. У доўгатэрміновай перспектыве мы поўныя рашучасці ўмацоўваць свае эканамічныя сувязі, працуючы над раскрыццём поўнага патэнцыялу Пагаднення аб усёабдымным і пашыраным партнёрстве», — адзначыў Пашынян.
На пачатку мінулага месяца на палях саміта Еўрапейскай
палітычнай супольнасці ў іспанскай Гранадзе размову з Пашынянам мела Святлана Ціханоўская.