Мацукевіч: Крэмль усё яшчэ трымае СНД на павадку, а Лукашэнку — на самым кароткім
Сарвацца з крамлёўскага павадка спрабуе Арменія. Але ці магчыма гэта?
Усё-ткі вайна супраць Украіны і супрацьстаянне з Захадам забяспечылі некаторае натуральнае змяншэнне расійскага ўплыву, правакуючы спакусы гэтым скарыстацца. І, здаецца, некаторыя краіны гэтым прагматычна карыстаюцца, рассоўваючы для сябе межы магчымага. Напрыклад, Казахстан, які выкладаў расійскай дэлегацыі на чале з Пуціным першы ўрок казахскай, піша былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».
Няшчасці Украіны, а да гэтага Грузіі наглядна паказваюць, на што гатова Масква дзеля захавання сферы свайго ўплыву. Напэўна, неразумна думаць, што ў іншых выпадках Крэмль можа дзейнічаць інакш. Іншая справа, што цяпер РФ можа адчуваць дэфіцыт магчымасцей, якога не было раней.
Нагода паразважаць над пытаннем пра актуальныя межы ўплыву Расіі ёсць. Яе падкінуў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, які, як паведамляе армянскі бок, у тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў, што не зможа ўзяць удзел у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Мінску.
Беларусь старшынюе ў АДКБ сёлета, і серыя самітаў, якая мае адбыцца ў Мінску 22-23 лістапада, уключаючы ўзровень кіраўнікоў дзяржаў, з'яўляецца фіналам беларускага старшынства. Адмова Арменіі, вядома, псуе ўладам Беларусі ўсё свята, парушаючы руціну на фінішы старшынства адкрытым канфліктам, які ставіць пад сумнеў перспектывы АДКБ.
Хоць так сцвярджаць будзе ўсё-ткі перабольшаннем. Атрад можа і не заўважыць страты байца, зрабіўшы выгляд, што нічога не здарылася. З АДКБ ужо выходзілі краіны. Узбекістан, напрыклад, пракруціў такі фінт двойчы, але ваенны блок гэта перажыў. З іншага боку, цяпер патэнцыйна любая вібрацыя можа прывесці да тэктанічных зрухаў. Перспектывы АДКБ самі па сабе туманныя і з іншых, не армянскіх, прычын. Блок трымаецца на Расіі, а глеба, на якой трымаецца Расія, набыла ўласцівасць сыходзіць з-пад ног.
Лукашэнка на правах старшыні і гаспадара саміту АДКБ патэлефанаваў Пашыняну, магчыма, ужо маючы інфармацыю пра яго няўдзел па дыпканалах і разлічваючы яго пераканаць або атрымаць тлумачэнні. Пікантным выглядае фрагмент іх размовы (з армянскага прэс-рэліза), у якім Пашынян спадзяецца, што «партнёры зразумеюць рашэнне», міжволі нагадваючы прапанову «зразумець і дараваць» персанажу па прозвішчы Барадач у выкананні коміка Міхаіла Галусцяна. У нашым выпадку, праўда, не да жартаў, хоць надзея на разуменне ў тым асяроддзі выглядае менавіта так.
Лукашэнка, як абвяшчае афіцыйная версія, да адмовы «паставіўся спакойна». Што ж, выглядае так, што падстаў біцца ў істэрыцы з такой нагоды ў яго сапраўды не было, таму прэс-службе можна паверыць. Думаецца, што за паведамленнем пра спакой кіраўніка крыецца жаданне афіцыйнага Мінска пазбавіць навіну аб адмове Пашыняна ног, каб яна перастала хадзіць па інфаполі і бударажыць масы.
У Пашыняна былі падставы для шпілек у адрас Лукашэнкі. І ён адну паднёс, калі зблізку пагутарыў са Святланай Ціханоўскай на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Гранадзе. Там жа, дарэчы, і сапраўды таксама зблізку ён перагаварыў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, чым адпусціў аналагічную шпільку ў адрас Уладзіміра Пуціна.
Аднак адрасатам мовы жэстаў у выглядзе адмовы ад удзелу ў саміце АДКБ у Мінску з'яўляецца не Лукашэнка, а Крэмль. Месяц таму Пашынян ужо прапусціў саміт СНД у Кыргызстане, спаслаўшыся на розныя абставіны. Такія дэмаршы здаюцца шпацырам па тонкім лёдзе, калі ўсё як ніколі блізка да правалу, але не факт. Пакуль лёд дазваляе па сабе шпацыраваць. Магчыма, таму што крокі дакладна разлічаны і, па вялікім рахунку, яшчэ нікуды не вядуць, нагадваючы таптанне на месцы.
Аляксандр Рыгоравіч, які ў мінулым выконваў падобныя трукі, калі не знаходзіў паразумення з Масквой, перасцярог Нікола Ваваевіча ад «неабдуманых крокаў па дэзынтэграцыі». Гэта паведаміла яго прэс-служба. Шкада, што прэс-службы абодвух суразмоўцаў замоўчваюць, ці перасцярог у сваю чаргу Нікол Ваваевіч Аляксандра Рыгоравіча ад неабдуманых крокаў па інтэграцыі. Бо Арменія апяклася, таму што паспадзявалася ва ўсім на Расію.
Матыў дэзынтэграцыйных рухаў цела афіцыйнага Ерэвана якраз у тым і заключаецца, што інтэграцыя ў фармаце АДКБ і стаўка на Расію ніяк не дапамагла Арменіі ў яе канфлікце з Азербайджанам. Як кажа Ерэван, АДКБ самаўхілілася ад Арменіі. Цяпер Арменія нібыта пагражае самаўхіліцца ад АДКБ, але для гэтага Ерэвану патрэбна альтэрнатыўная сістэма бяспекі.
Патэнцыйна альтэрнатывай можа быць ЕС, ЗША і NATO, гэта значыць умоўны «Захад», але ёсць падставы сумнявацца, што Ерэвану такая альтэрнатыва даступная. Пытанне заключаецца ў тым, ці гатовы Захад узяць Арменію пад сваю абарону, а Расія гэта дазволіць. Адказ, хутчэй за ўсё, у абодвух выпадках адмоўны, і наўрад ці ў Ерэвана існуюць на гэты конт ілюзіі. Ёсць і іншы важны рэгіянальны гулец і партнёр Арменіі, якому прыход Захаду наўрад ці спадабаецца. Гэта Іран.
Чаго ж у такім выпадку дамагаецца Арменія?
Версій, якія трактуюць яе паводзіны, шмат. Напрыклад, што байкот узгоднены з Крамлём, але гэта ўяўляецца малаверагодным. Паміж Ерэванам і Масквой усё-ткі сапраўды іскрыць, мае месца абмен «ласкамі». Бліжэй да ісціны, напэўна, жаданне армянскіх улад элементарна дагадзіць настрою армянскага грамадства, расчараванага АДКБ і Расіяй, каб захаваць уладу. Рэверансы ў бок Захаду могуць стварыць дадатковую абарону ўраду Пашыняна, але наўрад ці здольныя абараніць Арменію.
Узаемадзейнічаць з АДКБ як ні ў чым не бывала армянскія ўлады пакуль у любым выпадку не могуць. Гэта было б дзіўным. Кантакты на Захадзе ствараюць у армянскага электарату ўражанне, што ўрад не сядзіць склаўшы рукі, спрабуючы нешта рабіць. Урэшце, якая розніца, на чым зарабляць палітычны капітал, тым больш калі іншага выбару, акрамя як гуляць на антырасійскіх настроях, не пакінула сама Расія.
Пры ўсім пры гэтым Крамлю гэты армянскі «танец з шаблямі» можа быць таксама на руку. Пэўнае збліжэнне Арменіі з Захадам можа спрыяць (далейшаму) збліжэнню Азербайджана з РФ. Гульня Масквы можа заключацца ў тым, каб у выніку паспрабаваць завабіць Азербайджан у АДКБ, разлічваючы і, напэўна, цалкам справядліва, што Арменія ўсё роўна нікуды не дзенецца як залежная па ўсіх артыкулах ад РФ дзяржава.
Зразумела, можна ставіць пад сумнеў здольнасць Масквы распрацоўваць і ўвасабляць такія шматхадоўкі. Аднак не выклікае сумненняў, што ступень аўтаноміі на постсавецкай прасторы па-ранейшаму вызначаецца даўжынёй ланцужка, на якім краіны СНД трымае Крэмль. Самы кароткі, падобна, у Беларусі — нават у параўнанні з Арменіяй, чые ўлады, у адрозненне ад беларускіх, легітымныя (нікім не аспрэчваецца) і ўжо хаця б з гэтай прычыны не абмежаваныя ў сваіх кантактах з партнёрамі на Захадзе. Да таго ж, Лукашэнка — адзіны з кіраўнікоў у СНД, хто як быццам ужо і не аспрэчвае яго даўжыню.