632-гі дзень вайны: Расія хоча зладзіць ва Украіне новы «Майдан» і зрынуць Зяленскага

Пра новы «Майдан», які хоча арганізаваць Расія, украінскі прэзідэнт паведаміў заходнім СМІ. Паводле яго, гэта інфармацыя ўкраінскай выведкі, якую таксама пацвярджаюць партнёры Украіны.

Фота з сацсетак Уладзіміра Зяленскага

Фота з сацсетак Уладзіміра Зяленскага

Гэты план па зрынанні Зяленскага ў Крамлі называюць «Майдан-3» — ён палягае ў тым, каб пасеяць раскол ва ўкраінскім грамадстве, ствараючы хаос, і ў выніку пазбавіць пасады Уладзіміра Зяленскага.

Таксама Зяленскі ў чарговы раз падкрэсліў, што Украіна не пагодзіцца на замарожаны канфлікт і рыхтуецца да зімовых баёў на фронце.

Кіраўнік офіса Зяленскага назваў наступны год вырашальным у вайне

Наступны год будзе вырашальным у вайне Расіі супраць Украіны, заявіў кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Андрэй Ярмак — і заклікаў да ўвядзення новых санкцый супраць Расіі,  адзначае  ВВС.

Ярмак таксама заявіў пра неабходнасць паставак дадатковых сістэм узбраенняў, каб умацаваць супрацьпаветраную абарону Украіны перад надыходам зімы — калі Расія, як чакаецца, можа зноў пачаць атакаваць цывільную энергетычную інфраструктуру Украіны.

«Набліжаецца паваротны момант у вайне, — цытуе Bloomberg выступ Ермака падчас мерапрыемства ў Гудзонаўскім інстытуце ў Вашынгтоне. — Наступны год будзе вырашальным».

Кіраўнік офіса Зяленскага таксама заявіў, што контрнаступленне Кіева працягваецца і што ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся на левым беразе Дняпра.

Як адзначае Bloomberg, ацэнка Ермака прагучала значна больш аптымістычнай, чым пазіцыя галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, які назваў сітуацыю на фронце патавай у нашумелым інтэрв'ю выданню Economist, якое выйшла два тыдні таму.

Візіт Ермака ў ЗША праходзіць на фоне спрэчак у Кангрэсе і Сенаце аб новай дапамозе Украіне.

На мінулым тыдні афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што з агульнай сумы сродкаў, якія былі прадастаўленыя Украіне з пачатку вайны, а гэта больш за 60 мільярдаў долараў, выдаткавана ўжо каля 96%.

Цяпер афіцыйна: Узброеныя сілы Украіны пацвердзілі замацаванне на плацдармах на левым беразе Дняпра

Сілы абароны Украіны правялі серыю паспяховых дзеянняў на левым беразе ракі Днепр на Херсонскім кірунку і замацаваліся на некалькіх плацдармах, паведамляе камандаванне марской пяхоты.

На левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы правялі шэраг паспяховых дзеянняў — і цяпер маюць некалькі плацдармаў. 

«Дзякуючы мужнасці і прафесіяналізму ўкраінскай марской пяхоты ва ўзаемадзеянні з іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны ўдалося замацавацца на некалькіх плацдармах».


Фота: УС Украіны пацвердзілі ўмацаванні на плацдармах на левым беразе Дняпра (deepstatemap)

Фота: УС Украіны пацвердзілі ўмацаванні на плацдармах на левым беразе Дняпра (deepstatemap)

Зіма будзе цяжкая. Зяленскі чакае паўторных нападаў з боку РФ, але не ў такім маштабе, як летась

Расія рыхтуецца да абстрэлаў Украіны зімой. Але верагодна, што атакі будуць не такімі маштабнымі, як у мінулым годзе. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Lemonde.

Ён падкрэсліў, што расійскія войскі назапашваюць ракеты, рыхтуючыся нанесці масіраваныя ўдары па энергетыцы Украіны. «Я думаю, што яны назапашваюць [ракеты], але ў іх не нашмат больш ракет, чым раней. Інакш яны б ужо пачалі бамбіць», — сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны лічыць, што цяпер яго краіна лепш падрыхтаваная да магчымых нападаў з боку Расіі, чым летась. Тады акупанты спрабавалі пакінуць украінцаў без святла і ацяплення. Але сёлета, па словах Зяленскага, напады не будуць такімі маштабнымі.

«Я лічу, што мы падрыхтаваныя да зімы лепш, чым раней. Але я не думаю, што Расія будзе ўжываць менш узбраенняў. Зіма будзе цяжкай... З пункту гледжання супрацьпаветранай абароны мы знаходзімся ў лепшым становішчы, чым мінулай зімой», —  сказаў Зяленскі.

ЗША плануюць вылучыць на абарону энергетычнай сістэмы Украіны яшчэ блізу 500 млн долараў, паведаміў памочнік дзяржсакратара энергетычных рэсурсаў Джэфры Пает. Ён нагадаў, што ЗША раней ужо далі Украіне больш за 520 млн долараў дапамогі на энергетычны сектар. Сродкі будуць накіраваныя перш за ўсё на задавальненне тэрміновых патрэбаў, такіх, як набыццё новых трансфарматараў і магутнасцяў для аднаўлення энергетычнай інфраструктуры, разбуранай расійскімі абстрэламі.

Навіны вайны

  • Расійская армія абстраляла дом у Веляценскім Белазерскай абшчыны Херсонскай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у Херсонскай вобласці шэсць чалавек загінулі, яшчэ дзесяць атрымалі раненні, з іх адно дзіця. Сёння стала вядома, што двое з параненых памерлі ў бальніцы. Яшчэ адзін чалавек загінуў у выніку начных абстрэлаў.
  • Канстанцінаўка Данецкай вобласці абясточаная ў выніку расійскіх абстрэлаў, якімі пашкоджаная паветраная лінія, паведаміла ўкраінскае Мінэнерга. Усяго ў вобласці застаюцца без святла 122 населеныя пункты. У Херсоне ў выніку абстрэлу абясточана больш за 28 тысяч спажыўцоў, у вобласці — амаль 3 тысячы спажыўцоў.
  • Расіяне ўзмацнілі атакі на Аўдзееўку і спрабуюць захапіць прамзону, паведаміў начальнік Аўдзееўскай ГВА Віталь Барабаш: «Вельмі горача на нашым кірунку. Вораг цісне і, акрамя таго, што спрабуе акружыць, некалькі дзён запар спрабуе штурмаваць промку, кідае туды і тэхніку, і асабісты склад, і вельмі шмат».
  • Мінабароны РФ заявіла, што над акваторыяй Чорнага мора ля ўзбярэжжа Крыма нібыта знішчаныя дзве ўкраінскія супрацькарабельныя ракеты “Няптун”. Прарасійскі «губернатар» Севастопаля Міхаіл Разважаеў сцвярджае, што паветраных цэлі нібыта былі збітыя ў акваторыі над Паўночным молам.
  • Расійская армія за час поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну «праславілася» сваёй жорсткасцю. Вайскоўцы РФ здзяйсняюць зверствы ў дачыненні да не толькі ўкраінцаў, але і сваіх таварышаў па службе. На працягу апошняга тыдня прапагандысцкія ваенныя паблікі апанавалі відэа здзекаў з салдат. Асноўная прычына садызму ў войску РФ, як пішуць украінскія СМІ, — масавае ўжыванне наркотыкаў. 
  • Пастаўкі 155-мм артылерыйскіх снарадаў ва Украіну скараціліся пасля пачатку вайны Ізраіля з ХАМАС, заявіў Зяленскі заходнім журналістам, паведамляе AFP. Пры гэтым ён удакладніў, што пастаўкі не спыніліся цалкам, але замарудзіліся.

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 17 лістапада: асабовага складу — каля 316 760 (+1140 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5415 (+27), баявых браніраваных машын — 10 132 (+11), артылерыйскіх сістэм — 7712 (+29), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5709 (+20).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Уначы супрацьпаветраная абарона знішчыла дзевяць з дзесяці ўдарных БПЛА тыпу Shahed, якімі Расія атакавала з кірунку Прыморска-Ахтарска, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Дроны былі збітыя ў межах Мікалаеўскай, Адэскай, Жытомірскай і Хмяльніцкай абласцей. Акрамя таго, РФ ужыла некалькі зенітных кіраваных ракет С-300 на Данецкам кірунку.

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

  • За мінулыя суткі на фронце адбылося 72 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На Купянскім кірунку сілы абароны адбілі расійскія атакі ў раёнах Сінькоўкі і Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці; на Ліманскім — паблізу Белагораўкі Луганскай вобласці; на Бахмуцкім — каля Іваноўскага, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на Аўдзееўскім — на ўсход ад Стэпавага, Аўдзееўкі і Першамайскага Данецкай вобласці; на Мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці; на Шахцёрскім — каля Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Запарожскім —у раёнах Рабоціна і на захад ад Вербавай Запарожскай вобласці.
  • У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім кірунку і штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.
  • Больш за 2400 дзяцей з Украіны ад шасці да 17 гадоў былі вывезеныя ў Беларусь з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ, піша Reuters са спасылкай на даследаванне Ельскага ўніверсітэта. Дзяцей рэгулярна перавозілі прынамсі з 17 гарадоў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны. Так, больш за 2000 дзяцей былі дастаўлены ў дзіцячы цэнтр Дубрава ў Мінскай вобласці Беларусі, яшчэ 392 дзіцяці — у 12 іншых устаноў. Паводле даследавання, працэс дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей каардынуецца паміж Пуціным і Лукашэнкам. Па прыбыцці ў Беларусь дзеці праходзілі ваенную падрыхтоўку і падвяргаліся перавыхаванню. Вываз дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў праз мяжу без згоды бацькоў або апекуна забаронены міжнародным гуманітарным правам.