Яшчэ адна вайна? У ЗША лічаць, што Азербайджан неўзабаве можа ўварвацца ў Арменію

Паводле інфармацыі журналістаў, Дзярждэпартамэнт ЗША шукае магчымасці прыцягнуць Азербайджан да адказнасці за ваенную аперацыю на тэрыторыі Карабаха.

Энтані Блінкен. Фота AP

Энтані Блінкен. Фота AP

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў амерыканскіх палітыкаў, што цягам некалькіх тыдняў Азербайджан можа ўварвацца ў Армэнію. Пра гэта піша выданне Politico са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле слоў журналістаў, гэта папярэджанне паказвае на глыбіню занепакоенасці адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна аперацыямі Азербайджана ў Карабаху і магчымасцю пашырэння канфлікту.

Паведамляецца, што ў тэлефоннай размове 3 кастрычніка амерыканскія заканадаўцы запатрабавалі ад Блінкена прыняць меры супраць прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў адказ на ўварванне ў Карабах у верасні. Дзяржсакратар адказаў, што Дзярждэпартамэнт шукае магчымасці прыцягнуць Азербайджан да адказнасці і не плануе працягваць дзеянне дакумента, які дазваляе ЗША аказваць ваенную дапамогу Баку. Ён дадаў, што ЗША бачаць магчымасць уварвання Азэрбайджану на поўдзень Арменіі ў бліжэйшыя тыдні.

Аднак, як гаворыцца ў матэрыяле выдання, Блінкен выказаў упэўненасць у працяглых дыпламатычных перамовах паміж Арменіяй і Азербайджанам.

«Яшчэ два чалавекі пацвердзілі, што адбыўся брыфінг па сітуацыі ў Азербайджане, але не паведамілі падрабязнасцяў», — адзначылі журналісты.


Глядзіце таксама

У Дзярждэпе ЗША адмовіліся каментаваць гэтую размову Блінкена з заканадаўцамі, аднак заявілі, што Штаты падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі і хочуць, каб канфлікт з Азербайджанам завяршыўся з дапамогай перамоваў.

Нагадаем, што 28 верасня паведамлялася, што Нагорна-Карабахская Рэспубліка афіцыйна спыняе сваё існаванне. Насельніцтву рэгіёна, уключаючы тых, хто знаходзіцца за межамі анклава, будзе прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з умовамі рэінтэграцыі, агучанымі Азербайджанам.

Затым 5 кастрычніка прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян падпісаў дэкларацыю, дзе фактычна прызнаў Нагорны Карабах тэрыторыяй Азербайджана. Еўрапейскія лідары заявілі, што застаюцца адданымі ўсім намаганням, накіраваным на нармалізацыю адносін паміж Арменіяй і Азербайджанам на аснове ўзаемнага прызнання суверэнітэту.