З якімі выклікамі сутыкнецца Арменія пасля падзення Нагорнага Карабаха?
Дзясяткі тысяч людзей хлынулі ў Арменію з Нагорнага Карабаха, які цяпер кантралюецца Азербайджанам. З якімі выклікамі праз гэта сутыкнецца Ерэван, распавядае The Associated Press.
![ac11fc0a4e0d0c383d3f3d5cc06ca3feistock_1277576441_1_.jpg ac11fc0a4e0d0c383d3f3d5cc06ca3feistock_1277576441_1_.jpg](/img/v1/images/ac11fc0a4e0d0c383d3f3d5cc06ca3feistock_1277576441_1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Натоўпы пратэстоўцаў запаўняюць вуліцы сталіцы Арменіі
Ерэвана, патрабуючы адстаўкі прэм'ер-міністра. Адносіны з Расіяй, старым
саюзнікам і абаронцам, сапсаваліся на фоне ўзаемных абвінавачанняў. У
цяперашні час Арменія сутыкаецца са шматлікімі выклікамі пасля таго, як раптам
апынулася ўцягнутай у адзін з горшых палітычных крызісаў за дзесяцігоддзі сваёй
незалежнасці, які рушыў за распадам Савецкага Саюза ў 1991 годзе», — адзначае
аўтар артыкула Эма Бароуз.
Як піша Бароуз, падзеі развіваліся з дзіўнай хуткасцю пасля таго, як Азербайджан «правёў вокамгненную ваенную кампанію ў Нагорным Карабаху, рэгіёне, які насяляюць пераважна армяне».
«Пазбаўленыя паставак з-за азербайджанскай блакады і колькасна саступаючы азербайджанскай арміі, сепаратысцкія сілы капітулявалі за 24 гадзіны, а іх палітычныя лідары заявілі, што распусцяць свой урад да канца года.
Гэта справакавала масавы зыход этнічных армян, якія баяліся жыць пад уладай Азербайджана. Больш за 80% з 120 000 жыхароў рэгіёну паспешліва сабралі свае рэчы і адправіліся ў знясільваючае і павольнае падарожжа па адзінай горнай дарозе ў бедную Арменію, якая з цяжкасцю прымае іх.
Раззлаваныя і раздражнёныя стратай сваёй радзімы, яны, верагодна, падтрымаюць амаль штодзённыя акцыі пратэсту супраць прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна, якога апазіцыя абвінавачвае ў няздольнасці абараніць Нагорны Карабах», — адзначае аўтарка артыкула.
«Існуе вялікая колькасць гневу і расчаравання, накіраваных на Нікола Пашыняна», — заявіў эксперт па рэгіёне ў Chatham House Лоўрэнс Броерс.
Паводле яго слоў, урад прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які адчувае эканамічныя цяжкасці, павінен хутка забяспечыць іх жыллём, медыцынскім абслугоўваннем і працоўнымі месцамі. Нягледзячы на тое, што сусветная армянская дыяспара паабяцала дапамагчы, гэта стварае сур'ёзныя фінансавыя і лагістычныя праблемы для краіны, якая не мае выхаду да мора, заявіў эксперт.
Глядзіце таксама
![«Бамбілі ўсё спрэс»: аповед тых, хто выжыў, пра абстрэл вёскі ў Нагорным Карабаху «Бамбілі ўсё спрэс»: аповед тых, хто выжыў, пра абстрэл вёскі ў Нагорным Карабаху](/img/v1/images/_131261212_image003.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Назіральнікі таксама адзначаюць, што адным з фактараў на карысьць Пашыняна з’яўляецца тое, што, які б гнеў ні кіпеў супраць яго, ён у роўнай ступені накіраваны на Расію, галоўнага саюзніка Арменіі.
Расія была адцягнутая вайной ва Украіне, якая падарвала яе ўплыў у рэгіёне і прымусіла Крэмль неахвотна кідаць выклік Азербайджану і яго галоўнаму саюзніку Турцыі, ключавому эканамічнаму партнёру Масквы ва ўмовах заходніх санкцый, падкрэслівае аўтарка артыкула.
«Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ужо даўно з падазрэннем ставіцца да Пашыняна, былога журналіста, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля таго, як узначаліў пратэсты, у выніку якіх быў зрынуты папярэдні ўрад.
Яшчэ да аперацыі Азербайджана па аднаўленні кантролю над Нагорным Карабахам Расія спаганяла гнеў на Арменіі за тое, што тая прыняла ў сябе амерыканскія войскі для сумесных ваенных вучэнняў і вырашыла прызнаць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда пасля таго, як ён прад'явіў Пуціну абвінавачанні ў ваенных злачынствах, звязаных з дэпартацыяй дзяцей з Украіны.
Негатыўныя пачуцці абвастрыліся пасля падзення Нагорнага Карабаха, калі Масква абрынулася на Пашыняна ў рэзкіх выразах, якіх раней ніхто не чуў», — піша аўтарка артыкула.
З яе слоў, застаецца незразумелым, ці можа Пашынян вывесці Арменію з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, у якой дамінуе Масква, групы з некалькіх былых савецкіх рэспублік і іншых альянсаў, узначаленых Расіяй. У Арменіі таксама знаходзіцца расійская вайсковая база, і расійскія памежнікі дапамагаюць патруляваць мяжу Арменіі з Турцыяй.
Нягледзячы на раскол, Пашынян устрымаўся ад пагроз разарваць сувязі з Масквой, але падкрэсліў неабходнасць умацавання бяспекі і іншых сувязяў з Захадам.
Між тым, на думку Бароуз, для ЗША і іх саюзнікаў можа аказацца няпростай задачай замяніць Маскву ў якасці галоўных партнёраў Арменіі. Расія з'яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам Арменіі, і ў ёй пражывае, паводле ацэнак, 1 мільён армян, якія будуць рашуча супраціўляцца любой спробе Пашыняна разарваць сувязі з Масквой.
Будучыня расійскіх міратворцаў у Нагорным Карабаху, якія павінны былі застацца да 2025 года, таксама незразумелая. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што іх статус неабходна ўзгадніць з Азербайджанам.
На думку Лоўрэнса Броерса, Азербайджан мог бы дазволіць невялікай колькасці расійскіх міратворцаў застацца ў Нагорным Карабаху, каб дапамагчы прасоўваць сваю праграму па «інтэграцыі» рэгіёну.
«Гэта дапамагло б захаваць твар Маскве, — сказаў ён. — Гэта пацвердзіла б інтэграцыйны парадак дня, які прасоўвае Азербайджан».
Нягледзячы на тое, што міратворцы не спрабавалі перашкодзіць Азербайджану вярнуць Нагорны Карабах, прысутнасць расійскіх войскаў у Арменіі дапамагае супрацьстаяць патэнцыйным спробам Азербайджана і Турцыі аказаць ціск на Ерэван па некаторых спрэчных пытаннях.
Баку ўжо даўно патрабуе, каб Арменія прадаставіла калідор у Нахічэван, які аддзелены ад Азербайджана 40-кіламетровым участкам армянскай тэрыторыі. Насельніцтва рэгіёна, які таксама мяжуе з Турцыяй і Іранам, складае каля 460 000 чалавек.
Эксперт Еўрапейскага цэнтра Карнегі Томас дэ Ваал адзначае, што прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у панядзелак прымаў прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Нахічэвані і казаў пра Паўднёвую Арменію як пра «гістарычную азербайджанскую зямлю» ў даволі правакацыйнай манеры.
Нягледзячы на заклікі Захаду да Азербайджана паважаць суверэнітэт Арменіі, а таксама рашучыя сігналы з боку Ірана, які таксама папярэдзіў Азербайджан не ўжываць сілу супраць Арменіі, напружанасць застаецца высокай, адзначыў ён.
«Пытанне ў тым, да якой ступені Азербайджан і Турцыя, магчыма, пры маўклівай падтрымцы Расіі, прасоўваюць гэтае пытанне, — сказаў дэ Ваал. — Яны проста спрабуюць пасадзіць Арменію за стол перамоваў ці яны сапраўды пачынаюць ужываць сілу, каб паспрабаваць атрымаць тое, што яны хочуць? Гэта той сцэнар, якога ўсе баяцца».
Паводле news.am.