Мацукевіч: Пагроза глабальнай вайны становіцца ў поўны рост

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» разважае наконт наступстваў цяперашняга ваеннага канфлікту паміж палесцінскай групоўкай баевікоў ХАМАС і Ізраілем, а таксама пра тое, ці ёсць шанец у рэжыму праскочыць паміж молатам і кавадлам.

Пакуль што ніхто не наважваецца пайсці насуперак папярэджанням ЗША. Але раптам такі гулец з'явіцца? Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Пакуль што ніхто не наважваецца пайсці насуперак папярэджанням ЗША. Але раптам такі гулец з'явіцца? Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Пажар баявых дзеянняў, якія ідуць у свеце, не паддаецца тушэнню, а цяпер узмацняецца небяспечным полымем новай вайны на Блізкім Усходзе. Паспрабуем разабрацца, да чаго ўсё гэта можа прывесці, піша Павел Мацукевіч.

Сінхранізацыя разбуральных ваганняў

Вядома, што пешаходы, якія крочаць у нагу (напрыклад, салдаты), могуць выклікаць ваганні, здольныя разбурыць мост. Тлумачэнне наступнае: пры супадзенні ўласнай частаты ваганняў моста з частатой ваганняў, створанай звонку (хадакамі), канструкцыя прыходзіць у рэзананс, які можа прывесці да абвальвання. Такія прыклады ў гісторыі былі.

Нешта падобнае адбываецца і з міжнароднымі адносінамі, сістэма якіх падвяргаецца розным ваганням, выкліканым канфліктамі. Калі канфліктаў шмат і паміж імі адбываецца сінхранізацыя, сістэма пераходзіць у рэзанансны стан — і разбурэнне светабудовы становіцца практычна прадвызначаным.

Вайна на Блізкім Усходзе, несумненна, узмацняе разбуральныя ваганні, павялічваючы рызыкі глабальнага рэзанансу. Гэты канфлікт становіцца яшчэ адной падставай для краін і арганізацый выбраць бок барыкад і сінхранізавацца з ім. 

Сістэма міжнародных адносінаў сама па сабе не з'яўляецца суперкаштоўнасцю, якую, чаго б гэта ні каштавала, трэба захаваць. Гэта ўсяго толькі механізм, закліканы гарантаваць глабальны мір і развіццё. Ні тое, ні другое цяпер глабальна не забяспечваецца, пагроза глабальнай вайны становіцца ў поўны рост. Па вялікім рахунку, сістэма міжнародных адносінаў, якая ўзнікла па выніках Другой сусветнай вайны, ужо разбурана. Яе інструменты — ААН, АБСЕ і іншыя — працягваюць функцыянаваць па інэрцыі і толькі як дыскусійныя пляцоўкі, на якіх усё яшчэ магчыма адкрыта выказацца, але ўжо немагчыма дамовіцца і знайсці рашэнне.

Таму патрэбны новы механізм, які здыме пагрозу глабальнай вайны, але вялікая верагоднасць, што ён па традыцыі з'явіцца толькі па яе выніках.


Глядзіце таксама

Цяпер ва ўмовах разбуранай сістэмы міжнародных адносінаў і дысбалансу інтарэсаў толькі пагроза прымянення сілы з боку адных застаецца стрымліваючым фактарам для іншых. Аднак гэта зыбкая канструкцыя. Баланс сіл імкліва змяняецца не ў бок дэмакратычных краін, якія і без таго ў меншасці адносна аўтакратыі.

Карыстаючыся сваёй сусветнай вагой, Злучаныя Штаты перасцераглі арганізацыі і краіны, якія могуць скарыстацца сітуацыяй на Блізкім Усходзе ў сваіх мэтах, не рабіць гэтага. Гэтае пасланне адрасавана, перш за ўсё, рэгіёну і такім краінам, як Іран, Сірыя, Ліван і рухам кшталту «Хезбала», але зацікаўленых у дэстабілізацыі значна больш. Перасцярога гучыць як выклік з боку ЗША на дуэль любога, хто рызыкне дапамагчы ХАМАСу ў яго вайне супраць Ізраіля. 

Нейкі час таму можна было біцца аб заклад, што ніхто не прыме гэты выклік, але сёння, а тым больш у прагнозе на заўтра такой упэўненасці няма.

Відавочна, што рэсурсаў ЗША і заходніх краін хопіць на тое, каб дапамагаць Украіне ў яе супрацьстаянні Расіі, хоць і расійскія магчымасці ў гэтым канфлікце таксама выглядаюць невычэрпнымі. Рэсурсаў ЗША і заходніх краін таксама, верагодна, можа хапіць на тое, каб аказаць неабходную ваенную дапамогу Ізраілю ў яго барацьбе за сваё існаванне, хоць маштабы гэтага выкліку яшчэ да канца незразумелыя. Вайна ва Украіне ў любым выпадку абмяжоўвае магчымасці падтрымкі — і наадварот таксама, калі вайна на Блізкім Усходзе будзе доўгай. Так ці інакш, рэсурсы дэмакратычнага свету цяпер расцягваюцца ўжо на два фронты.

Калі гэтай сітуацыяй вырашыць скарыстацца Кітай (а момант можа падацца яму прыдатным, каб разабрацца з Тайванем), то адкрыецца трэці фронт, на які рэсурсаў ЗША і дэмакратычных краін ужо наўрад ці хопіць. Тым больш, што ў такім сюжэце становішча на ўсіх франтах можа ўскладніцца адкрытым падключэннем да канфліктаў новых гульцоў (Іран, Паўночная Карэя і іншыя).

Пакуль гэта ўсё яшчэ сцэнар з дапушчэннямі і шматлікімі «калі», якія азначаюць развілкі і наяўнасць альтэрнатыў.

Глядзіце таксама

Mind your language!

Пазіцыя Беларусі па ключавых міжнародных пытаннях з нядаўніх часоў уяўляе сабой меню з дзвюх страў: адну гатуюць дэмсілы, іншую вырабляе афіцыйны Мінск. Замежныя партнёры, у залежнасці ад палітычных пераваг, маюць магчымасць выбіраць на густ. Падзеі на Блізкім Усходзе не сталі выключэннем. 

Ёсць заява Святланы Ціханоўскай, якая добра рыфмуецца з пазіцыяй заходніх дэмакратый, але не ўлічвае рэалій Беларусі і спецыфікі адносінаў. 

Пазіцыя афіцыйнага Мінска сфармуляваная ў заяве МЗС, якая фармальна гэтую спецыфіку якраз улічвае, але і па форме, і па змесце з'яўляецца шаблоннай. Атака ХАМАСа такой не з'яўляецца і патрабуе нешаблонных рэакцыі. 

Нельга выключаць, што недзяжурная рэакцыя ў той ці іншай форме мела месца быць ці яшчэ будзе трансляваная па непублічных дыпламатычных каналах, якія існуюць паміж Беларуссю і Ізраілем. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Ізраіль акрэдытаваў у Мінску свайго пасла, толькі з лета 2022 года ізраільскае пасольства функцыянуе на ўзроўні часовага паверанага ў справах. Беларускае ў Тэль-Авіве па-ранейшаму прадстаўлена на ўзроўні пасла.

Акрамя гэтага, Ізраіль з'яўляецца важным гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным партнёрам Беларусі, прычым да нядаўніх часоў — ключавым у рэгіёне. У апошні час на першыя пазіцыі выйшлі ААЭ, расце значнасць Ірана, асабліва транзітная. Тым не менш ёсць патэнцыял супрацоўніцтва з Ізраілем, фармальна захоўваецца высокі ўзровень двухбаковых палітычных кантактаў, а значыць існуе хай і тэарэтычная магчымасць выхаду праз Ізраіль на ЗША і іншыя значныя заходнія краіны. Усё гэта разам з асабістымі сувязямі, якімі пераплецены Беларусь і Ізраіль, робіць абсалютную вагу аргументам на карысць таго, каб пры любым раскладзе ліць ваду на ізраільскі млын.

Складанасць задачы ў тым, каб гэтай самай вадой не атруціць адносіны з іншымі значнымі для афіцыйнага Мінска і Беларусі краінамі, якія Ізраіль на дух не пераносяць. Як Іран, напрыклад. Рашэннем гэтай задачы з'яўляецца публічная нейтральнасць — адначасова з непублічным адрасным спачуваннем.

Ёсць пацешны прыклад, які добра ілюструе гэтую практыку: у непублічных кантактах з іранскім бокам афіцыйны Мінск заўсёды называе заліў паміж Іранам і Аравійскім паўвостравам Персідскім, а ў кантактах з ААЭ або Саудаўскай Аравіяй — Арабскім, таму што іншае стане жалезабетоннай падставай для ўскладненняў. У публічных — не застаецца нічога іншага, як пазбягаць згадак гэтага заліва, таму што арабы не зразумеюць, калі яго назваць «Персідскім», а іранцы гарантавана заявяць пратэст, калі даведаюцца, што ён «Арабскі».

Глядзіце таксама

У выпадку тэрарыстычных нападаў ХАМАСа, разні і выкраданняў, асуджэнне выглядае бяспройгрышным і для рэжымнай Беларусі. Гэтым нават не сапсаваць адносінаў з Палесцінай, чый пасол акрэдытаваны ў Мінску, таму што інтарэсы ХАМАСа і ўладаў Палесцінскай аўтаноміі як мінімум не тоесныя, а як максімум нават варожыя. 

Калі пры фармуляванні асуджэння старанна падабраць словы і праявіць акуратнасць у выразах, то зусім не складана дагадзіць усім полюсам адразу. І Расіі, якой канфлікт вельмі дарэчы, але якая хавае радасць за ў цэлым асцярожнымі афіцыйнымі ацэнкамі, і Ізраілю з заходнімі саюзнікамі, і Ірану, і нават арабскім краінам, тым больш што ў пазіцыі некаторых з іх мелі месца нюансы, якія асуджаюць ХАМАС.