Кангрэс рэкамендаваў ЗША рыхтавацца да адначасовай вайны з Кітаем і Расіяй
Пагрозы з боку Кітая і Расіі абвострацца ў перыяд 2027—2035 гадоў, гаворыцца ў дакладзе Кангрэса ЗША.
Камісія па стратэгічным планаванні Кангрэса ЗША падрыхтавала 145-старонкавы даклад, у якім рэкамендавала амерыканскім уладам рыхтавацца да адначасовай вайны з Кітаем і Расіяй, паведамляе meduza.io.
Высокапастаўленая крыніца агенцтва «Reuters», якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы даклада, адмовілася паведаміць, ці ведае выведка ЗША аб супрацоўніцтве Кітая і Расіі ў галіне ядзернай зброі. Суразмоўца адзначыў, што ЗША дапускаюць вядзенне дзвюх войнаў, паколькі паміж дзвюма згаданымі краінамі можа быць «максімальная каардынацыя».
Старшыня дэмакратаў Мэдлін Крыдан заявіла на брыфінгу, прысвечаным выхаду даклада, што прэзідэнт і Кангрэс павінны «данесці да амерыканскага народа», што павелічэнне выдаткаў на абарону — гэта невялікая цана, якую трэба заплаціць, каб прадухіліць магчымую ядзерную вайну з удзелам ЗША, Кітая і Расіі.
«ЗША і іх саюзнікі павінны быць гатовы да стрымлівання і паражэння абодвух праціўнікаў адначасова. Узначалены ЗША міжнародны парадак і каштоўнасці, якія ім падтрымліваюцца, знаходзяцца пад пагрозай з боку аўтарытарных рэжымаў Кітая і Расіі», — гаворыцца ў дакладзе.
Камісія Кангрэса прапанавала ЗША нарасціць звычайныя ўзбраенні, умацаваць Ваенныя альянсы і пашырыць праграмы мадэрнізацыі ядзернай зброі. У дакладзе сказана, што амерыканская нацыя «павінна зрабіць гэтыя інвестыцыі», нягледзячы на «бюджэтныя рэаліі».
У камісіі лічаць, што пагрозы з боку Кітая і Расіі абвострацца ў перыяд 2027—2035 гадоў, таму «рашэнні неабходна прымаць ужо цяпер, каб краіна была гатова».
Кангрэс ЗША стварыў камісію ў 2022 годзе, у яе ўвайшлі па шэсць прадстаўнікоў дэмакратычнай і рэспубліканскай партый. Мэта Камісіі — ацаніць доўгатэрміновыя пагрозы для ЗША і выпрацаваць рэкамендацыі па змене звычайных і ядзерных сіл краіны.
Адносіны ЗША і Кітая абвастрыліся на фоне сітуацыі ў Тайвані, які ўлады КНР лічаць сваёй тэрыторыяй, але не кантралююць. Адносіны ЗША і Расіі знаходзяцца на самым нізкім узроўні праз уварванне расійскіх войскаў ва Украіну.