«Баяцца толькі свежанькія рэпатрыянты». Айцішнікі-беларусы ў Ізраілі — пра тое, як перажываюць вайну

Раніцай 7 кастрычніка пачалася новая вайна на Блізкім Усходзе. Выданне Dev.by распытала беларускіх айцішнікаў, якія жывуць у Ізраілі, якая абстаноўка навокал.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

«Шмат здаровай злосці. Страху няма. Людзі падтрымліваюць адно аднаго і войска»

Цімур Хашчавацкі, да вясны 2021 Head of Engineering у SK Hynix:

— Мы рэпатрыяваліся на пачатку ліпеня — я, жонка, дачка і два каты. Жывем у Рышон-ле-Цыёне — гэта цэнтр, адзін з гарадоў-спадарожнікаў Тэль-Авіва.

Нашае мястэчка таксама закранула: было тры прылёты, адзін раз з ахвярамі — здаецца, загінула тры чалавекі. Сірэны, якія папярэджваюць, што трэба спусціцца ў сховішча, гучалі тузін раз у першай палове дня (размова адбылася 9 кастрычніка — «НЧ».) і пару разоў вечарам. Сёння зранку — два разы.

Абстаноўка вакол такая: людзі смуткуюць аб загінулых, іх ужо шмат сотняў, у многіх сябры, знаёмыя або сваякі — у Ізраілі лічаць, што знаёмыя з кожным праз адзін поціск рукі. Шмат здаровай злосці. Страху няма. Людзі вельмі падтрымліваюць адно аднаго і войска. На здачу крыві выстраіліся вялізныя чэргі, рэзервісты злятаюцца з усіх краін свету.

Наш настрой спакойны, нашмат спакайнейшы, чым быў у Мінску апошнія тры гады. Калі на тваім баку войска і паліцыя, гэта расслабляе.

Мы перажываем толькі за тых, хто ў баях: мая аднакласніца рэпатрыявалася вельмі даўно, і абодва яе сына цяпер салдаты. 5 хвілін таму ў сховішчы я балбатаў з суседам — яны прыехалі летась з Марыупаля, а пасля гэтага чалавек наогул наўрад ці здольны чаго-небудзь спалохацца.

Сховішчаў нашым доме на 16 кватэр — гэта вялікі бетанаваны пакой на нулявым паверсе. Святло, крэселкі, усе суседзі адно аднаго знаюць. Мы пераехалі ў гэты дом два дні таму, таму выкарыстоўвалі сітуацыю як падставу пазнаёміцца з астатнімі. Спускаюцца, што праўда, далёка не ўсе.

Тут мы адчуваем сябе ў бяспецы. Трэба адзначыць, што ракеты, якія прылятаюць ад мясцовых тэрарыстаў — усё ж не тыя, што прылятаюць ад расійцаў ва Украіну. Гэта не «Калібры» і не «Оніксы». Дом такія ракеты не знішчаць, але могуць [знішчыць] кватэру або аўтамабіль пры прамым траплянні.

Не сказаў бы, што мы адчуваем сябе ў небяспецы па-за сховішчам, але спускаемся сюды, бо глупа не зніжаць нават мінімальнай рызыкі, калі зрабіць гэта нескладана.

У Ізраілі першакласная сістэма апавяшчэння і грамадзянскай абароны — сірэны, праграмы на тэлефонах, сховішчы ёсць у кожным доме, а ў новых дамах — нават у кожнай кватэры. Таму ніякай панікі, усе ведаюць, што рабіць. Чыноўнікі з Міністэрства абсорбцыі абзвоньваюць рэпатрыянтаў, правяраюць, ці ўсё як мае быць. У школах заняткі на пару дзён адмянілі, але праводзяць класныя гадзіны анлайн, каб супакоіць дзяцей і пераканацца, што з усімі ўсё добра. Заўтра ўрокі пачнуцца праз Teams. Вельмі шмат афіцыйных і неафіцыйных каналаў, дзе прапаноўваюць дапамогу — псіхалагічную і любую іншую (жытло, напрыклад).

На нашым паўсядзённым жыцці тое, што адбываецца, адбіваецца мала: мы пакуль што не працуем, а вучым іўрыт ва ўльпане. Апошнія два тыдні і так былі вакацыі праз святы — вучоба пачнецца крыху пазней.

Краіна, вядома, не жыве звычайным жыццём, але і не замірае: тое, што адбываецца цяпер, адбываецца не ў першы раз (хоць гэты раз сапраўды беспрэцэдэнтны праз вялікую колькасць грамадзянскіх ахвяр і закладнікаў, у тым ліку дзяцей). Усе працуюць, усе салідарныя, усе ўпэўненыя, што мы дамо рады.

Ажыятажу вакол няма. У супермаркетах купляюць ежу ў запас, але гэта не выглядае як паніка і цісканіна. Зразумела, што могуць быць сітуацыі, калі варта/даводзіцца пасядзець некалькі дзён дома — таму ідэя назапасіцца прадуктамі на тыдзень-другі наперад цалкам разумная.


Глядзіце таксама

«Гэта нашае 11 верасня: сярод пацярпелых — ужо тысячы»

Ягор Стронгін — франтэнд-архітэктар у Dynamic Yield by Mastercard:

— Я жыву ў Тэль-Авіве вось ужо 9 гадоў. А 6:30 раніцы 7 кастрычніка нас абудзіла сірэна — і я нават не паверыў: «Сірэна? У Шабат? А 6:30?».

Варта патлумачыць, што ўсё пачалося ў вялікае свята — Сімхат Тора, калі ўсе-ўсе, у тым ліку і нашае войска, былі па дамах.

Нашыя ворагі выявіліся вельмі падступнымі: яны выпусцілі адначасова 3 тысячы ракет, і ў той жа момант, пакуль людзі па ўсёй краіне хаваліся ў бамбасховішчы, тысячы баевікоў прарвалі нашую мяжу. Можна сказаць, што 7 кастрычніка — гэта нашае 11 верасня: сярод пацярпелых — ужо тысячы, забіта больш за 900 чалавек (і гэтая лічба ўвесь час расце, бо на тэрыторыі краіны ідуць баі).

Дык вось я не паверыў сваім вушам, калі пачуў гук сірэны так рана і ў такі дзень. Але жонка таксама чула: «Бярэм дзіця і ў сховішча!» — сказала яна, і мы рванулі з кватэры.

Пазней у Тэль-Авіве была яшчэ сірэна. А далей мы проста цэлымі днямі сядзелі ў навінах — чыталі, чыталі, чыталі. У той жа дзень у ізраільскае войска прызвалі 300 тысяч мужчын, вельмі шмат нашых знаёмых пайшло.

Што адрознівае тое, што адбываецца цяпер, ад таго, што тварыў «ХАМАС» раней: ну, першае, вельмі вялікая колькасць ахвяр, гэта ўжо не тэракт, у якім загінулі 2-3 чалавекі; другое, захоп тэрыторыі — баевікі зайшлі ў нашыя кібуцы, у нашыя гарады, і дагэтуль дзесьці там застаюцца.

Гэта не тэракт, а паўнавартаснае ўварванне — гэта вайна: адная дзяржава напала на іншую, ужыўшы велізарныя сілы. Абвешчанае ваеннае становішча.

І тое, што мы на ваенным становішчы, відавочна нават таму, хто наогул не сочыць за навінамі (хоць такіх, вядома ж, няма): частка крам раптам засталася без паставак, смецце не вывозіцца — раней такую працу часта выконвалі палесцінцы, а цяпер ім часова закрыты доступ у краіну.

Я асабіста не быў яшчэ ў краме, але мае суседзі кажуць, што ім асабіста давялося адстаяць у чарзе некалькі гадзін, бо людзі спалохаліся, што ўзнікне дэфіцыт прадуктаў і тавараў першай неабходнасці, — і сталі закупляцца ў запас. Мы з жонкай такога не робім, я ўпэўнены, што прадуктаў усім хопіць.

І ўсё ж варта заўважыць, што вайна там — на поўдні. А ў нас у Тэль-Авіве спакойна. Так, чутныя сірэны — вось толькі што адная была, я спусціўся ўніз. А цяпер зноў працую ў офісе на 35-м паверсе.

Не баіцца наогул ніхто, акрамя свежанькіх рэпатрыянтаў. Тыя, хто чуў сірэны раней, спакойныя, бо яны ведаюць, што Жалезны купал працуе, СПА працуе. І калі ты будзеш выконваць банальныя ўказанні, усё з табой будзе як мае быць.

Грамадства аб’ядналася, усе прымаюць бежанцаў з поўдня. Нашая кампанія, напрыклад, здымае нумары ў гатэлі і кватэры на AirBNB супрацоўнікам, якія жывуць на поўдні. І больш за тое — калі ты адчуваеш сябе не ў бяспецы, калі цябе трывожаць сірэны, ты можаш папрасіць, каб табе дапамаглі на час пераехаць на поўнач краіны.

Мы здаем кроў, скідваемся грашыма, збіраем вопратку і рэчы для войска — аджа на службу прызвалі 300 тысяч чалавек, не ўпэўнены, што вайсковае начальства за 2 дні знойдзе для такой колькасці зубныя шчоткі. Людзей забіралі з дому за лічаныя хвіліны. У Ізраілі гэта так: ты атрымліваеш паведамленне — і абавязаны неадкладна з’явіцца. Адразу ж! У Шабат вельмі многія гасцявалі ў бацькоў або проста былі ў гасцях — адтуль і адправіліся, без заезду дадому.

У нас у офісе ўсяго 3 чалавекі — бо многіх прызвалі. Людзі, якія працуюць за мяжой, ляцяць дадому, каб далучыцца да войска — бо іх таксама прызвалі.

У мяне ёсць калега, бацька чатырох дзяцей, які жыве ў Партугаліі ўжо шмат гадоў, і цяпер ён вяртаецца на радзіму. Ён можа гэтага не рабіць, яго не пакараюць за дэзерцірства — у Ізраілі дэмакратыя. Але ён не можа застацца ў баку, калі яго суайчыннікі ў бядзе — «не так выхаваны».

Усе ў Ізраілі настроеныя на перамогу. Нас не задаволіць ніякі іншы фінал акрамя знішчэння ХАМАСа цалкам.

Як тое, што адбываецца, уплывае на ІТ: кампаніі працягваюць працаваць, многія сказалі сваім супрацоўнікам, што яны могуць працаваць «як і колькі могуць» — кожны па сваіх сілах і абставінах. У нас усіх перавялі на працу з дому, хоць нядаўна мы вярнуліся ў офіс на 3 дні на тыдзень.

Плюс ІТ збірае вельмі шмат грошай у дапамогу сем’ям, якія страцілі сваіх родных.

Што яшчэ: сады-школы цяпер закрытыя, усе аддаюць перавагу заставацца з дзецьмі дома. Але нам патэлефанавала выхавальніца, каб пагутарыць па відэасувязі з нашай дачкой і падтрымаць яе. Дзе яшчэ вы такое ўбачыце?


Глядзіце таксама

«Закупілі прадуктаў і аддалі для перадачы на поўдзень краіны»

Іван (імя зменена), уладальнік буйной вытворчай кампаніі ў Беларусі (жонка — QA-інжынер, працуе ў кампаніі з беларускімі каранямі):

— Мы крыху менш за год жывем Хайфе — гэта поўнач Ізраіля. Наш дом размешчаны на гары — таму мы з вышыні назіраем за горадам і портам. Ад 7 кастрычніка порт дадаткова ахоўваецца ваеннымі караблямі, пастаянна лётаюць ваенныя верталёты, перыядычна закрываюць частку дарог, выстаўляюць блок-пасты з праверкай аўтамабіляў.

Школы закрытыя, на цяперашні момант вучоба ў дзяцей плануецца ад 11 кастрычніка праз Zoom. Беларусы ўмеюць ва ўзаемадапамогу, але ў апошнія гады ўсе яны запалоханыя. А тут вельмі бачная падтрымка: на пункты здачы крыві ў першы ж дзень прыйшло столькі людзей, што давялося адкрываць дадатковыя; каля ўсіх крам і ў спецыяльных цэнтрах падтрымкі прымаюць матэрыяльную дапамогу, і яе вельмі шмат; частка груп у фэйсбуку (а тут гэта адзін з галоўных маркетплэйсаў) перасталі выкладваць усе аб’явы, акрамя аб’яў аб узаемадапамозе — і іх таксама шмат, і так па многіх напрамках.

З пункта гледжання ваенных дзеянняў тут, на поўначы, даўно нічога не было. А калі чытаць навіны, то на поўначы нічога не кажа пра тое, што ідзе вайна: няма ні ракетных нападаў, ні сірэн — нічога. Але цяпер у нас ідзе расчыстка бамбасховішчаў. Улады нават вылучылі асобны прамы нумар, на які можна патэлефанаваць — і дашлюць валанцёраў для гэтага.

На нашай з жонкай працы тое, што адбываецца тут, ніяк не адбілася — працуем аддалена і не ў Ізраілі. Што мы канкрэтна робім цяпер — закупілі прадуктаў і аддалі для перадачы на поўдзень краіны. Цяпер адзіная дапамога, якую запытваюць у Хайфе, — прывозіць ежу і пітво ў цэнтры здачы крыві. Пішуць, што адгукнулася вельмі шмат людзей.

Страх асабіста ў нас? Так, вядома, ёсць, бо на поўначы Ліван, які абяцаў пачаць поўнамаштабнае ўварванне ў Ізраіль, калі пачнецца сухапутная вайна ў сектары Газа. А кіраўніцтва краіны маўчыць трэці дзень — і ніхто не разумее, што будзе далей.

План «Б» у выпадку, калі падзеі прымуць дрэнны абарот, — магчыма, з’ехаць на час у Беларусь або Расію. Але дзеці страцяць навучальныя дні, плюс цяпер наогул не ясна, ці будуць лётаць самалёты — можна некалькі разоў купіць квіткі, але нікуды не паляцець.