«Маскі зняты». У Ізраілі адрэагавалі на падтрымку ХАМАС беларускай прапагандай
СМІ Ізраіля параўноўваюць паводзіны беларускіх дэмакратычных сіл і рэжыму Лукашэнкі ў кантэксце цяперашняй вайны паміж Ізраілем і рухам ХАМАС, які днямі здзейсніў уварванне ў Ізраіль.
Медыя Ізраіля заўважылі публікацыю лукашэнкаўскага выдання «Мінская праўда», дзе напад ХАМАС на Ізраіль назвалі «перамогай Масквы і Мінска».
«Маскі зняты. Расія не выказала салідарнасці з Ізраілем у сувязі з жахлівымі тэрактамі і не асудзіла ХАМАС. Замест гэтага расійскія прапагандысты пішуць у адным з выданняў рэжыму Лукашэнкі, што для Мінска і Масквы дзеянні палесцінцаў з'яўляюцца перамогай», — піша газета« Israel Hayom» («Ізраіль сёння»), якая адзначыла зацікаўленасць Расіі ў эскалацыі канфлікту ў рэгіёне.
«Імклівая эскалацыя ў Ізраілі ідзе на руку Расіі, бо яна тым самым прасоўвае свае ўласныя інтарэсы, як рабіла гэта на беларуска-польскай мяжы, Малдове, Данбасе і іншых месцах. У дадзеным жа выпадку мэта Масквы — адцягнуць увагу свету ад Украіны і знізіць колькасць паставак зброі туды», — адзначыў 9 кастрычніка кіраўнік замежнапалітычнага аддзела газеты Дэвід Бэран.
«Хоча таго Ізраіль ці не, цяпер ён апынуўся ў адной лодцы з Украінай. І пакуль Пуцін спрабуе адрадзіць Савецкі Саюз, нам трэба вызначыць сваё месца ў гэтым свеце, які імкліва мяняецца», — падагульніў Бэран.
У эфіры ізраільскага тэлеканала 10 кастрычніка прама перад выступленнем прэзідэнта ЗША Джо Байдэна абмяркоўвалі тое, як на тэрарыстычную атаку супраць Ізраіля адрэагавалі іншыя дзяржавы, і зайшла гаворка пра Беларусь.
Журналіст RTVI Барыс Штэрн адзначыў, што беларуская дыяспара ва ўсім свеце актыўна падтрымлівае Ізраіль. Больш за тое, Штэрн нагадаў, што лідар дэмсіл Святлана Ціханоўская яшчэ ў суботу ўвечары публічна падтрымала народ Ізраіля.
У Ізраілі ўбачылі і «падтрымку» з боку рэжыму Лукашэнкі: Штэрн нагадаў, што прапагандысцкая газета Лукашэнкі выпусціла калонку журналіста RT, дзе была выказана падтрымка не народу Ізраіля, а тэрарыстам ХАМАС.
«Розніцы не вельмі шмат паміж Мінскам, Рамалай і Газай», — сказалі на ізраільскім ТБ.