«Такі народ перамагчы няма шанцаў». Беларуская блогерка-пенсіянерка валанцёрыць для ізраільскай арміі

Беларуская блогерка Аляксандра Ханевіч прыехала адпачываць у Ізраіль і нечакана аказалася на вайне. Заспеўшы атакі ХАМАС, яна вырашыла валанцёрыць і дапамагаць ізраільскаму войску. Пра сваё валанцёрства яна расказала ў сябе на ютуб-канале.

Аляксандра Ханевіч з ізраільскім вайскоўцам. Скрыншот з відэа

Аляксандра Ханевіч з ізраільскім вайскоўцам. Скрыншот з відэа

Спачатку Аляксандра паехала ў краму, каб набыць неабходныя салдатам рэчы. У зону баявых дзеянняў адпраўляюць ваду, прадукты харчавання, шкарпэткі, майкі і іншае. Затым у краме яна дапамагала складваць у пакеты набытае для войска іншымі валанцёрамі.

— Мяне вельмі ўразіла, што многія ізраільцяне куплялі ў магазінах шмат чаго для салдат… У кожнага ў кошыку былі тавары на тысячу, дзве і нават тры шэкеляў. Стаяла збоку, дапамагала людзям складаць, — сказала яна.

Потым блогерка паехала да салдат.

— Мы былі амаль у зоне баявых дзеянняў. Пяць кіламетраў не даехалі да сектара Газа, — распавяла яна. — Далей уезд быў забаронены. Але салдаты выязджаюць з зоны баявых дзеянняў на адпачынак, і ім атрымоўваецца ўсё перадаваць.

У машыне Аляксандра падвозіла ізраільскага хлопца. Ён нядаўна адслужыў у войску і зʼехаў на адпачынак у Тайланд. Якраз у гэты час пачалася вайна. Ён адразу вярнуўся і паехаў у зону баявых дзеянняў. Аляксандра кажа, што салдаты настроены вельмі па-баявому.

На сваім шляху Аляксандра бачыла лагеры, у якіх размяшчаюць пацярпелых ад атакі ХАМАС.

— Вельмі шмат параненых. Цэлыя лагеры. Насустрач нам ляцелі машыны хуткай дапамогі. Самых цяжкіх адпраўляюць у бальніцы. Гэта жудасна — бачыць такое ў XXI стагоддзі.

Блогерка звярнула ўвагу на вялікую салідарнасць і згуртаванасць ізраільскага грамадства.

— Такой салідарнасці я не бачыла. Такі народ перамагчы няма ніякіх шанцаў, — сказала Аляксандра.

— Так што ізраільцяне перамогуць гэтых тэрарыстаў. Абавязкова. ХАМАСу будзе канец, — рэзюмавала яна.

Аляксандра Ханевіч з Гродна, ёй 71 год. Працавала на заводзе «Хімвалакно» ўсё жыццё, на пенсіі яна ўзначальвала ветэранскую арганізацыю.

У 2020 годзе затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага і гвалт супраць мірных грамадзян з боку сілавікоў перавярнулі жыццё жанчыны. Аляксандра стала выходзіць на пратэсты, яе двойчы арыштоўвалі, трымалі ў турме. Баючыся чарговага арышту, жанчына вымушана была бегчы ў Польшчу разам з сынам.

Праз год для свайго выпуску пра Беларусь жанчына знялася ў фільме Юрыя Дудзя пра беларускія пратэсты.

Паводле «Мост», «Наша Ніва»

Глядзіце таксама