Народныя амбасады Беларусі збіраюць інфармацыю аб эвакуацыйных рэйсах з Ізраіля

Народныя амбасады Беларусі пачалі збор інфармацыі аб эвакуацыйных рэйсах з Ізраіля і просяць падзяліцца ёй суграмадзян, якія жывуць за мяжой. 

249696711_0_0_0_0_1240x0_80_0_0_90059ddd586fa1f7a8280e4564cf9afb.jpg

«Паважаныя беларусы замежжа! Усе вы ведаеце, што адбываецца ў Ізраілі апошнія дні. Калі вы валодаеце інфармацыяй, што з вашай краіны будуць арганізаваны эвакуацыйныя рэйсы з Ізраіля, альбо ведаеце, што такія рэйсы арганізоўвае іншая краіна — дасылайце, калі ласка, інфармацыю ў наш чат-бот», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама Народныя амбасады просяць дыяспары падзяліцца інфармацыяй пра пошук даных аб эвакуацыйных рэйсах па сваіх чатах.

Імаверна, вядзецца праца, каб паведаміць беларусам, што засталіся ў Ізраілі, пра тое, як яны могуць бяспечна пакінуць зону канфлікту.

Раней консул Беларусі ў Ізраілі Станіслаў Венцэль заявіў, што з Расіяй дасягнута дамоўленасць пра эвакуацыю беларусаў з Сектара Газа: «Мы акумулюем інфармацыю, цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі расійскімі калегамі ў Рамале. У нас ёсць папярэдняя дамоўленасць, што пры цэнтралізаванай эвакуацыі расійскім бокам нашы грамадзяне таксама змогуць быць эвакуяваны гэтым рэйсам».

Але ў беларускім пасольстве не змаглі назваць тэрміны эвакуацыі. «Усе спадзяюцца на самы бліжэйшы час, але абставіны няпростыя», — сказаў дыпламат.

Раней прадстаўніцтва Расіі пры Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі заяўляла пра ўключэнне грамадзян Беларусі ў расійскі спіс на эвакуацыю, і пра тое, што пытанне эвакуацыі з палесцінскіх тэрыторый «прапрацоўваецца».

«На дадзены момант жаданне пакінуць анклаў Сектар Газа выказалі каля 400 чалавек. Сярод іх грамадзян Расіі каля 280, а таксама Беларусі, Украіны, Казахстана і, вядома, самі палесцінцы», — заявіла прэс-сакратарка прадстаўніцтва Расіі пры Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Алія Зарыпава.