«Мір на Блізкім Усходзе настане тады, калі арабы будуць любіць сваіх дзяцей мацней, чым яны ненавідзяць габрэяў»

Яе лёс ёсць самім лёсам дзяржавы Ізраіль. Ён прасякнуты няспыннай верай, цяжкай працай, бясконцым змаганнем і прагай да міру. Узгадаем яскравыя эпізоды жыцця Голды Мэір — былой прэм’ер-міністаркі Ізраіля, якая правяла дзяцінства ў Пінску. 

Голда Мэір

Голда Мэір

Адна з найбольш уплывовых жанчын стагодзя нарадзілася ў Кіеве, тры гады пражыла ў Пінску і прысвяціла жыццё пабудове габрэйскага дома – дзяржавы Ізраіль. Маладая жанчына ў кібуцы, маці дваіх дзяцей сярод галечы ў Іерусаліме, прэм’ер-міністр Ізраіля ў разгар вайны – усё гэта яна – Голда Мэір.

Дзяцінства ў Кіеве і Пінску

Маленькая Голда Мэір (у дзявоцкасці Мабавіч)

Маленькая Голда Мэір (у дзявоцкасці Мабавіч)

Голда Мэір нарадзілася ў Кіеве ў 1898 годзе. Вось што напрыканцы жыцця яна ўзгадвала пра дзяцінства:

«Радасных ці хаця б прыемных успамінаў пра гэты час у мяне вельмі мала. Эпізоды, якія я памятала ўсе наступныя семдзесят гадоў, звязаныя большай часткай з пакутлівай патрэбай, у якой жыла наша сям'я; я памятаю беднасць, голад, холад і страх.

Са страхам звязаны адзін з самых выразных маіх успамінаў. Верагодна, мне было тады гады тры з паловай-чатыры. Мы жылі тады ў Кіеве, у маленькім доме, на першым паверсе. Добра памятаю размову аб пагроме, які вось-вось павінен быў абрынуцца на нас. Вядома, я тады не ведала, што такое пагром, але мне ўжо было вядома, што гэта неяк звязана з тым, што мы  габрэі, і з тым, што натоўп падонкаў з нажамі і палкамі ходзіць па горадзе і крычыць: «Хрыста распялі!». Яны шукаюць габрэяў і зробяць нешта жахлівае са мной і з маёй сям'ёй.

Потым я стаю на лесвіцы, якая вядзе на другі паверх, дзе жыве іншая габрэйская сям'я; мы з іх дачкой трымаемся за рукі і глядзім, як нашыя таты спрабуюць забарыкадаваць дошкамі ўваходныя дзверы. Пагрому не адбылося, але да гэтага часу памятаю, як моцна я была напалоханая і як злавалася, што бацька дзеля таго, каб мяне абараніць, можа толькі скалаціць некалькі дошак, і што мы ўсе павінны пакорліва чакаць прыходу хуліганаў.

Але найлепш памятаю, што ўсё гэта адбываецца са мной таму, што я габрэйка і таму не такая, як іншыя дзеці ў двары».

Заробка цесляра не хапала, каб пракарміць сям’ю, і ў 1903 годзе бацька Голды скіраваў жонку ў дзяцей у Пінск, у дом бабулі і дзядулі Голды, а сам выправіўся на заробкі ў ЗША. У Пінску старэйшая сястра, Шэйна, навучыла маленькую Голду чытаць і пісаць на ідышы.

Эміграцыя ў ЗША

Праз тры гады, у 1906-м, Голда з усёй сям’ёй пераехала да бацькі ў горад Мілуокі, што на поўначы ЗША.

Бацькі былі супраць таго, каб дзяўчына атрымала добрую адукацыю. Яна марыла паспяхова выдаць будучую прэм’ер-міністарку Ізраіля замуж. Голда сабрала ўсе грошы, што ў яе меліся, пазычыла частку сумы ў сябровак – і скіравалася на вучобу ў Дэнвер, дзе жыла яе старэйшая сястра з мужам. Пазней Голдзе ўсё ж давядзецца кінуць вучобу, каб зарабляць на жыццё, і вярнуцца ў бацькоўскі дом. У Мілуокі яна скончыла сярэднюю школу.

«Прайшло больш за пяцьдзясят гадоў. Калі мне было семдзесят адзін і я была прэм'ер-міністрам  я вярнулася ў школу на некалькі гадзін. Школа не надта змянілася за гэтыя гады, толькі пераважная большасць вучняў былі негры, а не габрэі, як у 1906 годзе. Яны сустрэлі мяне як каралеву. Выстраіўшыся на рыпучай старой сцэне, якую я так добра памятала, начышчаныя і адмытыя да бляску, яны праспявалі ў мой гонар мноства ідышскіх і іўрыцкіх песень, а калі яны заспявалі ізраільскі нацыянальны гімн «Ха-Ціква», іх галасы так загрымелі, што ў мяне навярнуліся слёзы», — занатавала Голда ў мемуарах.

Мара пра габрэйскае засяленне Палестыны

Найвялікшай марай Голды Мэір была краіна, якая стала б домам для ўсіх габрэяў, дзе яны былі б не меншасцю, але гаспадарамі сваёй зямлі.

«Відавочна, гэтай краінай мог быць толькі Сіён, краіна, адкуль габрэяў выгналі дзьве тысячы гадоў таму, але якая заставалася духоўным цэнтрам габрэйства на працягу стагоддзяў і якая ў тыя дні, калі я жыла ў Пінску, і да канца Першай сусветнай вайны, была запушчанай і закінутай правінцыяй Асманскай імперыі пад назвай «Палестына», — лічыла Голда.

«Першыя палестынцы, якіх я сустрэла, былі Іцхак Бэн-Цві, які стаў потым другім прэзідэнтам Ізраіля, Яакаў Зрубавел, вядомы сіяніст-сацыяліст і пісьменнік, і Давід Бэн-Гурыён. Бэн-Цві і Бэн-Гурыён прыехалі ў Мілўокі ў 1916 годзе вербаваць салдат для Габрэйскага легіёна; яны жылі ў Палестыне, але турэцкі ўрад іх выслаў, забараніўшы калі-небудзь туды вяртацца», — распавядала яна.

Калі яе каханы, Морыс Мэірсон, прапанаваў ёй руку і сэрца, Голда папярэдзіла яго, што выйдзе замуж толькі пры ўмове, што яны разам, як прыйдзе час, кінуць наладжанае ў ЗША жыццё і рушаць у Палестыну. Морысу не падабалася гэтая ідэя. Але каханне перамагло.У траўні 1921 года Голда і Морыс Мэірсоны скіраваліся ў Палестыну.

Голда і Морыс Мэерсоны

Голда і Морыс Мэерсоны

«У габрэяў зноў павінна быць іх уласная краіна, і я павінна гэтаму дапамагчы не прамовамі ці зборам грашовых сродкаў, а тым, што сама буду там жыць і працаваць», — казала Голда.

Глядзіце таксама

Новае жыццё ў Палестыне

Пасля надзвычай цяжкага падарожжа яны дабраліся да Тель-Авіва. У сваіх смелых надзях Голда ўяўляла малады горад інакш. На справе ён апынуўся «вялікай, не надта прыгожай вёскай».

«Мне было ўсё роўна, што мяснік заварочвае наша мяса ў кавалак газеты, які ён падабраў з падлогі»,  пісала Голда Мэір. «Усе гэтыя дробныя непрыемнасці кампенсаваліся прынамсі тым, што, ідучы па тэль-авіўскай вуліцы, я адчувала, што няма для мяне ў жыцці большай радасці, чым знаходзіцца тут  у адзіным чыста габрэйскім горадзе, які ёсць у свеце. Дзе ўсе, ад шафёра да нашай кватэрнай гаспадыні падзяляюць са мной, у самым глыбокім сэнсе гэтага слова, не толькі агульнае мінулае, але і мэты на будучыню».

Голда не збіралася затрымлівацца ў Тэль-Авіве. Яны з Морысам падалі заяву на ўступленне ў сябры кібуца Мерхавія. Кібуц, як піша сама спадарыня Мэір, «Гэта паселішчы, дзе фермеры жывуць разам, не маючы асабістай уласнасці, наёмнай працоўнай сілы і прыватнага гандлю. Калектыў цалкам адказвае і за вытворчасць, і за абслугоўванне, і за індывідуальнае забеспячэнне».

Жыццё ў кібуцы было надзвычай складаным – цяжкая праца, пастаяннае знаходжанне пад адкрытым небам, прымітыўныя побытавыя умовы. Для Голды такі лад жыцця быў сапраўдным шчасцем, нягледзячы на цяжкую працу. Але для Морыса Мэерсона, індывідуаліста, прыхільніка музыкі, паэзіі, тонкіх матэрый, усё гэта было пакутай.

Голда любіла кібуц, а ён адказваў ёй узаемнасцю. Хутка яна была абраная ў аргкамітэт кібуца, а пазней стала дэлегатам ад Мерхавіі на з’ездзе кібуцнага руху.

Морыс не змог трываць жыцця ў кібуцы. Пасля цяжкай хваробы ўжо ён паставіў жонцы ўльтыматум – альбо ён сам вяртаецца ў ЗША, альбо яны разам скіроўваюцца ў Тэль-Авіў. Голда абрала другое. Лёс прывёў сям’ю ў Іерусалім.

Гады, пражытыя ў Іерусаліме, яна назаве найгоршымі ў жыцці. Там Голда народзіць дачку і сына, а Морыс уладкуецца на працу бухгалтарам. Грошай не хапала нават на тое, каб забяспечыць базавыя патрэбы, сям’я жыла ў галечы.

«Калі было халодна і хварэлі дзеці (а Сарра наогул шмат хварэла), мяне перапаўняла  калі не роспач, то горкая незадаволенасць сваёй доляй. Няўжо да гэтага ўсё і зводзіцца? Беднасць, нудная стомная праца, вечныя трывогі?» — думала тады Голда.

Урэшце шлюб Мэірсонаў не вытрымаў гэтага выпрабавання, хаця да самай сваёй смерці у 1951 годзе Морыс Мэірсон заставаўся цудоўным бацькам для іх дзяцей і надзейным сябрам Голды.

Глядзіце таксама

Фемінізм і мацярынства

У 1928 годзе Голда Мэір з дзецьмі скіроўваецца ў Тэль-Авіў. Яна прыняла прапанову аб працы сакратаром Жаночага працоўнага савета Гістадрута (габрэйскі прафсаюз).

Голда Мэір

Голда Мэір

«Я не прыхільніца таго фемінізму, які выказвае сябе ў спаленні станікаў, нянавісці да мужчын або ў кампаніях супраць мацярынства, але я адчуваю глыбокую павагу да такіх жанчын, як Ада Маймон, Бэба Ідэльсан, Рахел Янаіт-Бэн-Цві, якія так шмат энергічна працавалі ў шэрагах партыі «Паалей Цыён» і якія здолелі ўзброіць дзясяткі гарадскіх дзяўчын тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі, якія дапамаглі ім спраўляцца з сельскай працай у новых палестынскіх селішчах.

Доля гэтых дзяўчын у развіцці паселішчаў была вельмі вялікая. Такі канструктыўны фемінізм сапраўды робіць жанчынам гонар і значыць нашмат больш, чым спрэчкі аб тым, каму падмятаць і каму накрываць на стол», — лічыла Голда.

Прысвячаючы амаль увесь час працоўным справам, Голда Мэір пакутавала ад пачуцця вінаватасці перад дзецьмі, Саррай і Менахемам, за тое, што надзяляе ім недастаткова шмат увагі.

«Ці ганарыліся яны мною, тады ці потым? Мне хочацца думаць, што так, але я не ўпэўнена, што гонар за маці пакрывае яе частыя адлучкі.

Памятаю, аднойчы я старшынствавала на нейкім мітынгу і, ставячы пытанне на галасаванне, сказала: «Падніміце рукі, хто за!» Якое ж было маё здзіўленне, калі я ўбачыла ў зале (куды яны незаўважна пракраліся, прыйшоўшы за мной) Сарру і Менахема  яны абодва дружна паднялі рукі, выказваючы гэтым, што яны таксама «за». Гэта быў самы прыемны для мяне вотум даверу.

Але я ўсё ж адчувала, што галасаваць за маці менш важна, чым знаходзіць яе дома, калі прыходзіш са школы».

Гітлер прыходзіць на ўлады

Гітлер прыйшоў да ўлады ў 1933 годзе. Увядзенне антыгабрэйскага заканадаўства пазбаўляла нямецкіх габрэяў усіх грамадзянскіх і палітычных правоў. «Зразумела, тады яшчэ ніхто і падумаць не мог, што гітлераўскі зарок вынішчыць габрэяў будзе выконвацца літаральна», — падкрэслівае Голда. Тысячы ўцекачоў ад нацызму скіраваліся ў Палестыну.

«Гэта азначала, што насельніцтва, якое не дасягала і 400 000 чалавек, якое ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі, павінна неадкладна абсарбаваць 60 000 мужчын, жанчын і дзяцей, і ўсе разам яны павінны супрацьстаяць не толькі арабскаму тэрору, але і абыякавасці  калі не сказаць варожасці — брытанскіх уладаў», — піша Голда. Брытанцы, пад мандатам якіх знаходзілася тэрыторыя Палестыны, накладвалі абмежаванні на іміграцыю габрэяў.

«Але, на маю думку, існуе толькі два разумныя — ці магчымыя — спосабы сустракаць нацыянальныя нягоды. Адзін  абрынуцца, здацца і сказаць: «тут нічога не зробіш». Іншы  сціснуць зубы і змагацца, змагацца на ўсіх франтах столькі, колькі спатрэбіцца  што мы і зрабілі тады, што робім і цяпер».

«Можа, таму-та ў Ізраілі самыя вялікія аптымісты — старыя кшталу мяне, якія ведаюць, што такая вялікая справа, як адраджэнне нацыі, не можа адбыцца хутка, бязбольна і без высілкаў», — лічыла спадарыня Мэір.

«Песімізм — гэта раскоша, якую габрэі ніколі не могуць сабе дазволіць».

Другой праблемай пасля Гітлера для габрэяў ужо тады быў арабскі тэрор

Масавыя напады на габрэяў пачаліся ў 1936 годзе.

«За адзін 1936 год былі па-зверску знішчаныя сотні тысяч дрэваў, якія габрэі саджалі з такой любоўю, клопатам і надзеяй; спаленыя сотні палёў; падстроеныя незлічоныя крушэнні цягнікоў і аўтобусаў; і — самае жудаснае  было ўчынена 2000 узброеных нападаў на габрэяў, у выніку якіх 80 чалавек былі забітыя і многія сур'ёзна параненыя», — узгадвае гэты страшны год Голда.

«Калі мне трэба было паехаць з Тэль-Авіва ў Іерусалім  што здаралася часта, — я цалавала дзяцей на развітанне, ведаючы, што магу і зусім не вярнуцца, што мой аўтобус можа быць падарваны, што арабскі снайпер можа застрэліць мяне пры ўездзе ў Іерусалім, што на выездзе з Яфа мяне можа закідаць камянямі арабскі натоўп».

Урок ад брытанцаў

У 1939 годзе брытанскі ўрад выдаў «Белую кнігу», якая скараціла магчымасць іміграцыі габрэяў на адзіную зямлю, на якой яны маглі знайсці паратунак, да рэкордна нізкіх лічбаў. Голда тады зразумела:

«Ніводны чужы ўрад не можа і ніколі не зможа адчуць наш пакутлівую трывогу так, як яе адчуваем мы, і ніводны чужы ўрад ніколі не будзе шанаваць жыццё габрэяў, як мы яго шануем. Не такі ўжо складаны гэта быў урок, але калі мы яго засвоілі, мы ўжо не змаглі яго забыць».

«Мы абавязаліся жыць і паводзіць сябе так, каб габрэі, якія загінулі ў газавых камерах, былі апошнімі габрэямі, якія памерлі не абараняючыся».

Стварэнне дзяржавы Ізраіль і першая вайна за Незалежнасць

У 1947 годзе терыторыя Палестыны перайшла пад кантроль ААН. Спецыяльная камісія ААН па Палестыне рэкамендавала падзел тэрыторыі на габрэйскую і арабскую дзяржавы. Габрэі падтрымалі гэты план. Арабы адрынулі план падзела і казалі толькі пра вайну. Мірнае суіснаванне з Ізраілем іх не цікавіла.

Голда Мэір публічна звярнулася да арабаў:

«План падзелу — кампраміс: не тое, чаго хацелі вы, не тое, чаго хацелі мы. Але давайце зараз жыць у міры і сяброўстве».

Голда Мэір

Голда Мэір

Габрэі не былі гатовыя да вайны з рэгулярнымі арміямі арабаў. Патрэбна была зброя, а для закупкі зброі – грошы. Адзінымі ў свеце, у каго меліся такія грошы і хто мог іх вылучыць, былі амерыканскія габрэі. Па заданні кіраўніцтва новай дзяржавы Голда Мэір скіравалася ў ЗША. 21 студзеня 1948 яна выступала на агульным паседжанні савета габрэйскіх федэрацый і дабрачынных фондаў у Чыкага.

«Сябры мае, мы ваюем. Няма ў Палестыне габрэя, які не верыў бы, што, у рэшце рэшт, мы пераможам. Такі ў краіне маральны дух... Але гэты дух не можа супрацьстаяць у адзіночку вінтоўкам і кулямётам. Без яго вінтоўкі і кулямёты не шмат каштуюць, але без зброі дух можа быць зламаны разам з целам», — казала Голда.

«Вы не можаце вырашыць, ці варта нам змагацца ці не. Вырашаць будзем мы. Габрэйскае насельніцтва Палестыны не выкіне белы сцяг перад муфціем. Гэтае рашэнне ўжо прынята. Ніхто не можа яго змяніць. Вы можаце вырашыць толькі адно: хто пераможа ў гэтай барацьбе  мы ці муфтый. Гэтае пытанне могуць вырашыць амерыканскія габрэі. Але зрабіць гэта трэба хутка  за дні, за гадзіны».

«Яны слухалі, яны плакалі, яны сабралі столькі грошай, колькі яшчэ не збірала ніводная абшчына». Голда Мэір сабрала 50 000 000 долараў, на якія была закупленая зброя для Хаганы.

«14 траўня 1948 года (пятага іяра 5708 года па яўрэйскім календары) будзе абвешчана габрэйская дзяржава з насельніцтвам у 650 000 чалавек. Шанец гэтай дзяржавы перажыць дзень свайго нараджэння залежыў ад здольнасці гэтых 650 000 адбіць напад пяці рэгулярных армій, якія актыўна падтрымлівалісь мільёнам палестынскіх арабаў».

Габрэі святкуюць абвяшчэнне дзяржавы Ізраіль

Габрэі святкуюць абвяшчэнне дзяржавы Ізраіль

Міжваенны перыяд

Паміж вайной 1948 года і шасцідзённай вайной напады арабаў не спыняліся. Міжнародныя стркутуры, галоўным чынам ААН, не надта імкнуўся іх стрымліваць.

«Як толькі абаронныя сілы Ізраіля адказвалі на тэрор  а пры гэтым непазбежна бывалі забітыя і параненыя ні ў чым не вінаватыя арабы — Ізраіль неадкладна і вельмі сурова асуджаўся за «зверствы», — падкрэслівала Голда Мэір.

Пазіцыю Ізраіля і асабіста Голды выразна тлумачыць наступная цытата. Відавочна, гэтыя словы актуальныя і на сёння:

«Мы па-ранейшаму працягвалі арабам руку міру, але ў той жа час дзеці ізраільскіх земляробаў на мяжы павінны былі па начах спакойна спаць у сваіх ложках. І калі гэтага можна дабіцца толькі наносячы бязлітасныя ўдары па лагерах арабскіх разбойнікаў, гэта павінна быць зроблена».

«Замяніце бясплодную нянавісць і прагу да разбурэння на супрацоўніцтва паміж Ізраілем і яго суседзямі  і вы забяспечыце жыццё, надзею і задаволенасць усім народам рэгіёна», — казала яна прадстаўнікам арабаў на сесіі Генеральнай Асамблеі.

Шасцідзённая вайна

«Першае, што ўзгадваецца, калі думаеш пра тыя дні, - гэта дзіўнае адчуванне адзінства і мэтанакіраванасці, якое ў некалькі дзён ператварыла нас з невялікай абшчыны, што нялёгка перажывае ўсякія эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя непрыемнасці, у 2 500 000 габрэяў, кожны з якіх адчуваў асабістую адказнасць за тое, каб дзяржава Ізраіль выжыла, і кожны з якіх ведаў, што вораг пакляўся нас знішчыць», — піша Голда Мэір ва ўспамінах.

Ізраільскія вайскоўцы ля Сцяны Плача

Ізраільскія вайскоўцы ля Сцяны Плача

«Велізарны механізм, створаны, каб забіваць, калечыць і знішчаць нас, быў сабраны на нашых межах і з кожным днём прасоўваўся ўсё бліжэй і бліжэй. Як і мы, яны бачылі па тэлевізары агіднае відовішча  гістэрычныя натоўпы па ўсім арабскім свеце, якія патрабуюць зладзіць крывавую разню, што прыкончыць Ізраіль».

Чым скончылася вайна?

«Арабы былі разбітыя ўшчэнт, яны панеслі найцяжэйшыя страты  але і гэта не дапамагло ім усвядоміць, што Ізраіль не знікне з карты свету проста для таго, каб аказаць ім паслугу».

Свята перамогі ў шасцідзённай вайне

Свята перамогі ў шасцідзённай вайне

Пра вяртанне да межаў 1967 года

Падчас шасцідзённай вайны Ізраіль не толькі здолеў абараніць дзяржаву, але і заняў Усходні Іерусалім, большую частку Галанскіх вышыняў (Сірыя), Заходні бераг ракі Іардан і Сінай (Егіпет). ААН назаве гэта «акупацыяй».

Голда Мэір тлумачыць пазіцыю адназначна:

«Арабскія дзяржавы і іх савецкія патроны прайгралі вайну. Але зараз мы запатрабуем за сваё адступленне найвялікшы кошт. Гэтым коштам будзе мір, пастаянны мір, па мірнай дамове, заснаванай на абумоўленых і надзейных межах».

«Мы ня будзем больш слухаць лісьлівых пахвал ізраільскаму народу. Выдатны народ! Кожныя дзесяць гадоў выйграюць вайну! І зноў выйгралі! Цудоўна! А зараз няхай вяртаюцца на сваё месца, каб сірыйскія стрэлкі маглі страляць з Галанскіх вышынь па кіббуцах, а іярданскія легіянеры — з вежаў Старога горада, і каб Газа зноў ператварылася ў гняздо тэрарыстаў, а Сінай — у плацдарм для насераўскіх дывізій».

«Дыскутаваць, абмяркоўваць, шукаць кампраміс, саступаць  калі ласка. Але не адыходзіць да лініі 4 чэрвеня 1967 г. Гэтая ветлівасць была нам не па сродках, і мы не маглі сабе яе дазволіць нават дзеля таго, каб Насер захаваў твар і Сірыя не так пакутавала ад таго, што ёй не ўдалося нас знішчыць».

Прэм’ер-міністр Голда Мэір

У 1969 годзе, у разгар егіпецкай вайны на знясіленне, Лейбарыстская партыя галасавала за прызначэнне Голды Мэір на пасаду прэм’ер міністра – 70 за, 0 супраць, адна фракцыя ўстрымалася. 

Голда Мэір

Голда Мэір

Вось што Голда адчувала ў гэты дзень:

«У мае планы ніколі не ўваходзіла зрабіцца прэм'ер-міністрам, уласна, я ўвогуле ніколі не думала пра пасады, у мяне было ў плане паехаць у Палестыну, адправіцца ў Мерхавію, прымаць актыўны ўдзел у працоўным руху, але ніколі я не задумвалася пра тое, які пост займу. А тут я зразумела, што цяпер мне давядзецца прымаць рашэнні, ад якіх будзе залежаць жыццё мільёнаў людзей, і, верагодна, таму я і плакала.

Аднак на разважанні часу не было, і думкі пра шлях, які давёў мяне з Кіева да кабінета прэм'ера, трэба было адкласці на потым. Ды і зараз, калі часу хапае, гэтыя думкі і развагі мяне не займаюць. Стала прэм'ер-міністрам  і стала, гэтак жа, як мой малочнік стаў камандзірам нашага аванпоста на гары Хермон. Ні мне, ні яму асаблівага задавальнення праца не давала, і ён, і я стараліся выканаць яе як маглі лепш».

Голда Мэір

Голда Мэір

У першы ж дзень свайго прэм’ерства Голда Мэір заявіла:

«Мы гатовы весці мірныя перамовы з нашымі суседзямі ў любы дзень і па ўсіх праблемах». На што атрымала ад арабскага лідэра Насэра недвухсэнсоўны адказ: «Няма голасу, які мог бы заглушыць гукі вайны няма закліку больш святога, чым заклік да вайны».

Пра супрацьстаянне тэрарыстам

«Даўно ўжо даказана, што саступкі тэрарыстам толькі спараджаюць новы тэрор. Але ніхто ніколі не даведаецца, як цяжка ўраду Ізраіля адказваць «не!» на патрабаванні тэрарыстаў і разумець, што, ніводны з ізраільскіх прадстаўнікоў, якія працуюць за мяжой, не застрахаваны ад бомбы ў лісце, не кажучы ўжо пра тое, што любое ціхае памежнае мястэчка Ізраілю можа быць (і гэта здаралася) пераўтворана ў бойню пры дапамозе некалькіх вар'ятаў, узгадаваных у нянавісці і ў перакананні, што яны змогуць выціснуць з Ізраіля яго ўменне заставацца непахісным перад абліччам пакуты і смутку», — кажа Голда Мэір.

«Мір на Блізкім Усходзе настане тады, калі арабы будуць любіць сваіх дзяцей мацней, чым яны ненавідзяць габрэяў».

Вайна Суднага дня

6 кастрычніка 1973 года арабы пачалі новую вайну. Гэта было найцяжэйшае змаганне для Ізраіля. Дзяржава была пад рэальнай пагрозай знішчэння. Калі б патрабаванне ААН адступіць да межаў 1967 года было выканана, Ізраіля б не існавала. Але ён ізноў перамог.

«Ніколі я нават спрабаваць не буду расказваць, чым для мяне былі тыя дні. Дастаткова сказаць, што я не магла плакаць, нават калі была адна. Але мне рэдка здаралася быць адной», — узгадвае Голда Мэір.

Голда Мэір

Голда Мэір

«Я ніколі ні на хвіліну не сумнявалася, што сапраўднай мэтай арабскіх дзяржаў было і ёсць поўнае знішчэнне дзяржавы Ізраіль і таму, нават калі б мы далёка адступілі ад лініі 1967 года, яны ўсё роўна імкнуліся б сцерці з зямлі і дзяржаву, і нас», — упэўнілася тады яна.

«Цяпер у мяне засталося толькі адно жаданне; ніколі не страціць разумення, што я ў даўгу перад тым, што было мне дадзена з тых часоў, калі я ўпершыню пачула пра сіянізм у маленькім пакойчыку ў царскай Расіі, і потым, за пяцьдзесят гадоў тут, дзе пяцёра маіх унукаў выраслі свабоднымі яўрэямі ва ўласнай краіне», — казала Голда.

«Няхай ніхто не сумняваецца: на меншае нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей не пагодзяцца ніколі».

Голда Мэір

Голда Мэір