У Парыжы спрабавалі атруціць экс-рэдактарку расійскага ТБ Марыну Аўсяннікаву, асуджаную ў РФ за «фэйкі»

Пракуратура Парыжа пачала расследаванне праз магчымае атручанне былой супрацоўніцы Першага канала Марыны Аўсяннікавай. Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на крыніцу, гэтую інфармацыю пацвердзілі агенцтву ў пракуратуры Парыжа.

odessa4063_logo.jpg.webp

Як піша Le Figaro, днём 12 кастрычніка Аўсяннікавай стала дрэнна пасля таго, як яна адчыніла дзверы сваёй кватэры ў Парыжы і выявіла там парашок.

Сама Аўсяннікава сцвярджае, што «была атручаная рускімі», піша выданне.

Атручанне палітычных апанентаў — даўно вядомы почырк расійскіх спецслужбаў. Адзін з самых вядомых выпадкаў — спроба забіць з дапамогай рэчыва «Навічок» апазіцыянера Аляксея Навальнага. Пасля спробы атручвання палітыка экстрана даставілі ў Германію, дзе ледзьве паспелі выратаваць.

Марына Аўсяннікава атрымала вядомасць у сакавіку 2022 года, калі з'явілася ў эфіры Першага канала з антываенным плакатам.

У жніўні 2022 года на Аўсяннікаву завялі крымінальную справу аб «фэйках» пра расійскае войска. Нагодай стаў адзіночны пікет на Сафійскай набярэжнай, на які яна выйшла з плакатам «Пуцін — забойца. Яго салдаты-фашысты. 352 дзіцяці загінулі. Колькі яшчэ павінна загінуць дзяцей, каб вы спыніліся?». Аўсяннікаву адправілі пад хатні арышт, з-пад якога яна збегла разам са сваёй дачкой, пасля чаго з'ехала з Расіі.


Глядзіце таксама

4 кастрычніка 2023 года Басманны суд Масквы завочна прысудзіў Марыну Аўсяннікаву да васьмі з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму па справе аб «фэйках».

Сведкамі па справе выступалі, у прыватнасці, супрацоўнікі Цэнтра «Э» УУС па ЦАА Сяргей Сіканаў і Аляксей Калчанаў, іх паказанні абвясціў бок абвінавачання, перадае «Медыязона». Першы даведаўся пра пікет Аўсяннікавай з Telegram-канала «Astra», другі прагледзеў гэты ж канал і ўстанавіў, што гаворка ў ім ідзе менавіта пра Аўсяннікаву.

Абвінавачанне запрошвала 9,5 гадоў калоніі. Напярэдадні пра гэта абвясціла пракуратура. Суд прайшоў у завочным рэжыме, бо падсудная знаходзіцца за мяжой.

Артыкулы пра фэйкі і пра дыскрэдытацыю войска з'явіліся ў кодэксах Расіі неўзабаве пасля яе ўварвання ва Украіну. Цяпер расійскія суды прызнаюць дыскрэдытацыяй шматлікія паведамленні пра вайну ва Украіне, якую Масква называе «спецыяльнай аперацыяй», а фэйкамі — любую інфармацыю, адрозную ад версіі Мінабароны Расіі.

Расійскія праваабаронцы падлічылі, што справы за антываенную пазіцыю ў Расіі завялі як мінімум на 724 чалавекі, у тым ліку супраць 215 — паводле артыкула пра фэйкі аб расійскім войску.