Фрыдман: Ніхто проста так санкцыі з Лукашэнкі не здыме

У часткі дэмакратычных сіл існуе ідэя, што калі Захад пачне здымаць санкцыі, рэжым стане выпускаць палітвязняў. Ці спрацуе такая тактыка, адказвае палітолаг Аляксандр Фрыдман.

_belarus_horad_vosen_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Расія і Беларусь уваходзяць у пяцёрку краін-лідараў па колькасці накладзеных на іх санкцый. Пасля нападу на Украіну Расія аказалася фактычна адрэзаная ад сусветнай фінансавай сістэмы, пазбавілася заходніх тэхналогій і прэферэнцый у гандлі, а таксама страціла палову назапашаных рэзерваў. Акрамя таго, шэраг расійскіх і беларускіх банкаў адключылі ад сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў SWIFT. Аднак у расійскай прэсе часта пішуць, што амерыканскія і, тым больш, еўрапейскія санкцыі аказаліся бескарыснымі.

Гаворка ідзе пра тое, што ад эканамічных абмежаванняў, якія ўвялі заходнія краіны, пакутуюць у асноўным простыя людзі, а вось сама ўлада ці той жа Пуцін, гэтых санкцый на сабе не адчуваюць. Падобная тэорыя абмяркоўвалася і беларускімі палітыкамі. Праўда, у гэтым выпадку ўсё ж большая частка дэмсіл прытрымліваецца думкі, што санкцыі працуюць.

Разабрацца ў справядлівасці абодвух меркаванняў LRT.lt вырашылі з палітолагам Аляксандрам Фрыдманам.

— Ці могуць санкцыі быць балючымі наўпрост для рэжымаў, а не для людзей?

— Пытанне насамрэч вельмі складанае. Як правіла, санкцыі, якія ўводзяцца, балючыя і для рэжымаў, і для людзей. Вельмі цяжка ўвесці такія хірургічныя санкцыі, якія б не закранулі насельніцтва. Таму, калі ўводзяцца санкцыі, перш за ўсё глядзяць на тое, каб ударыць па рэжыме як мага больш балюча. Тыя санкцыі, якія цяпер уводзіліся супраць Расійскай Федэрацыі і супраць Рэспублікі Беларусь, якраз-ткі і былі разлічаныя як санкцыі, якія з вялікай верагоднасцю ўдараць па рэжымах, але пры гэтым не закрануць асабліва эканамічныя інтарэсы еўрапейскіх краін і Злучаных Штатаў Амерыкі.

То-бок, гэта свайго кшталту шпагат. Мы ўводзім санкцыі, таму што мы іх хочам пакараць і зрабіць балюча. Але мы не хочам нашкодзіць уласным інтарэсам. І вось гэты кампрамісны пункт гледжання прывёў да таго, што санкцыі ўдарылі пэўным чынам па эканоміках гэтых краін. Але ўдарылі не так моцна, як планавалася, а антыкрызісны менеджмент аказаўся даволі паспяховым у выпадку Расійскай Федэрацыі. Таму нельга сказаць, што гэтыя санкцыі не дасягнулі наогул нічога. Безумоўна, пэўны эфект ад гэтых санкцый ёсць, але гэта зусім не той эфект, на які разлічвалі краіны Захаду.

Глядзіце таксама

— У такім выпадку вось гэтая размова некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі пра тое, што санкцыі трэба здымаць і тады, магчыма, пойдзе нейкі адкат у плане палітвязняў, можа быць, мае сэнс?

— Справа ў тым, што мы павінны разумець адну рэч: калі еўрапейцы і амерыканцы ўводзяць санкцыі, перш за ўсё ў іх перад вачыма ўласныя інтарэсы, якія з'яўляюцца ключавымі. У выпадку Беларусі санкцыі былі ўведзеныя як пакаранне за паводзіны беларускіх уладаў. Тое самае ў выпадку Расіі — санкцыі ўводзіліся як пакаранне за вайну. Таму зняцце санкцый павінна прадугледжваць нейкія сур'ёзныя зрухі як з аднаго, так і з другога боку. Проста так здымаць санкцыі ніхто, вядома, не будзе.

Чакаецца, што нейкія крокі будуць папярэдне з боку Расіі і Беларусі, каб быў створаны пэўны клімат даверу. Калі будуць гэтыя крокі зробленыя, тады, магчыма, і будуць нейкія размовы адносна санкцый. Але пакуль аніякіх такіх крокаў не адбываецца, таму што і ў Мінска, і ў Масквы цалкам адсутнічае давер да сваіх заходніх калег. Аналагічна адсутнічае цалкам давер і на Захадзе ў дачыненні да Мінска і да Масквы. Гэта як прынцып з вядомага рамана «Дванаццаць крэслаў» Ільфа і Пятрова. Крэслы і грошы. Што спачатку будзе? Будуць спачатку крэслы або будуць спачатку грошы?

Еўрапейская пазіцыя ў дачыненні да Мінска і Масквы вельмі простая. Спачатку вы зрабіце крокі і прадэманструйце вынік. Пакажыце, што вы сапраўды хочаце пайсці на нейкі кампраміс. І калі сапраўды пойдзеце, то мы, магчыма, прымем такія рашэнні.

А вось пазіцыя Масквы і Мінска зусім адваротная: спачатку зрабіце гэта вы, таму што мы вам не верым, вы нас падманваеце. Вось, напрыклад, Пуцін вельмі любіць паўтараць, што яго ўсюды падманваюць. Лагічна, што калі няма аніякага даверу, то, адпаведна, ніякіх зрухаў і не прадбачыцца. Тым больш, што кожны бок дзейнічае вельмі асцярожна і баіцца аказацца ў нязручным становішчы.

— Добра. А калі наадварот павялічыць колькасць санкцый і іх калянасць. Ці адаб'ецца гэта на рэжымах або, зноў жа, больш націсне на простых людзей?

— Прынцып, якім кіруюцца еўрапейцы: адбываецца злачынства. За гэтае злачынства патрэбнае пакаранне. Так, у прынцыпе, тыя меры, якія яны прымаюць, прымаюцца для таго, каб паўплываць на рэжымы. Мэты караць людзей, якія там знаходзяцца, няма. Таму ў тую ж Расію працягваюцца пастаўкі лекаў, бо ніхто не хоча, каб расійцы засталіся без лекаў. У гэтым выпадку ўлічваюцца гуманітарныя меркаванні.

Глядзіце таксама

Што тычыцца павелічэння санкцый, то яно можа рушыць услед у выпадку адпаведных мер з боку рэжыму. Далучыцца, напрыклад, Лукашэнка да вайны — і адразу ж атрымае ў якасці пакарання такія ж санкцыі, якія ўведзеныя супраць Расіі. Пакуль ён гэтага не зрабіў, ЕС не бачыць для сябе прычын уводзіць нейкія дадатковыя санкцыі. Ну і, акрамя таго, тут стаіць пытанне ўласных эканамічных і палітычных інтарэсаў. Еўрапейскія і амерыканскія кіраўнікі не хочуць прычыняць боль сваім уласным інтарэсам.

У выпадку з Беларуссю, напрыклад, лічаць неабходным пакараць Лукашэнку за яго паводзіны, але пры гэтым не хочуць далей шкодзіць сваім інтарэсам і яшчэ больш яго кідаць у абдымкі Крамля. Таму санкцыі і ўводзяцца так павольна.

— Украінскія СМІ раптам здзівіліся, што Лукашэнка не пад санкцыямі ў самой Украіне. Чаму толькі цяпер яны гэта заўважылі і чаму ён не пад санкцыямі, на ваш погляд?

— Я думаю, што тут логіка ўкраінскага боку падвойная. Яны лічаць, што Лукашэнка — чалавек імпульсіўны і непрадказальны. Маўляў, калі яго асабіста закрануць, то, можа быць, ён павядзе сябе неяк неадэкватна. Вось увядуць, напрыклад, супраць яго асабістыя санкцыі, і ён так пакрыўдзіцца, што стане дапамагаць Маскве яшчэ больш. Мне здаецца, што гэта памылковая трактоўка асобы і паводзінаў Лукашэнкі.

Глядзіце таксама

А другі момант звязаны з тым, што інструментар ціску на Беларусь з боку Украіны даволі абмежаваны. Ва Украіне выдатна разумеюць, што могуць адбыцца такія сітуацыі, на якія давядзецца адказаць. Прычым адказаць не ваенным шляхам, а нейкім дыпламатычным. Гаворка ідзе і пра разрыў дыпламатычных адносінаў, які пакуль не адбыўся. Ці тыя ж санкцыі супраць Лукашэнкі. То-бок, гэта тыя опцыі, якія ўкраінскі бок пакуль трымае для сябе на выпадак далейшага абвастрэння. Каб не аказацца ў той сітуацыі, калі ўсе патроны, якія ў цябе ёсць, будуць выкарыстаныя. Раптам Лукашэнка зробіць яшчэ нешта неадэкватнае, а караць яго будзе ўжо няма чым.

Так што я думаю, што разрыў дыпламатычных адносінаў і санкцыі супраць Лукашэнкі асабіста — гэта зберажонае на будучыню. Пакуль ва ўкраінскіх уладаў з Лукашэнкам устанавіўся пэўны статус-кво, які палягае ў тым, што Лукашэнка не актыўнічае: не прапаноўвае беларускае войска і беларускую тэрыторыю для нанясення ўдараў па Украіне. І вось такі статус-кво, такое існаванне з Лукашэнкам, мне здаецца, для ўкраінскіх уладаў на гэты момант з тактычнага пункту гледжання з'яўляецца нармальным. Яны ўсе могуць існаваць з ім на такім узроўні.