Байкот выбараў ці ўдзел у палітычным цырку?
Кожны раз, як у Беларусі праводзяцца выбары, апазіцыя дзеючай улады выбірае байкот у якасці асноўнай стратэгіі паводзінаў. Вольга Цесакова на партале «Наше мнение» тлумачыць, чаму гэта правальная стратэгія.
Беларусь на парозе чарговых «выбараў» — недэмакратычных, непразрыстых і нелегітымных. Пачынаючы з рэферэндуму 1996 года ўсе наступныя беларускія электаральныя кампаніі не прызнаны ні апазіцыяй, ні міжнароднай супольнасцю. Нягледзячы на відавочную неэфектыўнасць, дэмсілы працягваюць выбіраць байкот як асноўную стратэгію. Мабыць, у спадзеве натуральным чынам перажыць рэжым.
«Мы заклікаем да правядзення ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў без умяшання, запалохвання і страху пераследу ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Наш зварот асабліва актуальны ў кантэксце падрыхтоўкі да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў лютым 2024 і 2025 гадоў». Так пачынаецца заява краін ЕС з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю.
Вось толькі яна не адрозніваецца арыгінальнасцю. Сур'ёзныя працэдурныя парушэнні фіксуюцца міжнароднымі структурамі з 1996 года, рэферэндумы і выбары прызнаюцца незаконнымі. Аднак гэта ніколі не адмяняла палітычных візітаў, гандлю і фінансавання.
Па заканчэнні 28 гадоў рэакцыйны механізм адпрацаваны і ў апазіцыі. Калі спадзевы на міжнародную салідарнасць заключаюцца ў выдзяленні дадатковых сродкаў на падтрымку грамадзянскай супольнасці, можа, не так ужо і трэба спрабаваць нешта рэальна змяніць. Бо адукацыйныя праграмы, уцягванне грамадзян у актывізм — карпатлівая і доўгая праца, вынікаў можна не дачакацца, медыйнага эфекту — тым больш. І наогул, беларусы лепш ведаюць, як змагацца з аўтарытарызмам, вучыць іх не трэба, патрэбна толькі падтрымка рублём, а лепш еўра.
Імкненне да дэмакратыі выяўляецца не ў выкарыстанні дэмакратычных прынцыпаў, а ў першую чаргу ў адукацыі. Спачатку трэба разабрацца, што гэта такое, а потым ужо ўжываць. Выкарыстоўваць дэмакратычны інструмент у аўтарытарнай сістэме — усё адно што забіваць цвік чаравікам: у тэорыі можа атрымацца, на практыцы ж вы, хутчэй за ўсё, застанецеся без чаравіка.
Мэта няўдзелу зразумелая: раз гуляюць несумленна, я ў гэта гуляць не буду і іншых адгавару. Такой катэгорыі грамадзян карысна будзе пачытаць даследаванне Мэцью Фрэнкеля з гаваркой назвай «Пагражай, але ўдзельнічай: чаму байкот выбараў — дрэнная ідэя».
Вывучыўшы 171 кампанію электаральнага байкоту за перыяд 1990-2009 гадоў, ён прыйшоў да простай высновы: рашэнне адседзецца — амаль заўсёды прапанова прайграць. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што 7 кампаній электаральнага байкоту (4% ад тых, што даследаваліся) былі паспяховымі. Вось толькі сакрэт іх поспеху не асабліва карэлюе з цяперашнімі магчымасцямі дэмсіл.
Паводле даследавання, апазіцыя, абвяшчаючы байкот, можа перамагчы ў двух выпадках.
Варыянт першы. Апазіцыя карыстаецца значнай падтрымкай насельніцтва, а байкот выступае толькі адным з элементаў больш маштабнай апазіцыйнай кампаніі, якая магла б мабілізаваць вулічныя пратэсты, забастоўкі і іншыя формы грамадзянскіх хваляванняў. Варыянт другі. Для завяршэння выбараў заканадаўча патрабуецца кворум. Варта таксама згадаць і пра рызыкі вышэй апісаных сцэнарыяў.
У першым выпадку існуе рызыка ваеннага ўмяшання, у другім — зваротны ўдар па апазіцыі абвінавачаннем у абструкцыі (супрацьдзеянне нармальнай працы, «італьянскія забастоўкі»). Для першага сцэнарыя неабходна знаходжанне апазіцыі: а) у краіне; б) у публічным полі, што відавочна не пра 2024 год. У 2024 годзе не будзе актуальным і кворум, асабліва з улікам заканадаўчай ліквідацыі такой нормы, як электаральная яўка.
Калі паспяховыя кейсы не пра нас, то вось негатыўныя наступствы байкотаў Беларусь праверыла на сабе.
Па сваёй сутнасці байкот азначае наўмыснае адхіленне ад барацьбы за палітычную ўладу, што натуральным чынам вядзе да маргіналізацыі байкатуючага боку. Таксама рашэнне не ўдзельнічаць часта прыводзіць да ўнутранага напружання ў апазіцыі і, як следства, да распаду. Самае непрыемнае наступства няўдзелу апазіцыі ў перадвыбарчай гонцы — фасілітацыя заваёвы абсалютнай перавагі кіруючай партыі / рэжыму і дапушчэнне ўсёдазволенасці, уключаючы змяненне канстытуцыйнага ладу.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму любое рашэнне апазіцыі (удзельнічаць ці байкатаваць выбары) не прывядзе да поспеху. Апазіцыя сваім удзелам легітымізуе выбары для знешняга свету, незалежна ад таго, наколькі сумленна яны праводзяцца. З іншага боку, байкот гарантуе перамогу на выбарах і ўмацоўвае пазіцыі кіруючай партыі / рэжыму. У такой сітуацыі ў апазіцыі няма адназначна добрых варыянтаў, але байкот, зыходзячы з вышэй апісанага, дакладна не з'яўляецца адным з іх.
Чаму ж яго працягваюць выбіраць як асноўную стратэгію? На сённяшні дзень у апазіцыйнага кандыдата шанцаў на перамогу няма. А раз перамагчы нельга, трэба загадзя рыхтавацца тлумачыць прычыну пройгрышу. І, нягледзячы на аб'ектыўныя прычыны (непразрыстыя і несвабодныя выбары), абывацель можа прыйсці і да непажаданых высноў. Прайгралі, таму што слабыя, недастаткова прывабныя для выбаршчыка, не стараліся. Малаверагодна, што дэмсілы на сённяшні дзень гатовыя адказваць і на гэтыя выклікі. Таму з года ў год перавагу аддаюць зручнай пазіцыі: не ўдзельнічалі — і не прайгралі. А там, глядзіш, і аўтакрат скончыцца з натуральных прычын.
Вось толькі гады ідуць, а сітуацыя не змяняецца. Застаецца спадзеў, што гэтым разам, выбіраючы паміж удзелам і байкотам, хтосьці згадае або прачытае, што ўмовай існавання ў палітычнай сістэме з'яўляецца палітычны ўдзел. І прыйдзе да простай ісціны: выбары выйграюць тыя, хто на іх прыходзіць.