«Яўка на выбары — выклік сістэме»

Байкот выбараў — шкодная стратэгія, упэўнены аўтар ТГ-канала «Политонелогия». Замест гэтага важны любы ўдзел, бо ён стварае турбулентнасць сістэмы.

Байкот ці ўдзел у выбарах? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Байкот ці ўдзел у выбарах? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Шмат разоў гаварылі пра гэта, але, мабыць, даводзіцца раз за разам нагадваць. Байкот — гэта папулізм. Гэта імкненне заняць не пазіцыю практыкі, але звесці тое, што адбываецца, да нейкай абстрактнай «маральнай перамогі» над рэжымам, якая, аднак, ніяк не канвертуецца ў нешта рэальнае. Урэшце, мы — не даосы, і беларускае палітычнае жыццё — гэта не быццё кітайскіх філосафаў. У-вэй — нядзеянне — добрае ў літаратурным сэнсе, як метафара, як адзін з варыянтаў суаднясення сябе з быццём. Прыгожа, безумоўна. Аднак у нашым выпадку, у рэальным, а не напісаным свеце — цалкам бессэнсоўнае. 

У рэшце рэшт, чакаючы, пакуль праплыве труп твайго ворага, можна даседзець да моманту, калі твой уласны труп праплыве міма яго. Бо што характэрна для рэжыму Лукашэнкі ў цэлым, і асабліва — пасля 2020 года? Адсутнасць стратэгіі. «Дзень прастаяць ды ноч пратрымацца», «Памры ты сёння, а я — заўтра» — страшныя банальнасці, якімі сістэма цяпер жыве. Аўтарытарызм Лукашэнкі, як і любы іншы аўтарытарызм, па вызначэнні абапіраецца на няўдзел і атамізацыю. Аўтарытарызм, у адрозненне ад таталітарызму, арганічна не здольны намаляваць вобраз будучыні: ён пазбаўлены наратыву. Яго асноўная задача — сябе захоўваць як мага даўжэй, як мага даўжэй пазбягаць змен. 

Байкот толькі падоўжыць іх існаванне на гэтай канкрэтнай ітэрацыі. Наш калектыўны труп праплыве перад імі зноў. 


Глядзіце таксама

Удзельнічаць, ствараць яўку — лепшае, легальнае (нават у маштабах беззаконня) дзеянне, якое можа здзейсніць грамадзянская супольнасць — не тая, якая знішчана ў марах Макея, а тая, якая складаецца з людзей з грамадзянскай (гэта значыць «актыўнай») пазіцыяй. У нейкім сэнсе гэта ізаляваны, перакручаны, але ўсё ж акт дэмакратыі: яна наогул у плане патрабаванняў да актыўнасці грамадзян месцамі блізкая да таталітарных мадэляў. 

Яўка патрабуе ад сістэмы напружання. Так, аніякія выбары ў застарэлых аўтакратыях не накіраваныя на селекцыю кандыдатаў, на рэалізацыю прадстаўніцкіх функцый. Сэнс у тым, што, арганізуючы электаральную кампанію, рэжым вымушаны прыкідвацца тым, кім не з'яўляецца, што патэнцыйна здольна выклікаць турбулентнасць. 

І тут, наадварот, узнікае папулярны (і таксама папулісцкі) аргумент пра тое, што яўка, маўляў, легітымізуе. Довад гэты плоскі, крыху павярхоўны і памылковы на базавым узроўні. Легітымізацыя праз дэ-факта плебісцытарныя выбары (накіраваныя не на пераазначэнне палітычнага ландшафту, а на акламацыю звыклага «пейзажу»). Кампанія стартавала-прайшла-завяршылася заявай з нетраў ЦВК. Усё, рэжым лічыць сам сябе легітымным. Лічбы, маштаб яўкі, парушэнні, прызнанне — нішто не адыгрывае ролі. 

Па вялікім рахунку, і без усялякіх электаральных танцаў у катле прапаганды (дзе плаваюць не толькі грышы з мукавозчыкамі, але і публічны дыскурс наменклатуры, і АГЛ) варыцца з сумнеўных інгрэдыентаў ідэя штодзённага перапацвярджэння легітымнасці. Уся гнюсная і плакатная метадычка дзяржСМІ зводзіцца да адной думкі, што паўтараецца раз за разам: Лукашэнка сапраўдны і глыбока легітымны лідар. І ўжо адно тое, што яны вымушаны паўтараць гэта ўвесь час, гаворыць пра нелегітымнасць у аснове — на базавым узроўні. Старонка, што ніяк не перагортваецца. Дык навошта мы наогул абмяркоўваем ідэю выбараў з гэтага пункту гледжання, калі нас павінна цікавіць паліттэхналогія — нешта прывязанае да зямлі, да практыкі, да сутыкнення і ўзаемадзеяння? Я цяпер не кажу пра стратэгію, бо рана. Не ясны да канца ўвесь расклад, не відавочныя памеры «акна магчымасцей».

Паколькі некаторыя з тых, хто супраць яўкі, называюць сябе OSINT (выведка па адкрытых крыніцах), я, трымаючы шклянку святой вады ў левай руцэ, падзялюся артыкулам ад 16 лютага 2023 года, апублікаваным на сайце прэзідэнт.гаў.бай — пра ўнясенне змен у Выбарчы кодэкс. Нас цікавіць вось гэтая прапанова: «Акрамя таго, адменены парог яўкі выбаршчыкаў для прызнання выбараў у Палату прадстаўнікоў адбыўшыміся». Іншымі словамі, рэжым прама і адкрыта не зацікаўлены ва ўдзеле грамадзян у гэтых выбарах. Яны адбудуцца, нават калі прыйдуць толькі Лукашэнка і, крый божа, Гайдукевіч. 


Глядзіце таксама

І апошняе: сам па сабе парламент. Яго няма. З 1996 года ў Беларусі парламент не выконвае ні прадстаўнічую, ні заканадаўчую функцыі. Як дакладна напісаў «Народны дэпутат»: «Калі коратка: 1) у 2022 годзе дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў было ініцыявана шэсць законапраектаў, або 0,05 законаў у год на дэпутата; 2) усе дэпутаты Палаты публічна прадстаўляюць інтарэсы адной сацыяльнай групы, арыентаванай на аднаго чалавека». З 96 года прайшло амаль 30 гадоў, а нашай мэтай у будучыні з'яўляецца менавіта рэстаўрацыя парламентарызму ў краіне.  Рэжым заўсёды баяўся не толькі сваіх верхніх і ніжніх палат, але сам інтарэс грамадзян да заканадаўчага органа можа і павінен стаць для Лукашэнкі праблемай. Толькі вось у гэтым выпадку патрэбны ўдзел, а не эфемерная маральная перамога, як у Зянона ў тым жа 96-м. 

Палітычную сістэму ў яе бягучым стане нельга больш назваць гібрыдным рэжымам — функцыянальна гэта не так. Так, многія гады Лукашэнка выкарыстоўваў выбары ў рамках канцэпцыі электаральнай аўтакратыі — выкарыстоўваў для пацвярджэння свайго права на трон. Толькі ў 2015 годзе выбары прэзідэнта прайшлі без заўважных праблем. Цяпер жа склалася вельмі цікавая і супярэчлівая канфігурацыя. Любыя кампаніі ім папросту проціпаказаныя, але ў кантэксце першапачатковай мадэлі яны ўжо інерцыйна не могуць ад іх адмовіцца. Яўка на парламенцкія выбары — выклік сістэме. Дык навошта ж нам ад гэтага адмаўляцца?