Карбалевіч — пра «турнэ» Лукашэнкі па рэгіёнах: Выпраўляе памылкі 2020 года
Выглядае на тое, што Лукашэнка распачаў сваю перадвыбарчую кампанію, піша палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Позірку». І, у адрозненне ад 2020 года, дзе асноўным электаратам былі сілавікі, гэтым разам ён паехаў «у народ».
17 лістапада Аляксандр Лукашэнка пабываў у Гомелі. Гэтая паездка цікавая тым, што падчас яе ў сціснутай форме былі прагавораны асноўныя тэзісы, з дапамогай якіх кіруючы рэжым, хутчэй за ўсё, будзе апеляваць да грамадства падчас дзвюх будучых выбарчых кампаній — 2024-га і 2025 гадоў.
Апошнім часам Лукашэнка актыўна наведвае рэгіёны. Там дае ўказанні, сустракаецца не толькі з кіраўніцтвам вобласці, раёна, але і з насельніцтвам, наладжвае камунікацыю з электаратам. Магчыма, урок мінулых прэзідэнцкіх выбараў не прайшоў дарма.
Траўматычная засечка 2020 года
Нагадаю, што напярэдадні выбараў 2020 года правадыр рэжыму лічыў за лепшае сустракацца з чыноўнікамі, начальствам ды наведваць падраздзяленні сілавых структур. А камунікацыю ўласна з народам ігнараваў. І скончылася гэта для Лукашэнкі досыць драматычна.
Магчыма, яшчэ адзін след тых выбараў, які бачыцца ў паводзінах кіраўніка, — гэта сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Гэтым разам ён размаўляў з работнікамі ювелірнага завода «Крышталь». Траўматычная зарубка ў памяці засталася ў Лукашэнкі ад наведвання ў гарачыя жнівеньскія дні 2020 года Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ), калі рабочыя скандавалі «Сыходзь!».
Цяпер сустрэчы з працоўнымі калектывамі сталі атрыбутам яго паездак у рэгіёны. Раней размовы з простымі людзьмі часцей адбываліся дзесьці на плошчы. Вось ляціць Лукашэнка над краінай ці едзе па горадзе, бачыць, сабраўся народ, які хоча бачыць правадыра. І таму нічога не заставалася, як знізіцца, спусціцца з нябёсаў (гэта значыць выйсці з аўтамабіля або верталёта) і пагаварыць са сваім добрым народам. Цяпер камунікацыя перамясцілася на прадпрыемствы. Гэта своеасаблівая псіхалагічная кампенсацыя, пераадоленне «сіндрому МЗКЦ».
Адзін з казыроў: не «парэзалі на кавалкі»
Калі казаць пра змястоўны бок паездкі ў Гомель, то мы даведаліся, што не ўсё ў рэгіёне добра. Высветлілася, што «Гомельская вобласць летась была лідарам па падзежы жывёлы». З верталёта Лукашэнка заўважыў, што не прыбраная кукуруза, не ўсюды ўзараныя палі. «Трэба прыводзіць у парадак землі, аднаўляць жывёлагадоўлю — і наперад», — адзначыў ён. 29 гадоў кіравання аказалася мала, каб навесці парадак.
У Гомелі шмат прамысловых прадпрыемстваў, але Лукашэнку павезлі, напрыклад, не на «Гомсельмаш», а на ювелірны завод «Крышталь». Можна меркаваць, гэта самае паспяховае прадпрыемства ў горадзе. Трэба дэманстраваць дасягненні.
Вось якраз наконт дасягненняў. Выступаючы на заводзе, Лукашэнка закрануў тэму прыватызацыі, асабліва падкрэсліваў, што «да яго шмат разоў прыходзілі з прапановай прыватызаваць прадпрыемства». «Я катэгарычна сказаў "не". Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, такім яно застанецца», — заявіў ён. Заадно прывёў у якасці адмоўнага прыкладу Украіну: «Ва Украіне пачалося з таго, што пачалі расцягваць багатую краіну — прыватызавалі, парэзалі на кавалкі».
Пры гэтым прагучала цікавая рэпліка: «Ваша прадпрыемства мы не проста захавалі і аднавілі. Мы яго будзем развіваць. Мы будзем у вас інвеставаць, укладваць грошы. Мы будзем купляць самае сучаснае абсталяванне».
Гэта значыць, дзяржава ўжо ўклала ў аднаўленне прадпрыемства вялікія сродкі. І будзе працягваць гэта рабіць. Але інвеставаць бюджэтныя рэсурсы трэба толькі ў нерэнтабельнае, стратнае прадпрыемства. Паспяховы эканамічны суб'ект развіваецца за кошт уласных сродкаў.
І яшчэ. Каб «Крышталь» мог функцыянаваць, трэба, аказваецца, стварыць яму цяплічныя ўмовы. Лукашэнка запатрабаваў: «Не забараняць пастаўкі канкурэнтаў, а каб яны не маглі з вамі канкураваць. Для гэтага мы будзем рабіць усё».
Вось і ўсё, што трэба ведаць пра «паспяховае» прадпрыемства, якое кіраўнік не дазволіў прыватызаваць, а пакінуў у руках дзяржавы. Уласна, прыкладна ў такім жа становішчы знаходзіцца ўвесь дзяржсектар беларускай эканомікі.
Акрамя тэзісу аб тым, што ў Беларусі дзякуючы мудраму кіраўніцтву не «расцягалі», не «парэзалі на кавалкі» дзяржаўную ўласнасць, Лукашэнка таксама раскручваў тэму сацыяльнай абароны вяскоўцаў (паабяцаў чарговым разам рэанімаваць «Белкаапсаюз»), а таксама барацьбы з карупцыяй. Сюжэты старыя, зацяганыя. І таму наўрад ці могуць выканаць функцыю нейкага ідэалагічнага зарада.
А яшчэ гучаў заклік, каб кожны больш старанна працаваў на сваім працоўным месцы. Маўляў, тады мы будзем жыць лепш. Вось і ўвесь наратыў будучыні па-лукашэнкаўску.
Афрыканскія перспектывы
Але былі закрануты і некаторыя новыя тэмы. Перш за ўсё, Лукашэнка згадаў санкцыі. Гэтае пытанне немагчыма абысці пры наведванні прадпрыемстваў, бо большасць з іх пацярпела ад абмежаванняў, уведзеных Захадам.
Адказаў на гэты выклік у кіраўніка два. Па-першае, «Беларусь выстаяла ва ўмовах санкцыйнага ціску». Па-другое, мы знайшлі новыя рынкі.
Лукашэнка расказаў пра бліскучыя перспектывы, якія адкрываюцца перад краінай у супрацоўніцтве з Афрыкай. У прыватнасці, ён расказаў, што дзякуючы беларускай тэхніцы ў Зімбабвэ атрыманы добры ўраджай: «Яны сёння атрымалі рэкордны ўраджай хлябоў і ўпершыню ў гісторыі дзякуючы нашай тэхніцы і дапамозе накармілі хлебам свой наро»д.
На самой справе некалькі дзесяцігоддзяў таму Зімбабвэ была самай багатай краінай у Афрыцы, там не было праблемы голаду. Гэтая праблема ўзнікла ў выніку 37-гадовага дыктатарскага праўлення Роберта Мугабэ.
«Вы ведаеце: тут за плотам ідзе гэтая вайна»
Знаходзячыся ў Гомелі, Лукашэнка не мог абысці тэму вайны ва Украіне. І, як ужо стала звыклым, прадставіў сябе захавальнікам міру на беларускай зямлі: «Я мірны чалавек, і я буду рабіць усё, каб вайны не было. Гэта для вас вельмі актуальна. Вы ведаеце: тут за плотам ідзе гэтая вайна. І мне нямала намаганняў патрабуецца для таго, каб праз мяжу яна не перасягнула сюды».
Праўда, засталося незразумелым, хто хоча, каб вайна праз мяжу «перасягнула сюды». Ці то Кіеў, ці то Масква. Але вобраз палітыка, які не дапусціў уцягвання Беларусі ў вайну, напэўна будзе галоўным падчас выбарчых кампаній 2024-га і 2025 гадоў.
Ну і, вядома, цяпер амаль ні адно публічнае выступленне не абыходзіцца без згадкі «збеглых». Новая дакучлівая ідэя. Здавалася б, з'ехалі — і добра, давайце забудзем пра іх. Але не, чамусьці гэта не дае спакою. У развіццё тэмы прагучала тры тэзісы. Першы: яны «просяцца дадому». Другі: калі ласка, «возьмем». Трэці: «але калі вы нашых людзей запалохвалі і дагэтуль гэта робіце — сядзіце лепш там, сюды не хадзіце».
Вось гэтая ўзаемавыключальная ўстаноўка: «вяртайцеся, сядзіце лепш там» — як найлепей характарызуе тую двухсэнсоўнасць, з якой Лукашэнка ўспрымае працэс масавай эміграцыі. З аднаго боку, ён разумее, што гісторыя не даруе яму выгнання з краіны за тры гады 350 тысяч найбольш сацыяльна актыўных і дынамічных суайчыннікаў. «Вялікі беларускі зыход» — так увойдзе ў памяць нашага соцыума гэты драматычны працэс. З іншага боку, кіраўнік не мог быць спакойным, пакуль гэтыя людзі знаходзіліся ў Беларусі. Бо давялося б будаваць вялікі ГУЛАГ. Вось і кідаецца перад дылемай.