Рабочыя — толькі «кармавая база». Як улады разграмілі незалежныя прафсаюзы

Рэжым ліквідаваў не толькі грамадзянскую супольнасць і НДА, але і незалежныя прафсаюзы, якія, у адрозненне ад дзяржаўных, сапраўды адстойвалі правы і інтарэсы рабочых.

За грамадзянскую пазіцыю праз рэпрэсіі прайшлі дзясяткі актывістаў незалежных прафсаюзаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

За грамадзянскую пазіцыю праз рэпрэсіі прайшлі дзясяткі актывістаў незалежных прафсаюзаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У перыяд з 19 па 21 красавіка 2022 года ў Беларусі былі затрыманы больш за 20 прадстаўнікоў і актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Пад пераслед у адзін час трапілі кіраўніцтва і супрацоўнікі «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП), лідары і актывісты прафсаюзаў СПМ («Свабодны прафсаюз металістаў»), СПБ («Свабодны прафсаюз Беларусі»), РЭП («Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці»), некаторыя іншыя рабочыя актывісты. Большасць з іх былі асуджаны, а некаторыя паспелі адбыць пакаранне. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам спланаванага ўладамі разгрому ўсіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», агулам ад красавіка 2022-га да жніўня 2023 года былі затрыманы больш за 35 актывістаў незалежных прафсаюзаў, дагэтуль за кратамі застаецца 18 абаронцаў правоў працоўных, большасць з якіх беларускай праваабарончай супольнасцю былі  прызнаны палітвязнямі. Частка з іх адбываюць «хатнюю хімію».

«Вясна» нагадвае пра найбольш рэзанансныя крымінальныя справы супраць незалежных прафсаюзаў і актывістаў, якія адстойвалі правы працоўных.

Справа «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў»

У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня 2022 года быў вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» — Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса), а Ярашука — таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч.3 арт.361 КК).

Глядзіце таксама

Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч — два гады пазбаўлення волі (31 кастрычніка 2023 года Сяргей выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін), а Ірына Бут-Гусаім — год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі (на пачатку траўня 2023 года Ірына выйшла на волю, адбыўшы пакаранне).

Рашэннем Вярхоўнага суда дзейнасць БКДП была спынена нібыта ў сувязі з «фактамі парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі».

Справа прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці

Літаральна праз 10 дзён пасля суда над кіраўніцтвам БКДП у Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня 2023 быў вынесены прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Усіх абвінавацілі ў «закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч.3 арт.361 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.3 арт.130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім» (ч.1 і ч.3 арт.361-1 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Генадзя Фядыніча, былога кіраўніка РЭП, асудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Васіля Бераснева — да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Вячаслаў Арэшка асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

КДБ прызнаў «Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці» (РЭП) «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Асобна судзілі брэсцкую актывістку прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк. Яна была затрымана крыху раней за астатніх — 25 сакавіка 2022 года. А ўжо 18 траўня суд Ленінскага раёна Брэста прысудзіў ёй пазбаўленне волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму паводле абвінавачання ў «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК).

Глядзіце таксама

Згодна з інфармацыяй, якую даслаў адзін са зняволеных з-за кратаў, Міхнюк абвінавачвалі на падставе матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП.

Яшчэ адзін суд над былым намеснікам старшыні прафсаюза РЭП Міхаілам Громавым адбыўся ў судзе Першамайскага раёна Мінска 25 лістапада. Громава таксама затрымалі 19 красавіка 2022 года. Яго абвінавацілі паводле ч.1 арт.342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і прысудзілі да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») тэрмінам на два з паловай гады.

На працягу двух апошніх гадоў праз крымінальны пераслед прайшлі асобныя актывісты прафсаюзных суполак на вялікіх прадпрыемствах Беларусі: аб’яднаннях «Гродна Азот», «Нафтан», «Беларуськалій» і іншых.

Справы іншых актывістаў

Андрэй Ханевіч працаваў апаратчыкам у цэху «Карбамід-3» на прадпрыемстве «Гродна Азот». Яго затрымалі 16 лістапада 2022 года, а 16 лістапада суддзя Гродзенскага абласнога суда Віталь Кулеш прызнаў Андрэя Ханевіча вінаватым паводле арт.369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У гэты час быў асуджаны старшыня незалежнага прафсаюза на «Беларуськаліі» Аляксандр Мішук. Ён быў затрыманы 25 траўня 2022 года пасля ператрусу на працоўным месцы. У выніку Аляксандра абвінавацілі паводле ч.1 арт.361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), а 15 лістапада суддзя Мінскага абласнога суда Вікторыя Паляшчук прызнала Аляксандра вінаватым і асудзіла яго на два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Глядзіце таксама

На тры з паловай гады калоніі быў асуджаны прафсаюзны актывіст Аляксандр Кандрацюк. Яго затрымалі 5 верасня 2022 года паводле арт.130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Пасля гэтага яго абвінавацілі таксама паводле арт.368 («Абраза Лукашэнкі») і арт.369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Мінскі гарадскі суд 17 траўня 2023 года прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць пазбаўленнем волі тэрмінам на тры з паловай гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Такіх крымінальных спраў на працягу 2022 года было шмат.

Цалкам артыкул пра пераслед прафсаюзных актывістаў можна пачытаць тут.