Што такое «прафсаюз» па-беларуску

Нельга сказаць, што ў Беларусі раней не было прафсаюзнага руху. Але як незалежны ад дзяржавы ён пачаў афармляцца адносна нядаўна — і тут жа быў задушаны.

_belarus_minsk_hvali_internat_fota_novy_czas__4__logo.jpg

У красавіку 2022 года па ўсёй краіне пачалі затрымліваць членаў незалежных прафсаюзаў. Многіх з затрыманых прызналі палітвязнямі. Крыху пазней улады ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы краіны. 19 ліпеня 2022 года Вярхоўны суд спыніў дзейнасць «Свабоднага прафсаюза Беларускага», «Свабоднага прафсаюза металістаў», Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, «Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці», а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Цяпер у краіне засталіся толькі тыя прафсаюзы, якія кантралюе дзяржава. Яны прымаюць удзел у праўладных мітынгах, а работнікаў, якія не хочуць туды ўступаць, звальняюць, піша «PALATNO».

Што сабой уяўляе беларускі прафсаюз

Прафсаюз — гэта добраахвотнае аб’яднанне работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, студэнтаў і навучэнцаў прафесійных навучальных устаноў для абароны сваіх працоўных і сацыяльных правоў.

Першыя прафсаюзы ў Беларусі з’явіліся пад канец XIX стагоддзя. У 1894 годзе паўстаў прафсаюз шчаціншчыкаў, а ў 1898-м — прафсаюз гарбароў, які прадстаўляў рабочых Смаргоні, Беластока, Вільні, Ашмянаў і Крынак. У 1901 годзе ў Гомелі з’явіўся прафсаюз друкароў, у 1904-м у Віцебску — гарбароў, а ўжо ў 1905-м годзе практычна ва ўсіх беларускіх гарадах паўсталі прафсаюзы чыгуначнікаў, работнікаў пошты і тэлеграфа, крэдытных і гандлёва-прамысловых устаноў.

У 1906 годзе ўрад прыняў «Часовыя правілы аб прафесійных арганізацыях» — закон, які легалізаваў прафсаюзы. У тым жа годзе з’явіліся першыя прафсаюзы настаўнікаў і сельскагаспадарчых работнікаў. Аднак «Правілы», прынятыя ўрадам, не дапускалі легалізацыі прафсаюзаў у гэтых сферах, а таксама забаранялі ствараць прафсаюзы работнікам пошты, тэлеграфа, банкаў і дзяржустаноў. Свае арганізацыі не маглі ўзаконіць і рабочыя ды служачыя, якія працавалі на чыгуначным транспарце.

У 1907 годзе на тэрыторыі Беларусі афіцыйна дзейнічаў 101 прафсаюз. З-за таго, што некаторыя арганізацыі былі палітычна актыўнымі, да 1910 года царскі ўрад забараніў амаль 50% прафсаюзаў, а падчас Першай сусветнай вайны амаль усе яны перасталі дзейнічаць.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года розныя партыі пачалі змагацца за палітызацыю прафсаюзаў і падпарадкаванне іх сабе. У ліпені 1920-га па ініцыятыве ўлад паўстала Цэнтральнае бюро прафсаюзаў Беларусі, а крыху пазней яго ператварылі ў Савет прафсаюзаў Беларусі. У наступным годзе прафсаюзы сталі «школай камунізму».

Паступова прафсаюзы ўсё больш і больш укараняліся ў дзяржаўную сістэму і адстойвалі, у першую чаргу, дзяржаўныя інтарэсы і інтарэсы камуністычнай партыі, а не людзей. Разам з тым улады ўсё больш кантралявалі прафсаюзны рух.

Гісторыя Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў пачынаецца ў 1931 годзе. Вясной таго года адбыўся I Усебеларускі з’езд Саюза работнікаў дзяржаўных устаноў. Першым старшынёй Цэнтральнага праўлення быў абраны Віктар Башмачнікаў. У 1933 годзе колькасць сяброў арганізацыі складала 10,8 тысячы чалавек.

У 1934 годзе IV пленум ВЦСПС прыняў рашэнне падзяліць прафсаюз работнікаў дзяржустаноў на чатыры прафсаюзы:

  • работнікаў дзяржустаноў, які аб’ядноўваў сістэму Савета дэпутатаў, дзяржплана, кіравання народна-гаспадарчым улікам і апарата савецкага кантролю;
  • работнікаў адміністрацыйных устаноў;
  • работнікаў суда і пракуратуры;
  • работнікаў гаспадарчых устаноў.

У лістападзе 1937 года прафсаюз работнікаў дзяржустаноў аб’ядналі з прафсаюзам работнікаў адміністрацыйных устаноў, у які ўваходзілі вольнанаёмныя работнікі міліцыі, дзяржбяспекі і папраўчых устаноў.

У чэрвені 1941 года, у сувязі з часовай акупацыяй тэрыторыі Беларусі, дзейнасць прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў БССР прыпынілі. Падчас Другой сусветнай вайны дзяржаўная сістэма прафсаюзаў была цалкам разбурана. Але ў снежні 1944-га савецкая ўлада прыняла пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у БССР». У выніку, у студзені 1946 года ў прафсаюзах знаходзілася 64,4% чалавек ад агульнай колькасці рабочых і служачых.

Прыналежнасць да прафсаюза станавілася практычна абавязковай у Савецкай Беларусі. У 1980 годзе членамі такіх арганізацый было 52,3% чалавек ад усіх жыхароў Беларусі. Улады ўцягвалі актывістаў і радавых сяброў прафсаюзаў у партыйную дзейнасць. Дзяржава намагалася цалкам падпарадкаваць сабе прафсаюзы, умацоўвала сувязі прафсаюзаў з КПСС. Чалавек, які не ўступаў у прафсаюз, не мог стаць у чаргу, каб атрымаць кватэру, не мог адправіць дзіця ў лагер ці атрымаць пуцёўку ў санаторый або матэрыяльную дапамогу.

Улады адкрывалі розныя школы і запускалі курсы для будучых прафсаюзных актывістаў, дзе ім тлумачылі, што найперш трэба будаваць камунізм, а ўсе астатнія пытанні, у тым ліку пытанні па абароне правоў рабочых, — гэта другараднае. У канцы 1980-х прафсаюзы выконвалі функцыі, якія ніяк не былі звязаны з грамадскімі або прафесійнымі структурамі. Напрыклад, некаторыя прафсаюзы арганізоўвалі сацыялістычныя спаборніцтвы і рухі за камуністычную працу. Іншыя кантралявалі выкананне заканадаўства па пытаннях вытворчасці, працы, зарплаты і культуры побыту рабочых. Усе важныя рашэнні прафсаюзы прымалі сумесна з Камуністычнай партыяй і ўрадам.

Такім чынам, праз прафсаюзы ўлада спрабавала кантраляваць рабочых і мець на іх уплыў.

У 1990 годзе на XVII з’ездзе прафсаюзаў Беларусі было прынята рашэнне, што прафсаюзы мусяць абараняць інтарэсы шырокіх мас насельніцтва незалежна ад іх палітычнай, нацыянальнай і рэлігійнай арыентацыі. Вынікам гэтага з’езда стала ўтварэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), у якой аб’ядналіся галіновыя арганізацыі і шэсць абласных прафсаюзных аб’яднанняў.

На дадзены момант ФПБ аб’ядноўвае 15 галіновых прафсаюзаў, 6 абласных і «Мінскае гарадское аб’яднанне прафсаюзаў», а таксама 137 раённых і гарадскіх аб’яднанняў. Агульная колькасць членаў прафсаюзаў складае больш за чатыры мільёны чалавек, як напісана на сайце ФПБ.

Акрамя таго, у ФПБ па змоўчанні трапляюць усе работнікі дзяржаўнага сектара. Менавіта ФПБ прымусова звозіла людзей на праўладныя мітынгі. Адно з такіх мерапрыемстваў адбылося вясной 2022 года: ФПБ сабрала каля ста чалавек побач з манументам Перамогі на мітынгу «Беларусь Zа Расію».

«Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі» фактычна знаходзіцца пад кантролем у дзяржавы. Міхаіл Орда, яе кіраўнік, раней узначальваў БРСМ, а ў 2020 годзе быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

У 2020 годзе на сустрэчы з Ордам Лукашэнка заявіў: калі прыватныя прадпрыемствы не створаць прафсаюзныя арганізацыі, то іх ліквідуюць.

Пасля падзей 2020 года людзі пачалі павальна выходзіць з праўладных прафсаюзаў. Работнікі многіх заводаў сутыкаліся з ціскам кіраўніцтва і афіцыйных прафсаюзаў, якія пагражалі ім звальненнем, пазбаўленнем прэмій і прыцягненнем да адказнасці. Супрацоўнікі асобных прадпрыемстваў патрабавалі адстаўкі кіраўніка «Федэрацыі прафсаюзаў» Міхаіла Орды.

У 2021 годзе работнікаў некаторых прадпрыемстваў, якія выйшлі з праўладных прафсаюзаў, пазбаўлялі «сацыяльнага пакета». Такія работнікі не маглі атрымаць месцы ў інтэрнаце, матэрыяльную дапамогу, дадатковы адпачынак, пуцёўкі ў санаторыі і г. д.

А ў 2023 годзе двух супрацоўнікаў звольнілі ў першы ж дзень працы з Мінскага завода «Тэрмапласт», бо тыя адмовіліся ўступіць у афіцыйны прафсаюз. Намесніца дырэктара па ідэалогіі прапанавала работнікам запісацца ў прафсаюз добраахвотна. У адказ яны паведамілі, што з’яўляюцца сябрамі «Незалежнага прафсаюза РЭП», кіраўнікі якога знаходзяцца за кратамі. Пасля гэтага ідэолаг заявіла, што з такой пазіцыяй працаваць на прадпрыемстве немагчыма.

Як у Беларусі знішчаецца незалежны прафсаюзны рух, а таксама пра тое, якімі насамрэч павінны быць прафсаюзы, чытайце тут.