Галоўнае ў Беларусі за тыдзень — паводле версіі ВВС
Пракуратура перадае «завочную» крымінальную справу супраць BYPOL у суд, двухтомнік класіка беларускай літаратуры Дуніна-Марцінкевіча XIX стагоддзя прызналі экстрэмісцкім, рабочага ў Гродне прысудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі за каментары ў Youtube. Што ВВС распавядае чытачам пра галоўныя падзеі ў Беларусі за тыдзень.
Былых сілавікоў будуць судзіць па артыкуле аб тэрарызме
«Завочную» крымінальную справу ў дачыненні да сябраў арганізацыі BYPOL перадалі ў суд. Пра гэта паведаміў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
BYPOL — супольнасць былых сілавікоў Беларусі, якія ўступілі ў апазіцыю да Аляксандра Лукашэнкі на фоне пратэстаў 2020 года. Яны займаюцца расследаваннямі, якія тычацца Беларусі, у тым ліку адвольныя затрыманні і арышты апазіцыі.
Абвінавачаным інкрымінавана 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку здрада дзяржаве, арганізацыя акту тэрарызму і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем.
Па справе BYPOL праходзяць «шэсць публічных асоб», распавялі ВВС у самой арганізацыі, дадаўшы, што ўсе абвінавачаныя знаходзяцца за межамі краіны.
Паводле артыкула аб тэрарызме ў Беларусі прадугледжваецца смяротнае пакаранне.
Сярод іншага BYPOL абвінавачваюць у «наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін». Гаворка ідзе аб аперацыі па вывядзенні з ппрацоўнага стану некалькіх чыгуначных ліній, па якіх перавозілася ваенная тэхніка з Расіі ва Украіну.
У Беларусі, якія стаяць за гэтымі дзеяннямі, атрымалі назву «рэйкавых партызан». У Следчым камітэце лічаць, што кіраваў гэтай аперацыяй BYPOL.
«Я ўсцешаны, што мне прад'яўляюць столькі артыкулаў, — распавёў ВВС кіраўнік BYPOL і былы падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Азараў, які цяпер жыве ў Польшчы. — Я не лічу сябе злачынцам, я, наадварот, застаўся верным прысязе і змагаюся са злачыннасцю, якую цяпер у Беларусі фактычна ўзначальвае Лукашэнка».
«Я знаходжуся па-за дасяжнасцю Лукашэнкі», — адзначыў Азараў, дадаўшы, што разлічвае на абарону з боку польскіх уладаў.
Двухтомнік Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча XIX стагоддзя прызналі экстрэмісцкім
Гомельскі абласны суд прызнаў двухтомны збор твораў беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўключыла дзве кнігі ў спіс забароненых матэрыялаў. У жніўні беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі два вершы Дуніна-Марцінкевіча, напісаных больш за 150 гадоў таму.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч-пісьменнік і драматург, класік беларускай літаратуры. Ён надаваў асаблівую ўвагу беларускай культуры і фальклору. Улады падазравалі Марцінкевіча ва ўдзеле ў паўстанні 1863-1864 гадоў і яшчэ тады — у напісанні нацыяналістычных, антыўрадавых твораў.
Рабочага ў Гродне прысудзілі да 5 з паловай гадоў калоніі за каментары ў сацсетках
Са слоў праваабаронцаў, Сцяпан Задойка напісаў больш за тысячу каментароў на беларускай мове ў Youtube.
Суд у Гродне прысудзіў мясцовага жыхара Сцяпана Задойку да 5 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за каментары ў сацсетках, паведаміў 16 лістапада Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Сцяпан Задойка — рабочы прыватнага прадпрыемства. Як пісала «Гродзенская праваабарона», ён быў затрыманы ў сакавіку 2023 года. Выданне апублікавала скрыншот з «палоннага відэа», на якім відаць, што ў мужчыны падбіта вока і падрапаная галава.
Задойку асудзілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за абразу прэзідэнта і здзек з дзяржаўных сімвалаў.
Па паведамленнях «Вясны», асуджаны напісаў каля 1200 каментароў на беларускай мове на платформе Youtube, якія былі «ў асноўным накіраваныя на падтрымку Украіны». Сцяпан Задойка цалкам прызнаў віну і патлумачыў, што размяшчаў каментары пад ролікамі «на эмоцыях».