У нармальных дзяржавах правы чалавека паляпшаюць жыццё, а ў Беларусі за іх рэпрэсуюць
Экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дзяйкала пагаварыла з «Media IQ» пра тое, што такое насамрэч правы чалавека, чаму ў Беларусі тых, хто выступае за іх, запісваюць у «ворагі», і як лукашэнкаўская дзяржава маніпулюе паняццямі.
— Правы чалавека — гэта свабода ад чаго ці для чаго?
— Правы чалавека — гэта і «свабода ад», і «свабода для» адначасова. Гэта той неабходны мінімум, каб забяспечыць чалавеку чалавечае жыццё ў процівагу нечалавечаму. Мне падабаецца такое вызначэнне: існуюць некаторыя рэчы, якія ніколі не павінны быць зроблены ў дачыненні да чалавека, а таксама некаторыя іншыя рэчы, якія, наадварот, заўсёды павінны быць зроблены ў дачыненні да чалавека. І тое, і другое — правы чалавека.
— Нядаўна кіраўнік прэзідэнцкага партала «СБ. Беларусь сёння» Дзмітрый Жук выступіў з рэзананснай заявай: «Калі вы пачулі словы «правы чалавека», пасля якіх ідуць нейкія аповеды пра вашу радзіму — Беларусь, ведайце: гэта вораг нашай дзяржавы». Чаму прапагандысцкая машына дазволіла сабе такое выказванне?
— Таму што правы чалавека сталі адной з прыкмет нязгоды з рэжымам. Пра правы чалавека гавораць тыя, хто супраць улады. А ўсе, хто супраць улады, гэта ворагі. Акрамя таго, правы чалавека — гэта «заходняя каштоўнасць», а Захад — ідэалагічны вораг. Цяпер ідзе актыўная «антызаходніцкая» кампанія па дыскрэдытацыі каштоўнасцей «іншага лагера», у тым ліку і дэмакратычных каштоўнасцей.
Цікава, што пазіцыя па правах чалавека гучыць па-рознаму ў розных прадстаўнікоў сістэмы. Напрыклад, яшчэ ў 2022 годзе намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч выступіў на Пекінскім форуме па правах чалавека-2022, і з яго прамовы вынікала, што Беларусь не адмаўляе саму канцэпцыю правоў чалавека, але не згодна з яе «заходняй трактоўкай». І гэта квінтэсенцыя таго, як разумеюцца правы чалавека беларускім рэжымам. Яны лічаць, што могуць самі вызначаць, што такое правы чалавека. У цэлым МЗС выбраў тактыку «а ў вас...». У 2022 годзе яны падрыхтавалі даклад пра парушэнні правоў чалавека ў еўрапейскіх краінах і ЗША «Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэння правоў чалавека ў асобных краінах свету», у 2023-м працягнулі гэтую практыку. Дарэчы, на сайце МЗС ёсць асобная ўкладка «Правы чалавека» ў кантэксце Беларусі. Зыходзячы з пасажу Жука, усё МЗС — вораг дзяржавы.
Прапаганда і ўлада дадаюць усё больш прыкмет / элементаў, якія ўзмацняюць дыхатамію «свой-чужы» і маркіруюць «ворагаў». У тым ліку апрацоўваюць інфармацыйна свой электарат, замацоўваюць у заканадаўстве свае незаконныя дзеянні, фармалізуюць іх. Пры гэтым у рэжыму няма стройнай канцэпцыі таго, што павінна атрымацца ў выніку, але ёсць генеральная лінія і «маячкі», як пазнаваць «ворагаў».
— Чаму паняцці «правы чалавека» і «дзяржава» ідуць у адной звязцы? І ці можа дзяржава абмяжоўваць правы чалавека?
— Таму што дзяржава — асноўны носьбіт абавязацельстваў па правах чалавека. Яна — асноўны рэгулятар, у яе асноўныя рэсурсы, каб забяспечваць правы чалавека. Дзяржава як інстытут створана людзьмі для таго, каб ім забяспечваць камфортнае жыццё, і часткай гэтага камфорту з'яўляюцца правы чалавека.
Наогул, правы чалавека — гэта часта пошук балансу паміж інтарэсамі або двух людзей, або чалавека і грамадства. І абавязак, задача дзяржавы — гэты баланс забяспечыць. Таму, вядома, большасць правоў чалавека можа быць абмежавана.
Ёсць дзве сітуацыі, у якіх дзяржава абмяжоўвае правы чалавека: надзвычайнае становішча — асобны артыкул у абодвух Пактах 1966 года і абмежаванні ў астатніх выпадках у «мірны час». Але абмежаванні павінны адпавядаць строгім крытэрам, якія таксама — частка абавязацельстваў дзяржавы: законнасць абмежавання (гэта значыць абмежаванне павінна быць прадугледжана правам), законнасць мэты, дзеля якой абмяжоўваюць (для чаго вы абмяжоўваеце), прапарцыянальнасць і суразмернасць абмежавання гэтай мэце (чаму для гэтага патрэбны менавіта такія абмежаванні). Нельга абмежаваць ні пры якіх умовах: права на жыццё (у частцы адвольнага пазбаўлення жыцця), свабоду ад катаванняў, забарону рабства, права на справядлівы суд, а ў выпадку з надзвычайным становішчам нельга абмежаваць свабоду думкі, сумлення і рэлігіі.
«Адмена смяротнага пакарання — гэта не пра тое, што нам шкада жорсткага забойцу, гэта пра тое, што мы — людзі»
— У Беларусі зусім нядаўна быў вынесены чарговы смяротны прысуд. Смяротнае пакаранне ёсць не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША, напрыклад. Ці з'яўляецца яно складовай часткай правоў чалавека? Чаму Беларусь адмаўляецца ад магчымасці не караць смерцю?
— Кансэнсус па недапушчальнасці смяротнага пакарання пакуль ёсць толькі на еўрапейскім, рэгіянальным узроўні. На ўніверсальным узроўні яго няма. Гэта не лічыцца парушэннем права чалавека на жыццё з пункту гледжання ўніверсальнага стандарту. Таму што, нагадаю, ёсць забарона на адвольнае пазбаўленне чалавека жыцця — гэта значыць, груба кажучы, «без суда і следства».
Але дзяржавы еўрапейскага рэгіёна прыйшлі да кансэнсусу, што такое пакаранне, нават калі яно законнае, з'яўляецца негуманным, і таму для сябе вызначылі яго незаконнасць. На еўрапейскім узроўні ў многіх сферах стандарты правоў чалавека больш прасунутыя, чым на ўніверсальным. Так адбылося таму, што патрабуецца згода нашмат меншага кола дзяржаў, якія валодаюць аднолькавымі каштоўнасцямі, таму ім лягчэй дамовіцца. На ўніверсальным узроўні такога дамагчыся складаней, 193 дзяржавы (члены ААН) — і ўсе з розным культурным, эканамічным, палітычным бэкграўндам.
Беларусь і геаграфічна, і гістарычна належыць да еўрапейскай супольнасці. Але рэжым Лукашэнкі — не. Таму Беларусь пад кіраваннем гэтага рэжыму і не адмаўляецца караць смерцю.
Гэтую тэму ўлады заўсёды выкарыстоўваюць як адзін з інструментаў для маніпуляцый грамадскай думкай, у тым ліку апелююць да старога рэферэндуму 1996 года: мы ідзём за воляй народа. Пытанне ў тым, колькі засталося тых людзей, якія галасавалі? Наколькі лічбы 1996 года маюць значэнне ў сённяшняй сітуацыі?
Наогул трэба сказаць, што вырашаць пытанне аб смяротным пакаранні на рэферэндуме — дрэнная ідэя ў прынцыпе. Гэта якраз адзін з выпадкаў, калі дзяржава павінна проста прыняць рашэнне аб адмене, задаючы пэўны трэк развіцця грамадства. Таму што грамадскую думку можна падрыхтаваць, а тэмай смяротнага пакарання вельмі лёгка маніпуляваць. Гэта відаць нават на ўзроўні каментароў у сацсетках пасля апошняга прысуду. Пачынаюць ціснуць на пакуты ахвяр, жорсткасць і «крывавасць» забойцаў. Але ў першую чаргу адмена смяротнага пакарання — гэта не пра тое, што нам шкада жорсткага забойцу, гэта пра тое, што мы — людзі. І мы не хочам забіваць людзей імем дзяржавы. Адмена смяротнага пакарання — гэта найперш пра нас саміх. Калі мы выбіраем еўрапейскі шлях, адсутнасць смяротнага пакарання — частка гэтага шляху.
— Пра што журналісты забываюць згадаць, расказваючы аўдыторыі пра правы чалавека? Ці можна сказаць, што нейкія правы важнейшыя за іншыя?
— Усе правы чалавека ўзаемазалежныя. Парушэнне нейкага аднаго заўсёды будзе цягнуць шкоду для рэалізацыі іншых. Іншая справа, што наступствы парушэння аднаго права могуць быць цяжэйўымі, чым іншых.
Я думаю, што СМІ важна нагадваць пра сістэму каардынат: дзяржава як носьбіт абавязкаў і чалавек як носьбіт правоў. Людзі павінны разумець, што ў дзяржавы ёсць канкрэтнае абавязацельства: што яна павінна вам, і вы можаце гэта патрабаваць. Але ёсць і такія выпадкі, калі людзі лічаць, што правы чалавека — гэта ўсё, што ім падабаецца, і ўсё, што хочацца. Таму, калі журналісты пішуць пра правы чалавека, важна разводзіць гэтыя сітуацыі. Якая б тэма ні падагравалася грамадскай думкай, журналісту ў некаторых выпадках можа быць важна пракансультавацца з экспертам па правах чалавека, які сутнасна аддзеліць тое, што не ўваходзіць у паняцце правоў чалавека. У кожнага права чалавека ёсць дакладнае напаўненне: абавязацельствы дзяржавы, што яна павінна забяспечыць або зрабіць, якія павінна стварыць умовы для рэалізацыі правоў. Важна разумець, што дзяржава можа парушаць правы чалавека не толькі сваімі дзеяннямі (міліцыя кагосьці збіла, разагналі мітынг), але і сваёй бяздзейнасцю. Мне здаецца, на першыя выпадкі часцей звяртаюць увагу. Але, напрыклад, непрыняцце пэўнага заканадаўства або іншых мер таксама можа быць часткай парушэння правоў чалавека.
Важна разумець, што ў сітуацыях, у якіх мы не прывыклі бачыць правы чалавека, могуць быць іх парушэнні.
І гэта можа адбывацца з-за звычкі лічыць грамадзянскія і палітычныя правы больш важнымі, больш сур'ёзнымі, чым сацыяльныя і эканамічныя. Вельмі важна зразумець сутнасць сацыяльных і эканамічных правоў.
Да прыкладу, калі дзяржава не можа забяспечыць у краіне даступнасць для людзей імпартных лекаў — гэта частка парушэння права на здароўе. Калі вам у паліклініцы прызначаюць беларускі аналаг і не расказваюць, што ёсць яшчэ вось такі і такі імпартны прэпарат (які можа быць больш эфектыўным) і вы яго можаце купіць, калі хочаце, бо лекар дзейнічае па ўстаноўцы, атрыманай ад дзяржавы — гэта парушэнне права на здароўе.
Або ў сітуацыі, калі дзяржава пабудавала сістэму адукацыі так, што няма нармальнай сістэмы падрыхтоўкі настаўнікаў, калі ў педагагічныя ВНУ ідуць з самым нізкім прахадным балам, калі туды паступаюць тыя, хто не змог больш нікуды паступіць. Калі педагагічныя кадры, якія рыхтуе сістэма, не валодаюць сучаснымі методыкамі, не маюць магчымасці пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і лепшымі практыкамі — гэта ёсць парушэнне права на адукацыю. Таму што адным з элементаў гэтага права і абавязацельстваў дзяржавы па выкананні гэтага права з'яўляецца ў тым ліку і якасць кадраў, падручнікаў, праграм. Гэта значыць парушэнне права на адукацыю — гэта не толькі калі вы, дапусцім, не можаце знайсці беларускую школу, але і ў прынцыпе калі вы не можаце знайсці нармальнага настаўніка ў школе.
«Рэжым Лукашэнкі як спадчыннік савецкай сістэмы «вешае локшыну на вушы» свайму электарату адносна сацыяльнай дзяржавы»
— У СССР сацыяльныя правы былі больш прыярытэтнымі за грамадзянскія і палітычныя?
— Сапраўды, савецкае заканадаўства фармальна істотна пашырыла сацыяльныя і эканамічныя правы людзей, ды і бальшавікі да ўлады прыйшлі на сацыяльным мэсэджы. Але справа ў тым, што даць жанчыне адпачынак па доглядзе дзіцяці, права на 8-гадзінны працоўны дзень, даць магчымасць адправіць дзяцей у дзіцячы садок, ездзіць у санаторый і атрымліваць цукеркі ад прафсаюза на Новы год — гэта не азначае захаваць сацыяльныя і эканамічныя правы. То-бок гэта далёка не ўсё.
У СССР сацыяльныя правы былі не прыярытэтнымі, яны былі маніпуляцыяй у прынцыпе.
У гэтым ёсць вялікая маніпуляцыя і рэжыму Лукашэнкі, які, з'яўляючыся сэнсавым спадчыннікам савецкай сістэмы, «вешае локшыну на вушы» свайму электарату, выпінаючы сацыяльныя і эканамічныя правы як свой прыярытэт: дзяржава для народа, сацыяльная дзяржава. Але не можа быць захавання сацыяльных і эканамічных правоў без захавання грамадзянскіх і палітычных. Парушэнне адных правоў практычна заўсёды вядзе да немагчымасці карыстацца эфектыўна іншымі. Ні пры савецкай уладзе, ні пры постсавецкім рэжыме Лукашэнкі чалавек не з'яўляўся мэтай і каштоўнасцю для дзяржавы, ён проста інструмент, рэсурс. А калі чалавек не з'яўляецца мэтай, гаварыць пра захаванне сацыяльных і эканамічных правоў не даводзіцца — у разуменні міжнароднага стандарту. Савецкая сістэма і гэтак жа рэжым Лукашэнкі ўспрымаюць забеспячэнне сацыяльных і эканамічных правоў не як свой абавязак перад чалавекам, але хутчэй — як нейкі дар, карысць, якую яны чалавеку даюць. Наўзамен жа патрабуецца лаяльнасць.
Таму ні СССР, ні Беларусь не з'яўляюцца ў поўным сэнсе гэтага слова сацыяльнымі дзяржавамі. Гэта, зноў жа, да пытання пра сістэму каардынат: носьбіт абавязкаў — трымальнік правоў. Дзяржава гэтыя правы проста павінна забяспечыць, і кропка. Гэта не яе «ласка», добразычлівасць. Гэта абавязак. У беларускіх чыноўнікаў гэтага фокуса няма ў прынцыпе. Адсюль і галоўнае пытанне 2020-га ў дачыненні да пратэстоўцаў: чаго вам яшчэ не хапае?
Ці вельмі паказальна таксама ў 2020-м было, калі пайшоў мэсэдж улад: дэкрэтны адпачынак не для таго, каб хадзіць па акцыях. Вось іх разуменне сацыяльнай дзяржавы.
— Ці можна сцвярджаць, што ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі правы чалавека парушаюцца аўтаматычна?
— Захаванне правоў чалавека — гэта частка вяршэнства права. Гэта азначае, што чалавек можа абмежаваць уладу дзяржавы з дапамогай права — інстытутаў і працэдур, у тым ліку калі парушаюцца яго правы. У дзяржаве з вяршэнствам права ўлада дэперсаніфікаваная: пэўныя службовыя асобы выконваюць свае функцыі ў рамках сваіх паўнамоцтваў, інстытуты і механізмы працуюць незалежна ад таго, які ў нас прэм'ер-міністр, які ў нас прэзідэнт, з якой нагі сёння ўстаў старшыня Вярхоўнага суда, г. зн. працэдура працуе незалежна ад таго, хто якую пасаду займае. Мяняюцца ўрады і прэзідэнты, ключавое слова — «мяняюцца», а падзел улад працуе і працуе.
У аўтарытарных рэжымах не можа быць вяршэнства права, бо сама сутнасць такога рэжыму — у адсутнасці незалежных абмежавальнікаў.
Такія рэжымы ўсталёўваюцца праз ліквідацыю любых абмежавальнікаў: падзелу ўлад, незалежнасці СМІ, грамадзянскай супольнасці і іншага — для таго якраз, каб персаніфікаваць уладу.
Дарэчы, паказальныя нядаўнія словы рэктара Акадэміі пры прэзідэнце Вячаслава Даніловіча: «У нашай традыцыі — персаніфікацыя вярхоўнай улады».
Таму, вядома, так — у краіне з аўтарытарным рэжымам дакладна парушаюцца правы чалавека. Пытанне толькі ступені, формаў, масавасці і іншага.
Але тут важна сказаць, што наогул правы чалавека парушаюцца ў любой дзяржаве, нават з самай устойлівай дэмакратыяй. Пытанне ў рэакцыі дзяржавы і ў яе мэтах. Калі твая мэта — чалавек, ты робіш усё, каб выправіць сітуацыю. Калі твая мэта — захаванне ўласнай улады, ты робіш усё для гэтага, прыбіраючы са шляху ўсё, што перашкаджае, у тым ліку і ўсялякія правы чалавека.
Таму і праваабарончыя арганізацыі, і СМІ павінны мець магчымасць свабодна працаваць, каб, акрамя падзелу ўлад, ствараць дадатковую процівагу дзяржаве. Яны сігналізуюць дзяржаве, што яна ідзе не туды, накіроўваюць, дапамагаюць добрасумленна выконваць свае абавязацельствы. Праваабаронцы не звязаны ні з якой палітычнай сілай, улада не з'яўляецца іх мэтай. Іх задача — стаяць на варце захавання правоў чалавека, хто б іх ні парушаў: дзеючая ўлада, апаненты дзеючай улады, апазіцыя — павінны быць закліканы да адказу. У нармальнай карціне свету, не ў аўтарытарнай дзяржаве, задача не ўтапіць кагосьці, а дапамагчы, заклікаць быць добрасумленным у дачыненні да абавязацельстваў па правах чалавека. Але калі дзяржава не хоча ісці на кантакт і, больш за тое, не проста не абараняе правы чалавека, а спецыяльна парушае іх, дадаткова пагаршае свае парушэнні, то тады праваабарончая праца з дыялогу, які павінен быць на самой справе, ператвараецца ў супрацьстаянне. Але ў аўтарытарных рэжымах па-іншаму не атрымліваецца.