Унёсак кожнага. Ціханоўская і Макарэвіч асудзілі смяротнае пакаранне

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская і вядомы расійскі музыка беларускага паходжання Андрэй Макарэвіч выступілі супраць смяротнага пакарання. Сёння, нагадаем, адзначаецца Міжнародны дзень супраць гэта з’явы. Таксама адзначым, што лукашэнкаўская Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне. Рэжым адзначыўся нават тут.

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская асудзіла смяротнае пакаранне ў сваім тэлеграм-канале.

«З кожным годам Лукашэнка толькі павялічвае колькасць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, за якія можа прызначацца смяротнае пакаранне. Ён лічыць, што мае права вырашаць лёсы людзей, прыкрываючыся тым, што наяўнасць смяротнага пакарання нібыта стрымлівае злачыннасць. Чалавечае жыццё і права на яго — самая вялікая каштоўнасць, якая павінна паважацца ў кожнай дзяржаве. Цывілізаваны свет даўно гэта прызнаў і зафіксаваў у сваіх законах. І дэмакратычная Беларусь павінна браць з яго прыклад», — напісала палітык.

Аздначыўшы неабходнасць адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, Святлана Ціханоўская дадала: «Мы хочам бачыць Беларусь еўрапейскай краінай, дзе правы чалавека паважаюцца, а правасуддзе вяршыцца па прынцыпах справядлівасці і гуманнасці. Таму пасля дэмакратычнага транзіту ўлады падобнае пакаранне ў нашай краіне павінна знікнуць назаўжды».

Андрэй
Макарэвіч і юрыст кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў
Беларусі» Павел Левінаў. Фота
«Вясны»

Андрэй Макарэвіч і юрыст кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Павел Левінаў. Фота «Вясны»

У сваю чаргу лідар гурта «Машына часу» Андрэй Макарэвіч далучыўся да беларускіх праваабаронцаў у Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання. Пра гэта паведаміла «Вясна».

«Я ўвогуле лічу, што чалавек не мае права пазбаўляць іншага чалавека жыцця. Гэта не яго прывілей. Яны шмат на сябе бяруць. Таму я заўсёды быў супраць і супраць застаюся», — сказаў музыка.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда падкрэсліў, што важна працягваць казаць пра смяротнае пакаранне і ў сённяшнім кантэксце рэпрэсій у Беларусі. Таму падтрымка кампаніі з боку беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці вельмі важная, каб павялічыць шанцы быць пачутымі.

«Наяўнасць смяротнага пакарання ў сучаснай Беларусі — важны паказчык той сістэмы гвалту і рэпрэсій, якая існуе ў нашай краіне. Вельмі важна гаварыць і нават крычаць пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. І дзякуй усім беларусам і беларускам, якія падтрымліваюць нас, гавораць і дзейнічаюць», — сказаў праваабаронца.