Хронікі рэпрэсій за 9 кастрычніка

Сілавікі зладзілі аблаву ў Гомелі і прайшліся па мінскіх гей-барах і клубах.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1062 дні, Дзяніс — 942.

***

Сёння Рэчыцкі суд дадаў палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк яшчэ год калоніі, піша «Салідарнасць».

Раней на судзе яна заявіла пра ціск і жорсткія ўмовы.

Раніцай пракурор запатрабаваў для Паліны год калоніі — суддзя Станіслаў Іванюценка столькі ж і прызначыў.

У першы дзень суда Паліна расказвала, што за час знаходжання за кратамі яе больш за 200 дзён трымалі ў ШІЗА (штрафным ізалятары), а ў Рэчыцкім ІЧУ ёй не выдаюць пасцельную бялізну.

Тады ж Паліна згадала і яе збіццё ў зарэчанскай калоніі іншымі асуджанымі. На думку Паліны і яе родных, збіццё было арганізавана адміністрацыяй калоніі.

Гэта ўжо другі прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк паводле арт. 411 «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Раней ёй ужо дадавалі год пазбаўлення волі, той суд адбыўся ў красавіку 2022 года. Калі б не новая, другая справа па тым жа самым артыкуле, Паліна выйшла б на волю 6 жніўня 2023 года.

***

Гомельскія сілавікі паведамляюць пра чарговае затрыманне грамадзян за каментары і рэакцыі «экстрэмісцкага» зместу, а таксама за «негатыўнае меркаванне» пра расійцаў, піша «Вясна»

З відэа, якое публікуе адзін з праўладных каналаў, вынікае, што затрымана сама меней шасцёра чалавек. Прычым бачна, што некаторых затрымліваюць напасрэдна на працоўных месцах. На дзвярах аднаго з кабінетаў заўважная шыльда: «Намеснік старшыні Коцур Аляксей Міхайлавіч». Верагодна, што ўсе затрыманыя працуюць у Гомельскім аддзяленні «Таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

***

9 кастрычніка Гомельскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Жанны Волкавай. Жанчыне інкрымінуюць некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Паклёп на Лукашэнку» (ч. 1 арт. 367), «Абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368), «Прапаганда экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4), «Грубае парушэнне грамадскага парадку» (ч. 1 арт. 342), «Распальванне сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130) і «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4).

Закрыты працэс вядзе суддзя Алег Харошка.

Жанну Волкаву затрымалі 11 траўня ў гомельскай школе, куды яна прыйшла на сустрэчу з настаўніцай свайго дзіцяці. Паводле паведамленняў СМІ, падчас пратэстаў 2020 года жанчыну затрымлівалі па адміністрацыйных артыкулах. Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, у яе засталіся двое непаўналетніх дзяцей.

Паводле звестак праваабаронцаў, першапачаткова гамяльчанку затрымалі за каментар да артыкула аб гібелі супрацоўніка КДБ («справа Зэльцэра»).

***

За пратэсты 2020-га затрымалі супрацоўніка «5 элемента».

Леану Мотша, калі верыць яго старонцы ў «ВКонтакте», 37 гадоў. Мужчына жыве ў Мінску. Імаверна, мае афрыканскае паходжанне па адным з бацькоў: у чалавека з такім жа прозвішчам, які ёсць у яго сябрах у сацсетках, у якасці краіны паходжання ўказаны Бенін, краіна ў Заходняй Афрыцы, піша «Наша Ніва».

Мужчына працуе ў кампаніі ЗАТ «Патыё» — гэтая кампанія кіруе сеткай гіпермаркетаў «5 элемент».

Яго вінавацяць у тым, што ён удзельнічаў у пратэстах у 2020-м — дэманструюцца кадры, дзе ён стаіць у «ланцугу салідарнасці» ў Грушаўцы. Таксама быццам бы падчас аднаго з пратэстаў ён быў на гіраскутары.

***

На выходных 7-8 кастрычніка ў Мінску сілавікі затрымлівалі на некаторы час наведвальнікаў гей-клубаў і бараў.

Як паведамляюць відавочцы Gpress.info, «у многіх месцах былі аблавы».

У наведвальнікаў правяралі змесціва кішэняў і торбаў на прадмет забароненых рэчываў. Супрацоўнікі міліцыі былі са службовым сабакам.

Акрамя таго, паводле сведчанняў прысутных, сілавікі «бегла агледзелі свежыя перапіскі ў Тэлеграме і галерэю тэлефонаў».

Звестак пра дастаўленне наведвальнікаў гей-клубаў і бараў у РУУС пакуль не паступала.

***

«Саюз маці Беларусі» паводле рашэння КДБ прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».

У рашэнні пазначаны імёны і прозвішчы людзей, нібыта датычных да стварэння ініцыятывы. Гэта Святлана Анцілеўская, Вольга Здановіч, Таісія Якавянкова (Ліфанава), Наталля Аляксінская, Таццяна Таранава.

На сайце ініцыятывы сказана, што яна была створана 24 лютага 2022 года «не дзеля славы і грошай, не дзеля забавы, а толькі таму, што чыноўнікі пачалі гаварыць ад нашага імя, што мы, маці, падтрымліваем іх рашэнне пачаць гэтую братазабойчую вайну», паведамляе «Медыязона».

На сайце пазначана, што сябры ініцыятывы стварылі чаты ў сацыяльных сетках і месенджарах, раздавалі антываенныя ўлёткі, складалі петыцыі, збіралі подпісы, «тэлефанавалі тысячам жонак і маці вайскоўцаў у Беларусі, каб папярэдзіць іх пра бяду, якая насоўваецца».

На тэлеграм-канал ініцыятывы падпісана больш за шэсць тысяч чалавек, на профіль у Instagram — амаль дзве тысячы.

***

Праваабаронцы падрыхтавалі статыстыку затрыманняў і агляд самых дзіўных спраў, якія былі заведзеныя сілавікамі на беларусаў у верасні. Паводле звестак «Вясны», вядома пра 386 выпадкаў пераследу паводле адміністрацыйных спраў. У судах разглядзелі мінімум 339 палітычна матываваных спраў, з якіх было прызначана не менш за 79 арыштаў і 46 штрафаў.

***

Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 238 дзён, Максіма Знака — 243 дні, Мікалая Статкевіча — 239 дзён, Ігара Лосіка — 233 дні, Сяргея Ціханоўскага — 217 дзён, Віктара Бабарыку — 166 дзён, Уладзіміра Гундара — 66 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1481 палітычны зняволены. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1703 чалавекі. Сярод іх — 185 жанчын і 7 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.