Вераснёўская статыстыка: за што затрымлівалі і судзілі беларусаў

Праваабаронцы падрыхтавалі агляд самых дзіўных спраў, якія былі заведзеныя сілавікамі на беларусаў у верасні.

Беларусаў затрымліваюць за «пікетаванне БЧБ-сімволікай». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусаў затрымліваюць за «пікетаванне БЧБ-сімволікай». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У мінулым месяцы сілавікі працягвалі пераследаваць беларусаў, якія пратэстуюць супраць дзеянняў улады або проста чытаюць незалежныя СМІ. Па ўсёй краіне больш за тры гады штодзённа затрымліваюць дзясяткі людзей, ладзяць у кватэрах ператрусы, збіваюць і змяшчаюць іх у ізалятары з жудаснымі ўмовамі. У верасні праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра 386 выпадкаў пераследу паводле адміністрацыйных спраў. У судах разглядзелі мінімум 339 палітычна матываваных спраў, з якіх было прызначана не менш за 79 арыштаў і 46 штрафаў. «Вясна назірае» склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў верасні.

Зваршчыка з Сянно аштрафавалі за «Пагоню» на вокладцы пашпарта 

Паводле матэрыялаў справы, мужчына паказаў міліцыянтам у будынку Сеннецкага РАУСа свой пашпарт, на якім была вокладка з гербам «Пагоня». Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Сваю віну мужчына не прызнаў.

Суд прызначыў яму штраф памерам 60 базавых велічынь (2 220 рублёў).

Адправілі за краты за татуіроўку з «Пагоняй»

Суд Бярэзінскага раёна 12 верасня прысудзіў 15 сутак арышту мужчыну, які працуе грузчыкам. Яго абвінавацілі ў тым, што ён «агаліў і дэманстраваў татуіроўку ў выглядзе герба "Пагоня" на галёнцы правай нагі». Пры гэтым мужчына проста знаходзіўся на вуліцы ў шортах.

«Суткі» за кепку з БЧБ-сімволікай

У Гарадку 4 верасня над мясцовым жыхаром адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП — мужчыну затрымалі на вуліцы за «пікет» кепкай з «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі палосамі.

Віну на судзе ён не прызнаў, бо не лічыць гэта пікетаваннем і не меў мэты выказваць такім чынам сваё меркаванне наконт палітычнай сітуацыі ў краіне.

Вынікам стаў арышт на двое сутак, а кепку суд пастанавіў пакінуць пры матэрыялах справы.


Глядзіце таксама

Арышт за лозунг «Жыве Беларусь»

Лідчаніна 5 верасня асудзілі за лозунг «Жыве Беларусь», які ён нібыта выкрыкнуў у стане алкагольнага ап'янення каля мясцовага Дома культуры. Да суду мужчына знаходзіўся на волі, а на суд прыйшоў па позве.

Вынік суду — 15 сутак.

Суды над затрыманымі ў памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці

На пачатку верасня праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што ў памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці адбылася «зачыстка». Затрыманні прайшлі ў Брагіне, Лоеве, Камарыне і Хойніках.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Брагіне 1 верасня ў судзе разгледзелі не менш за восем адміністрацыйных спраў, вынікі якіх высвятляюцца. Усіх затрыманых судзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») — пасля праверкі тэлефонаў у іх знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія каналы».

У Лоеве з 5 па 8 верасня асудзілі пяць чалавек за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы». Чатырох чалавек аштрафавалі на 10 базавых велічынь (370 рублёў), яшчэ аднаго чалавека — на 15 базавых велічынь (555 рублёў).

Масавыя арышты ў Наваполацку за «экстрэмізм»

У Наваполацку 6 верасня адбыліся масавыя затрыманні. Ужо на наступны дзень у Наваполацкім судзе разгледзелі адміністрацыйныя справы адразу дзевяцярых мясцовых жыхароў, васьмярых з якіх адправілі за краты. Іх прызналі вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП.

Падставай для адміністрацыйных пратаколаў сталі падпіскі ў сацсетках на «экстрэмісцкія каналы», у тым ліку «Люстэрка», «Еўрарадыё», «Рабочы Рух», а таксама за спасылку на «Трыбуну» ў «Твітары».

У выніку суддзя Зінаіда Балаболава прызнала ўсіх вінаватымі і арыштавала васьмярых чалавек на 15 сутак, а яшчэ адну жанчыну аштрафавала на 30 базавых велічынь (1 110 рублёў).

Жыхара Баранавічаў арыштавалі за падпіску на канал Палка Каліноўскага

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 15 верасня асудзіў мясцовага жыхара за «захоўванне з мэтай распаўсюду» відэа ў Фэйсбуку з лагатыпам Палка Кастуся Каліноўскага, які цяпер ваюе ва Украіне. Вінаватым сябе мужчына на судзе прызнаў.

Вынікам стаў 10-сутачны арышт.


Глядзіце таксама

«Суткі» за «пікетаванне» ў сацсетках фотаздымкам у цішотцы

У Глыбокім на пачатку верасня асудзілі мужчыну за «пікетаванне» ў «ВКонтакте». Супраць яго склалі пратакол за публікацыю на яго старонцы з выявай цішоткі чорнага колеру з надпісам «Беларусь», бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня», а таксама за яго фота ў белай цішотцы з выявай «Пагоні».

Суд арыштаваў мужчыну на 10 сутак.

«Зрабіў спрыяльны падвышэнню рэйтынгу "лайк" пад відэа на інфармацыйным канале "Белсат"»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 20 верасня разглядалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Брэстаўчаніна абвінавацілі ў падпісках на «экстрэмісцкія каналы», а таксама ў тым, што ён на YouTube паставіў «лайк» пад відэа на канале «Белсата». Паводле судовай пастановы, зрабіў ён гэта, каб «паспрыяць падвышэнню рэйтынгу».

Вынік — 10 сутак арышту.

Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова асудзілі чацвёрты раз запар — ён правёў за кратамі ўжо 45 сутак

Міхаіла Лапунова тройчы абвінавачвалі па ч. 1 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

22 верасня, напярэдадні выхаду пасля адбыцця трэцяга адміністрацыйнага арышту запар, у судзе Цэнтральнага раёна суддзя Сяргей Кармановіч разгледзеў яшчэ адну адміністрацыйную справу, заведзеную ў дачыненні да Міхаіла. Зноў ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і чацвёрты раз адпраўлены за краты, піша «Гомельская Вясна».

Сын Міхаіла – Мікіта – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

У Наваполацку за чатыры падпіскі ў Facebook на 15 сутак арыштавалі фельчара

Як стала вядома «Віцебскай Вясне», 14 верасня суд Наваполацка асудзіў да 15 сутак фельчара-лабаранта мікрабіялагічнай лабараторыі ДУ «Наваполацкі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Генадзя Вазьміцеля. Яго абвінавацілі ў «захоўванні з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Такое рашэнне вынесла суддзя Зінаіда Балаболава.

Згодна з пратаколам, Генадзь у сацыяльнай сетцы Facebook у раздзеле «Падпіскі» захоўваў інфармацыю суполак «экстрэмісцкага характару»: «Чай з малінавым варэннем», «charter97.оrg», «Фонд салідарнасці BYSOL/Belarus solidarity foundation» і «Тактычная група Беларусь». Яны ўсе прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


Глядзіце таксама

«Намаляваў сцяг, які на той момант быў дзяржаўным». Мужчыну з Рагачоўскага раёна аштрафавалі за БЧБ-сцяг, намаляваны на плоце 30 гадоў таму

У судзе Рагачоўскага раёна 6 верасня адбыўся суд над жыхаром аграгарадка Лучын Рагачоўскага раёна. Яго абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» (арт. 24.23 КаАП) бел-чырвона-белым сцягам на плоце каля яго дома.

На судзе мужчына растлумачыў, што «калі купіў дом і ўладкоўваў яго, то з мэтай упрыгожання намаляваў на плоце сцяг, які на той момант быў дзяржаўным». Пазней за гэтыя 30 гадоў ён некалькі разоў падфарбоўваў сцяг, апошні раз — каля 5-6 гадоў таму.

У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым і аштрафаваў яго на 740 рублёў (20 базавых велічынь).

«Забяспечыў доступ міліцыянта да "экстрэмісцкіх матэрыялаў", тым самым распаўсюдзіў іх». Мужчыну арыштавалі за аплікацыю «Zerkalo»

У судзе Бярэзінскага раёна 11 верасня асудзілі мужчыну паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Паводле матэрыялаў справы, у яго тэлефоне міліцыянты знайшлі аплікацыю «Новости Беларуси — Zerkalo.io».

На судзе ён прызнаў віну і патлумачыў, што набыў тэлефон за месяц да затрымання з ужо ўсталяванай аплікацыяй, але не выдаліў яе.

Суд адзначыў, што забароненую інфармацыйную прадукцыю мужчына захоўваў менавіта для распаўсюду, што пацвярджаецца «ў тым ліку тым, што ён забяспечыў доступ супрацоўніка міліцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў гэту прадукцыю».

Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.

За што яшчэ ў верасні затрымлівалі беларусаў і беларусак, чытайце на «Вясне».