Аблавы на заводах: як сілавікі ладзяць зачысткі на прадпрыемствах
Калі няма каго стала лавіць на вуліцах, сілавікі выйшлі на паляванне — палітычныя затрыманні працягваюцца ва ўніверсітэтах, дзяржаўных арганізацыях, прыватных кампаніях. Не мінаюць яны і прадпрыемствы, хоць менавіта «рабацяг» рэжым раней стараўся не злаваць. «Еўрарадыё» паглядзела, на якіх прадпрыемствах з пачатку гэтага года ладзіліся аблавы.
Гомельскія зачысткі
Калі меркаваць па паведамленнях праваабаронцаў і саміх сілавікоў, асабліва часта аблавы на працоўных месцах практыкуюць у Гомельскай вобласці. Асноўнай мэтай там быў завод ЗЛіН. У сакавіку там прайшла аблава, у выніку якой затрымалі як мінімум 14 чалавек. Прычына — «экстрэмісцкія» падпіскі і «няправільныя» каментары.
Але на гэтым не скончылася: затрыманні на заводзе былі і ў наступныя месяцы. Мяркуючы з усяго, ідэалагічна прадпрыемства «небяспечнае», і таму ў жніўні ідэолагі праводзілі там лекцыі пра шкоду «экстрэмізму».
Згаданы ЗЛіН уваходзіць у холдынг «Гомсельмаш». Як і ўласціва для галаўной арганізацыі, там ідуць далей: у сакавіку ў сацсетках прадпрыемства з'явіліся відэа з допытаў супрацоўнікаў, дзе тыя прызнаваліся ў нелаяльнасці. На некаторых былі сляды збіцця. Начальніка аднаго з цэхаў і наогул асудзілі за «дзяржздраду».
Зазірала палітычная паліцыя і ў «Гомельтранснафту» — прадпрыемства-аператар нафтаправода. За раз затрымалі як мінімум чатыры чалавекі.
У Мазыры ў сярэдзіне верасня затрымалі некалькіх супрацоўнікаў мясцовага нафтаперапрацоўчага завода. Падстава — на сумесных пагулянках выгукалі «Слава Украіне!».
Увесну масавыя затрыманні прайшлі на прадпрыемствах Рэчыцы, але канкрэтыка невядомая.
Шклозаводы, «Атлант», хлебазаводы
У пачатку верасня сілавікі зладзілі рэйд па прадпрыемствах Ліды. Вядома пра затрыманні на «Лакафарбе» і «Лідахлебпрадукце». Падстава — падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Некаторым давалі штрафы, іншым — суткі арышту.
Як паведамляў Belpol, сілавікам актыўна дапамагала кіраўніцтва «Лакафарбы»: «Кіраўніцтва выклікала 15 работнікаў і паведаміла, што ім трэба прыняць удзел у нарадзе ў выканкаме. Людзей пасадзілі ў аўтобус, які выдзеліла адміністрацыя, але адвезлі іх не да чыноўнікаў, а да сілавікоў».
Сярод прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці зачыстка праходзіла на Навагрудскім заводзе газавай апаратуры. Аблава была і на бярозаўскім шклозаводзе «Нёман».
На Берасцейшчыне сілавікі асабліва цікавіліся баранавіцкім філіялам «Атланта» — станкабудаўнічага завода. Прычынай цікавасці стала фатаграфія ад 14 жніўня 2020-га, на якой работнікі прадпрыемства падтрымалі пратэст. Абмежавалася ці ўсё толькі «спісачнымі» звальненнямі, ці былі яшчэ і затрыманні, невядома.
У Віцебскай вобласці сапраўдная аблава адбывалася ў Новалукомлі — на мясцовай ГРЭС. За пратэсты і «няправільныя» падпіскі звольнілі дзясяткі чалавек, як мінімум сямёра былі затрыманыя.
Паведамлялася і пра «рэйд» на наваполацкім «Паліміры», дзе ў першую палову верасня проста на працоўных месцах затрымалі каля дзесяці чалавек. Прычым гэта ўжо другая такая акцыя сілавікоў: на гэта ж прадпрыемства яны прыходзілі вясной, тады таксама былі затрыманні.
Мінскія буйныя прадпрыемствы і ў папярэднія гады перанеслі не адну хвалю звальненняў і затрыманняў. Але як мінімум на «Белгіпразем», які займаецца праектнымі дакументацыямі, у жніўні сілавікі напалі знянацку. Затрымалі каля дзесяці чалавек.
Дык за што і каго затрымліваюць?
Адмысловыя «прафілактычныя мерапрыемствы» сілавікі ладзяць, зразумела, не толькі на заводах і прадпрыемствах, але наогул усюды, куды ў іх дацягваюцца рукі: у гандлі, адукацыі, IT і далей па спісе.
Часцей за ўсё сцэнар такі: калі ў сілавікоў няма падрыхтаваных загадзя спісаў для дэманстратыўнага затрымання на працоўным месцы (часта — нават калі такі ёсць) яны правяраюць мабільныя тэлефоны людзей на працоўных месцах. Калі там знаходзяць (у тым ліку ў архівах) нешта «экстрэмісцкае» — затрымліваюць. Асабліва пільна правяраюць тэлеграм і ютуб, але часам і іншыя сацсеткі, а таксама гісторыю браўзера.
Таксама часам пасля праверак на смартфоны ўсталёўваюць
праграму «Магніт» — беларускае ноу-хау, якое дазваляе сілавікам цікаваць за
актыўнасцю ў сацсетках, інтэрнэце і падчас размоваў.